https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Пра зарплаты, пенсіі і знешні доўг - Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам першага віцэ-прэм`ера і міністра фінансаў


Прэзідэнт Беларусі прыняў 25-га жніўня з дакладам першага намесніка прэм`ер-міністра Мікалая Снапкова і міністра фінансаў Юрыя Селіверстава.
"Размова пойдзе аб выкананні дзяржаўнага бюджэту, мясцовых бюджэтаў, - адразу абазначыў мэту сустрэчы Прэзідэнт. - Пры гэтым хачу вашу ўвагу звярнуць на тое, каб вы перш за ўсё адказалі мне на пытанне наконт уплыву бюджэту на фарміраванне заработнай платы. Мы дамовіліся, што ў бюджэтнікаў яна павінна быць 80 працэнтаў ад сярэдняй зарплаты па краіне. Зразумела, бюджэт істотна ўплывае і на пенсіі нашых людзей. Вось пенсіі - гэта святое".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўзровень пенсій павінен складаць 40 працэнтаў ад сярэдняй зарплаты, чаго б гэта ні каштавала.

"Ветэраны аказаліся нашымі самымі стойкімі і надзейнымі людзьмі, фактычна апорай нашай дзяржаўнасці ў гэты няпросты перыяд. Ні ў якім разе іх нельга пакрыўдзіць. Калі мы іх пакрыўдзім - значыць, мы проста не ўлада і не дзяржава", - заявіў ён.

Яшчэ адной тэмай сустрэчы ў Палацы Незалежнасці стала выкананне абавязацельстваў дзяржавы па выплаце знешняга доўгу.

"Як ідуць тут справы? Калі яго трэба дзесьці рэфінансаваць, значыць, нам трэба падумаць, па якіх напрамках разгортваць гэту работу. Калі мы не будзем рэфінансаваць, самі справімся, значыць, вы мне павінны далажыць, якім чынам. Вядома, час няпросты. Мы вельмі вялікія грошы кінулі на лячэнне людзей ад каранавіруса, плюс яшчэ напружылі эканамічную абстаноўку гэтыя хаджэнні па вуліцах, так званыя акцыі, мітынгі - ніхто ж грошы з іх не лічыць. Але мы ўжо бачым страт на 500 млн, а колькі будзе ўскосных страт - пытанне", - заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся паступленнямі даходаў у бюджэт, якім прагназуецца яго дэфіцыт у сувязі з эканамічным спадам не толькі ў Беларусі, але і ў партнёраў, на гандлёвыя адносіны з якімі паўплывала закрыццё рынкаў. "Што адбываецца на знешніх рынках, як функцыянуе эканоміка і па якіх артыкулах бюджэту мы нешта недаатрымліваем?" - абазначыў яшчэ некалькі пытанняў Прэзідэнт.

Як паведаміў у пачатку жніўня журналістам міністр фінансаў Юрый Селіверстаў, бюджэт Беларусі ў гэтым годзе можа недаатрымаць амаль Br4 млрд з-за сітуацыі з нафтай і запаволення эканамічнага росту на фоне пандэміі.

Планавы дэфіцыт бюджэту быў павялічаны з першапачатковых Br900 млн да Br2,1 млрд. Па выніках гэтага года ён можа скласці да Br5 млрд. Пры гэтым міністр падкрэсліў, што тут няма нічога незвычайнага, у ім адлюстравана рэструктурызацыя запазычанасці камбінатаў хлебапрадуктаў на суму амаль Br1,3 млрд. Як растлумачыў Юрый Селіверстаў, у Мінфіна ёсць астаткі ў беларускіх рублях, накопленыя за папярэднія прафіцытныя гады, ва ўмовах выпадання даходаў яны будуць прыцягвацца для выканання ўсіх абавязацельстваў.

Па выніках студзеня-ліпеня дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту склаў Br1,4 млрд. Даходы склаліся на ўзроўні Br12,8 млрд, расходы - Br14,2 млрд. Паступленне даходаў ніжэйшае за мінулагодні ўзровень на Br1,5 млрд. У запланаваных аб`ёмах паступаюць акцызы (Br1,7 млрд), ПДВ (Br5,8 млрд), вывазныя мытныя пошліны на калійныя ўгнаенні (Br883 млн).

Не паступаюць у запланаваных аб`ёмах вывазныя мытныя пошліны на нафту і нафтапрадукты (Br175 млн, або 13 працэнтаў ад плана), падатак на прыбытак (Br260 млн, або каля 18 працэнтаў), а таксама дывідэнды (Br216 млн, або амаль 21 працэнт ад плана). Запаволенне эканамічнай актыўнасці паўплывала непасрэдна на аб`ём паступленняў дывідэндаў і падатку на прыбытак, растлумачыў міністр.

25 жніўня 2020, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:25.08.2020
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:319
 
Ключевые слова:
Госдолг Пенсии Зарплаты Коронавирус Пандемия ВВП Финансы
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме