— Яны рэалізуюцца пры тэмпературы 4 (+/-2) градусы. У магазіне павінна быць лядоўня, якая спраўна працуе. Цяпер яны з тэрмометрамі, і нескладана праверыць, пры якой тэмпературы захоўваюцца прадукты. Калі вы заўважылі, што халадзільнае абсталяванне працуе неэфектыўна, тавар у такім магазіне лепш не набываць, — адзначае суразмоўніца.
Таксама ў перыяд летняй спёкі важна старанна прытрымлівацца правілаў пры прыгатаванні і захоўванні страў. Перад тым як чысціць фрукты, у прыватнасці апельсіны, мандарыны, бананы, іх варта спаласнуць у кіпячонай ці праточнай вадзе. Харчовыя прадукты павінны захоўвацца ў месцах, недаступных для насякомых, грызуноў і хатніх жывёл.
Пры транспартоўцы ежы, якая хутка псуецца, неабходна выкарыстоўваць тэрмакантэйнеры. Акрамя гэтага, важна мыць рукі перад прыгатаваннем ежы, прымяняць асобныя дошкі для сырой і гатовай прадукцыі, прыгатаваныя стравы хутка ахалоджваць і змяшчаць у халадзільнік. Калі вы адчуваеце сімптомы атручвання — боль у жываце, млоснасць і іншае, — у такім стане гатаваць не рэкамендуецца ні для сябе, ні для іншых.
Як адзначае загадчык аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Уладзімір Пашковіч, сёлета назіраецца зніжэнне захваральнасці на кішэчныя інфекцыі на 12 %, у тым ліку і на вірусныя. А змяншэнне выпадкаў віруснага гепатыту А адзначаецца на 70 %.
— Пакуль эпідэміялагічная сітуацыя спрыяльная. Аднак пачынаецца сезон адпачынкаў, і не ўсюды становішча такое ж спакойнае. Пры выбары краіны для паездкі варта даведацца аб эпідсітуацыі ў гэтым рэгіёне. Важна аформіць медыцынскую страхоўку — яна дазволіць атрымаць медыцынскую дапамогу, — нагадвае эксперт. — Інфекцыйныя захворванні здараюцца, калі бактэрыі і вірусы трапляюць у арганізм праз нямытыя рукі, няякасную ваду і прадукты харчавання. Таму сачыце за гігіенай на адпачынку: выкарыстоўвайце бутыляваную ваду, харчуйцеся ў дазволеных тураператарам месцах, не набывайце прадукты на стыхійных рынках. Для ахалоджання напояў не выкарыстоўвайце лёд, прыгатаваны з невядомых крыніц.
Калі пасля вяртання з-за мяжы вы адчулі сябе дрэнна, звярніцеся да ўрача і раскажыце, дзе адпачывалі. Не варта займацца самалячэннем, у тым ліку самастойна прызначаць сабе антыбіётыкі.
Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 12 чэрвеня 2019