https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


«Масква чакае, пакуль кліент дасьпее»


Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў узяў удзел у пасяджэньні ў Менску Рады міністраў замежных спраў краінаў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ). Зь міністрамі сустрэўся Аляксандар Лукашэнка, які цяпер кіруе Радай. Асобнай сустрэчы Лукашэнкі з Сяргеем Лаўровым не было.
Па выніках візыту ў Менск Сяргей Лаўроў заявіў журналістам, што Расея не плянуе санкцый супраць Беларусі. Маўляў, адносна правоў чалавека Расея ніколі не займала пазыцыі, аналягічнай Эўразьвязу. А заклікала толькі выконваць міжнародныя абавязаньні. Пры гэтым Расея працягвае нэгатыўна ставіцца да таго, што ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў Беларусі прыгавораныя да тых ці іншых тэрмінаў. Лаўроў таксама працытаваў Лукашэнку, які заявіў, што спробы Захаду разьвярнуць яго на шкоду Расеі асуджаныя на правал.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначае, што беларускае кіраўніцтва пасьля 19 сьнежня само спаліла масты на Захад.

«Валяцца беларускія фінансы, валіцца беларуская эканоміка, тэрмінова патрэбныя грошы, а прасіць, апроч як у Расеі, больш няма ў каго. Беларускае кіраўніцтва само пасьля 19 сьнежня зрабіла ўсё, каб спаліць масты на Захад. Апроч як з Расеяй, няма з кім весьці перамовы наконт грошай».

Падчас візыту не адбылося асобнай сустрэчы кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі зь Сяргеем Лаўровым. Кіраўнік прэзыдэнцкай прэс-службы Павал Лёгкі паведаміў «Свабодзе», што яна не плянавалася:

«Не, гэтая сустрэча не плянавалася. Кантакты адбываліся ў рамках сустрэчы нашага прэзыдэнта з кіраўнікамі дэлегацый міністэрстваў замежных спраў краін-удзельніц АДКБ».

Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка ў Астане зьедліва выказаўся на адрас Сяргея Лаўрова, зь якога ён, маўляў, толькі сьмяецца, калі чуе ягоныя разважаньні пра парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. У мэдыях адзначаецца. што гэта магло паўплываць на тое, што сустрэча сам на сам не адбылася. Спадар Лёгкі сказаў:
Калі людзі самі сабе так прыдумалі, што абавязкова павінна быць такая сустрэча і на гэты конт перажываюць, то мне застаецца ім толькі паспачуваць.

«А хто вырашыў, што абавязкова павінна быць двухбаковая сустрэча? Калі людзі самі сабе так прыдумалі, што абавязкова павінна быць такая сустрэча і на гэты конт перажываюць, то мне застаецца ім толькі паспачуваць. Тое, пра што хацелі перагаварыць кіраўнік краіны з Лаўровым, спакойна перагаварылі падчас гэтага мерапрыемства».

У амбасадзе Расеі сытуацыю не камэнтуюць.Там паведамілі, што Сяргей Лаўроў вылецеў зь Менску літаральна ў першай палове дня.

Візыт міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова адбываўся перад пасяджэньнем 4 чэрвеня ў Кіеве Рады антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, дзе будзе вырашацца пытаньне аб выдзяленьні афіцыйнаму Менску стабілізацыйнага крэдыту. Там усё будзе залежаць найперш ад пазыцыі Расеі.

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі адзначае няпэўнасьць у цяперашніх дачыненьнях паміж Менскам і Масквой.

«Некалькі дзён таму беларускі афіцыйны лідэр выказаўся даволі рэзка з нагоды жаданьня маскоўскага кіраўніцтва даць крэдыт менавіта на ўмовах даволі шырокай прыватызацыі беларускай уласнасьці. І на гэтым ня вельмі спрыяльным тле Лукашэнку з Лаўровым не было пра што гаварыць. Бо Масква абмалявала даволі выразныя ўмовы, і цяпер пазыцыя такая: ня хочаце, дык ня трэба. Лаўроў зь нейкай місіяй мог бы прыбыць, калі б была пэўнасьць. Маскве няма куды сьпяшацца. Яна будзе чакаць, пакуль кліент дасьпее».

31.05.2011
Алесь Дашчынскі
Радыё Свабода 
 
Дата публикации:31.05.2011
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:3232
 
Ключевые слова:
Беларусь-Россия Евросоюз Валютный кризис в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме