Злучаныя Штаты Амерыкі разлічваюць у будучым пастаўляць газ у Беларусь праз Клайпедскі тэрмінал звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ).
"Я хацеў бы, каб звадкаваны прыродны газ, што пастаўляецца ЗША праз Клайпеду, выйшаў на літоўскі рынак і, магчыма, у Беларусь", - сказаў пасол ЗША.
Роберт Гілкрыст заявіў, што ён абмяркоўваў гэта пытанне з прадстаўнікамі Дзярждэпартамента ЗША ў Вашынгтоне і плануе абмеркаваць яго на сустрэчах з урадам Літвы.
На пытанне аб тым, ці вядуцца цяпер канкрэтныя перагаворы аб пастаўках газу ў Беларусь, пасол ЗША сказаў, што ідэя адносна новая, але ёсць надзея на вынік.
"Сакратар (Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа) пабываў там паўтары тыдні таму. Таму я думаю, што ўсё гэта яшчэ адносна новае, але я ўжо ведаю, што ЗША зацікаўлены ў гэтым і што аб гэтым будзе сказана на пасяджэннях урада ў бліжэйшыя дні", - сказаў Роберт Гілкрыст.
У сваю чаргу міністр энергетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас у каментарыі BNS заявіў, што Беларусь магла б купляць газ праз Клайпедскі тэрмінал, а затым выкарыстоўваць схему абмену. "Літва неаднаразова заяўляла, што гатова дапамагчы Беларусі ў дыверсіфікацыі сваіх крыніц энергіі", - сказаў міністр.
"Беларусь ужо можа атрымаць выгаду з Клайпедскага тэрмінала ЗПГ і газавай інфраструктуры Літвы, скарыстаўшыся камерцыйнымі магчымасцямі абмену і купляй газу праз Клайпедскі тэрмінал ЗПГ", - дадаў Жыгімантас Вайчунас.
Паводле слоў міністра, яшчэ больш магчымасцей для імпарту газу ў Беларусь адкрыецца з пачатку 2022 года, калі пачне дзейнічаць літоўска-польскі газаправод GIPL. "Гэта будзе яшчэ адзін альтэрнатыўны газавы маршрут для Беларусі. Тым больш што рынкі Балтыі зліваюцца з еўрапейскім рынкам, і стане магчымым прыцягнуць больш значных пастаўшчыкоў газу, што ў сваю чаргу ўзмоцніць канкурэнцыю і забяспечыць больш выгадныя цэны на газ", - сказаў Жыгімантас Вайчунас.
Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа наведаў Беларусь 1 лютага. Пасля перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам ён заявіў, што ЗША гатовы забяспечыць Беларусь энергарэсурсамі на 100 працэнтаў па канкурэнтных цэнах.
12 лютага 2020, Мінск
БЕЛТА
12 лютага 2020, Мінск
БЕЛТА