https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Дзяржрэгуляванне цэн можа мець адваротны эфект, папярэджваюць эксперты


Рашэнне ўрада пашырыць спіс сацыяльна значных тавараў, на якія часова ўводзіцца рэгуляванне цэн, прывядзе да іх росту. Такую думку ў інтэрв`ю выказаў кіраўнік Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін.
Нагадаем, дадатковы пералік тавараў, што падлягаюць дзяржрэгуляванню, зацверджаны Саветам міністраў 28 мая. Гэта зроблена пасля патрабавання кіраўніка дзяржавы спыніць рост цэн, якое Аляксандр Лукашэнка вылучыў на нарадзе 27 мая.

У адпаведнасці з пастановай Саўміна № 676 у дадатковы пералік увайшлі асноўныя спажывецкія тавары, што вызначаюць жыццёвы ўзровень насельніцтва: рыба жывая, рыба свежамарожаная (апрача далікатэсных), селядзец салёны, сыры з каровінага малака цвёрдыя і мяккія, ячныя, аўсяная крупы, аўсяныя шматкі без смакавых і іншых дабавак, свежыя агуркі, памідоры, яблыкі, бананы, лімоны, апельсіны, кава, гарбата, павараная харчовая соль (апрача харчовай марской солі), субпрадукты з ялавічыны і свініны першай і другой катэгорый, з мяса курэй і куранят, вараныя каўбасы, сасіскі, крывяныя і ліверныя каўбасы, сінтэтычныя мыйныя сродкі.

Апрача таго, цэны (тарыфы) на сацыяльна значныя тавары (работы, паслугі), вызначаныя пастановай Саўміна ад 14 красавіка 2011 года № 495, не могуць павышацца да 1 ліпеня гэтага года.

Мінэканомікі 28 мая прыняло пастанову "Аб гандлёвых надбаўках на сацыяльна значныя тавары, цэны на якія могуць рэгулявацца Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь на працягу тэрміну не больш як 90 дзён".

Дакумент устанаўлівае гранічныя максімальныя гандлёвыя надбаўкі (з улікам аптовай надбаўкі) да адпускных цэн арганізацый-вытворцаў або цэн, сфарміраваных юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія закупілі тавар за межамі Беларусі, на сацыяльна значныя тавары, цэны на якія могуць рэгулявацца Міністэрствам эканомікі.

Пастанову ўрада Балыкін назваў "абсалютна не рыначным рашэннем, якое не дасць нічога добрага ні для насельніцтва, ні для бізнесу".

"Гандлёвым арганізацыям пры абмежаванні гандлёвых надбавак больш выгадна прадаваць больш дарагі тавар. Яго цану можна накруціць, прапусціўшы праз ланцужок легальных і нелегальных пасрэднікаў. У адказ дзяржава можа ўвесці нейкія санкцыі, але рызыкі штрафных санкцый зноў жа будуць закладзены ў цану тавару", — заўважыў эксперт.

Рашэнне ўрада таксама можа прывесці да дэфіцыту тавараў, а "дзе дэфіцыт — там чорны рынак, карупцыя", падкрэсліў Балыкін.

Апрача таго, зазначыў ён, "такія меры палохаюць замежных і айчынных інвестараў". "Дзяржава, з аднаго боку, абвяшчае лібералізацыю, а з іншага — сваімі дзеяннямі ўсіх палохае. Яна, як толькі з`яўляюцца праблемы, бярэ ў рукі дубінку і пачынае біць ёю па галовах", — сказаў эксперт.

Лепшы рэгулятар цэн — гэта нябачная рука рынку, пра якую казаў яшчэ Адам Сміт, — падкрэсліў Балыкін. — Дзяржаве для таго, каб сапраўды знізіць цэны, неабходна праводзіць правільную макраэканамічную палітыку і не надзімаць эканоміку пустымі грашамі, усяляк умацоўваць давер да нацыянальнай валюты. Тады насельніцтва не будзе імкнуцца пазбаўляцца ад грошай, укладваючы зарплату ў тавары".

У Інстытуце эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук адмовіліся каментаваць пастанову ўрада, спаслаўшыся на нейкую забарону.

31 траўня 2011
БелаПАН
 
Дата публикации:31.05.2011
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:2846
 
Ключевые слова:
Валютный кризис в Беларуси Финансы Регулирование цен Импорт
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме