https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Спынена пастаўка расійскай электраэнергіі ў Беларусь


Расійскае ААТ "Інтэр РАО ЕЭС" у поўнач 29 чэрвеня спыніла экспарт электраэнергіі ў Беларусь. Прычына — адсутнасць чарговага плацяжу ў памеры 600 млн. рублёў (21,3 млн. долараў ЗША) для пагашэння запазычанасці.
"На 22.00 аўторка плацеж не паступіў. Мы пацвярджаем, што ў 00.00 29 чэрвеня часова поўнасцю абмяжоўваем пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь. Чакаем паступлення плацяжу ў найбліжэйшыя дні", — прыводзіць РІА Новости словы прадстаўніка кампаніі.

Урад Расіі чакае, што Мінск пагасіць запазычанасць за спажытую электраэнергію ў найбліжэйшы час і яе пастаўкі ў краіну будуць ажыццяўляцца ў нармальным рэжыме, заявіў журналістам у Маскве 28 чэрвеня віцэ-прэм`ер РФ Ігар Сечын. Ён адзначыў, што доўг Беларусі за пастаўкі электраэнергіі ў сакавіку—маі складае каля 1,2 млрд. расійскіх рублёў і за чэрвень можа вырасці яшчэ на 400 млн.

Сечын таксама паведаміў, што па стане на 24 чэрвеня Беларусь пералічыла кампаніі "Інтэр РАО ЕЭС" каля 8 млн. рублёў, ці 1,3% ад наяўнага доўгу.

Віцэ-прэм`ер падкрэсліў: абмежаванне паставак электраэнергіі ў Беларусь не мае палітычнай падаплёкі — размова ідзе пра ўзаемадзеянне энергетычных кампаній. Гэта "абсалютна рыначныя працэсы: электраэнергія павінна быць аплачаная", заявіў Сечын.

Ён адзначыў, што абмежаванне паставак электраэнергіі ў Беларусь не паўплывае на энергабяспеку Калінінградскай вобласці РФ і не адаб`ецца на энергазабеспячэнні беларускіх спажыўцоў.

Праблемы з пастаўкамі ўзніклі з-за крызісу на валютным рынку. Прадпрыемства "Белэнерга" сутыкнулася з праблемай канвертацыі валюты.

9 чэрвеня кампанія "Інтэр РАО" абмежавала пастаўкі з-за наяўнасці запазычанасці. Першапачаткова поўнае спыненне паставак у выпадку непагашэння доўгу планавалася на 22 чэрвеня, аднак затым было прынятае рашэнне перанесці яго на 27 чэрвеня.

Па выніках перамоў быў складзены і падпісаны графік плацяжоў, згодна з якім Мінск абавязаўся пагасіць запазычанасць за расійскую электраэнергію да 5 ліпеня. 13 чэрвеня пастаўкі ў Беларусь былі поўнасцю адноўленыя, а 15-га "Белэнерга" пералічыла першы транш плацяжу па запазычанасці ў памеры 600 млн. расійскіх рублёў — доўг за сакавік.

23 чэрвеня прэм`ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч падчас візіту ў Санкт-Пецярбург заявіў, што Беларусь цалкам разлічыцца за пастаўленую электраэнергію да 28 чэрвеня. Паводле яго слоў, у Беларусі дастаткова магутнасцяў, каб забяспечыць унутраны рынак у электраэнергіі поўнасцю, "нават з лішкам", аднак некаторыя энергетычныя магутнасці "не вельмі эфектыўныя".

Грошы, аднак, у Маскву не паступілі дагэтуль.

Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі сітуацыю не каментуюць.

Доля расійскай электраэнергіі складае 12% у балансе сутачнага энергаспажывання краіны. Электраэнергія, што выпрацоўваецца ў Беларусі, даражэйшая за імпартаваную з Расіі, бо для яе вытворчасці практычна паўсюдна выкарыстоўваецца прыродны газ, што закупляецца ў РФ.

У 2011 годзе Беларусь мае намер імпартаваць з Расіі 3 млрд. кВт/гадз электраэнергіі па кантракце з "Інтэр РАО".

БелаПАН
Мінск, 29 чэрвеня 2011
 
Дата публикации:29.06.2011
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:2723
 
Ключевые слова:
Союзное государство Электроэнергия Кризис в Беларуси Валюта
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме