https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Урад унёс на разгляд прэзідэнта прапановы аб узмацненні ролі дзяржавы як уласніка ў кіраванні прадпрыемствамі


Аб гэтым паведаміў прэм`ер-міністр Сяргей Румас 3 снежня паводле вынікаў нарады ў кіраўніка дзяржавы.
Паводле яго слоў, пытанне аб кіраванні дзяржпрадпрыемствамі выклікала найбольшую дыскусію на нарадзе.

"Пры кіраванні буйнымі акцыянернымі таварыствамі з пераважнай доляй дзяржавы ёсць добрыя прыклады, калі сфармаваныя на гэтых прадпрыемствах саветы дырэктараў (назіральныя саветы) эфектыўна рэалізуюць функцыі ўласніка, — цытуе прэм`ера прэс-служба Саўміна. — Разам з тым ёсць і іншыя прыклады, калі створаныя органы кіравання працуюць фармальна. На жаль, гэта прыводзіць да няслушных інвестыцыйных рашэнняў, і фінансавыя вынікі працы гэтых прадпрыемстваў пакідаюць жадаць лепшага".

Румас адзначыў, што ў сярэднім прадукцыйнасць працы на прадпрыемствах з дзяржаўнай уласнасцю ніжэйшая, чым на прыватных прадпрыемствах або прадпрыемствах з удзелам замежнага капіталу.

"У сувязі з гэтым урад унёс на разгляд кіраўніка дзяржавы прапановы аб узмацненні ролі дзяржавы як уласніка ў кіраванні гэтымі прадпрыемствамі. У першую чаргу гэта тычыцца органаў кіравання — назіральных саветаў або саветаў дырэктараў, з дапамогай якіх дзяржава рэалізуе сваю функцыю кіравання гэтымі прадпрыемствамі праз прызначэнне туды сваіх прадстаўнікоў", — сказаў прэм`ер-міністр.

Ён растлумачыў, што адпаведны інстытут ужо працуе, і ўсе функцыі прадстаўнікоў уласніка і найманага менеджменту — дырэктараў прадпрыемстваў — прапісаныя ў законе. Кіраўнік дзяржавы даручыў разгледзець гэтае пытанне яшчэ раз да канца года на пасяджэнні ўрада з прыцягненнем паспяховых прадстаўнікоў бізнесу, якія з`яўляюцца альбо ўласнікамі буйных прадпрыемстваў, альбо іх дырэктарамі.

"Каб дзяржава, выкарыстоўваючы вопыт, які напрацаваны ў Беларусі, магла прыняць больш правільныя і ўзважаныя кіраўніцкія рашэнні", — растлумачыў Румас.

Паводле яго слоў, да канца года такое пасяджэнне пройдзе, і прэзідэнту будуць унесеныя неабходныя прапановы, якія ў тым ліку будуць тычыцца прызначэння вышэйшых службовых асоб прадстаўнікамі дзяржавы на самых буйных сістэмных прадпрыемствах Беларусі. Такія прадстаўнікі, выкарыстоўваючы свой вопыт, змогуць дапамагчы прадпрыемствам працаваць больш эфектыўна, дадаў Румас.

Прэм`ер-міністр таксама адзначыў, што на частцы прадпрыемстваў саветы дырэктараў і назіральныя саветы працуюць фармальна, хоць і цяпер на найбольш буйных дзяржпрадпрыемствах прадстаўнікамі дзяржавы з`яўляюцца чыноўнікі ўзроўню намесніка міністра ці нават міністра.

"Пры ролі Дзяржкаммаёмасці як каардынатара павінна быць упарадкаваная сістэма і створаны спіс — у кожнага міністра ці намесніка міністра павінна быць не больш за два такія прадпрыемствы, дзе ён будзе прызначаны прадстаўніком дзяржавы, — заявіў Румас. — Гэтыя высокія службовыя асобы павінны ўзначаліць назіральныя саветы і несці адказнасць перад уласнікам (дзяржавай) за вынікі іх працы".

Прэм`ер удакладніў, што за прадстаўнікамі дзяржавы на прадпрыемствах — пытанні стратэгіі і кантроль за выкананнем адпаведнай лініі, за дырэктарамі — кіраўніцтва прадпрыемствамі. "І гэтыя функцыі ні ў якой ступені не павінны перасякацца", — падкрэсліў ён.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 3 снежня 2018
 
Дата публикации:03.12.2018
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:418
 
Ключевые слова:
Госсектор Частное предринимательство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме