https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Прадстаўнікі "Уралкалія" плануюць абмеркаваць 13 чэрвеня на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам аднаўленне супрацоўніцтва з Беларуссю


Пра гэта заявіў акцыянер "Уралкалія" Дзмітрый Мазепін 9 чэрвеня ў Астане.
"Кампанія працуе стабільна, сацыяльныя праграмы выконваюцца ў поўным аб`ёме. Патэнцыял цаны выкарыстаны не ў поўнай меры, але мы ў гэтай частцы працуем, працягваем супрацоўнічаць і весці перамовы з кіраўнікамі беларускіх кампаній", — прыводзіць РБК словы Мазепіна журналістам падчас агляду прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным расійскага павільёна на выставе "Астана ЭКСПА 2017".

Ён адзначыў, што на сустрэчы з Лукашэнкам 13 чэрвеня прадстаўнікі "Уралкалія" "яшчэ раз паспрабуюць знайсці ўзаемавыгаднае рашэнне".

9 сакавіка Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая супрацоўнічаць з "Уралкаліем", але інтарэсы беларускага боку пры гэтым павінны быць выкананы не на 100, а на 200%. "Мы ўжо наеліся гэтай сумеснай працы, таму калі працаваць разам, то — з тэрыторыі Беларусі, сумленна і прынцыпова дамовіўшыся па ўсіх пытаннях, і ў гэтым ключы дзейнічаць. Мы не пойдзем ні на якія ўступкі, але да кампрамісаў гатовыя. Але гэтыя кампрамісы павінны быць узаемавыгаднымі", — падкрэсліў Лукашэнка падчас даклада аб асобных пытаннях дзейнасці Беларускай калійнай кампаніі (БКК).

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, прадстаўнікі расійскага боку ўжо не першы раз звяртаюцца да яго з просьбай аднавіць ўзаемадзеянне з "Беларуськаліем" па вытворчасці і продажы ўгнаенняў. "Сёння яны ўбачылі, што складана, цяжкавата працаваць у адзіночку. Тым больш убачылі, што мы жыццяздольныя. І з`явілася новае кіраўніцтва, якое прапаноўвае вярнуцца да працы разам", — патлумачыў Лукашэнка.

Варта адзначыць, што акцыянерамі і членамі савета дырэктараў "Уралкалія" з`яўляюцца беларусы Дзмітрый Мазепін і Дзмітрый Лабяк.

У кастрычніку 2016 года Мазепін у інтэрв`ю тэлеканалу "Россия 24" паведаміў, што "Уралкалій" рабіў некалькі прапаноў аб аднаўленні партнёрства з "Беларуськаліем", але яны не былі ўспрынятыя. Паводле слоў Мазепіна, у яго было некалькі сустрэч з Аляксандрам Лукашэнкам. "Яго ўмовы, калі будзе адноўлена сумесная кампанія, — яна павінна знаходзіцца ў Беларусі. Напэўна, гэта пытанне можа абмяркоўвацца. Але як яна будзе кіравацца, хто будзе стаяць на чале, гэтае пытанне павінна абмяркоўвацца", — сказаў бізнесмен.

У снежні 2016 года стварэнне альянсу паміж расійскай і беларускай кампаніямі не выключыў прэм`ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў. "Альянсы магчымыя, але мы будзем падыходзіць да гэтых альянсаў вельмі крытычна. Мы не хочам паўтараць тую сітуацыю, якая была ў 2013 годзе, калі саюз распаўся не па нашай віне", — заявіў ён у інтэрв`ю Reuters.

У ліпені 2013 года "Уралкалій" аб`явіў аб выхадзе са складу сумеснай з Беларуссю ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" ў сувязі з тым, што беларускі бок пачаў экспартаваць прадукцыю "Беларуськалія" ў абыход БКК.

Неўзабаве пасля гэтага ў Мінску быў затрыманы Уладзіслаў Баўмгертнер, у той час гендырэктар "Уралкалія". Ён некалькі месяцаў правёў у СІЗА КДБ па абвінавачанні ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, а таксама ў крадзяжы. Крымінальныя справы таксама былі распачатыя ў дачыненні да групы менеджараў кампаніі.

5 верасня Лукашэнка падпісаў указ "Аб удасканаленні экспарту калійных угнаенняў", у адпаведнасці з якім была створана новая гандлёвая кампанія — ААТ "Беларуская калійная кампанія". На новую кампанію ўскладзена задача, якую да гэтага выконвала ЗАТ "БКК", — продаж калійных угнаенняў.

Пасля змены акцыянераў "Уралкалія" пытанне аб аднаўленні беларуска-расійскага супрацоўніцтва ўздымалася неаднаразова. Першы раз гэта адбылося ў красавіку 2014-га, калі Дзмітрый Мазепін наведаў Мінск і сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Кіраўнік дзяржавы назваў гэтую сустрэчу "ў нейкай ступені гістарычнай пасля таго, што адбывалася ў адносінах з былым акцыянерам". Бакі прыйшлі да высновы, што разрыў агульнага трэйдынгу "Уралкалія" з "Беларуськаліем" і падзенне цэн на калій не пайшлі на карысць ні кампаніям, якія рэзка знізілі прыбытак у 2013 годзе, ні рынку. Аднак ніякага канкрэтнага рашэння на сустрэчы прынята не было.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 9 чэрвеня 2017
 
Дата публикации:09.06.2017
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:866
 
Ключевые слова:
БКК Союзное государство Уралкалий Беларуськалий
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме