https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Як тэхнічны прагрэс дабаўляе рабочыя месцы


Рэспубліка Беларусь першай сярод краін СНД — з 1 студзеня 2015 года — перайшла на рэалізацыю на сваім рынку аўтамабільнага паліва 5-га класа, у выніку чаго нашы людзі дыхаюць больш чыстым паветрам.
Гэта стала магчымым дзякуючы і намаганням калектыву Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода — тут у апошні час якасць прадукцыі выведзена на новы, больш высокі ўзровень, пачалася ўстойлівая вытворчасць аўтамабільнага паліва толькі стандарту Еўра-5. Растуць і аб`ёмы перапрацоўкі. Як ні трывіяльна гучыць, але сакрэт — у пастаяннай мадэрнізацыі вытворчасці і асваенні найноўшых тэхналогій.

Чарговыя крокі дазволіла зрабіць ажыццяўленне праграмы развіцця на 2011—2015 гады, цяпер яна выконваецца з перспектывай да 2020 года. Наколькі сур`ёзныя мерапрыемствы рэалізуюцца ў рамках такіх праграм, гаворыць лічба: агульны кошт уведзеных у эксплуатацыю за апошнія дзесяць гадоў тэхналагічных аб`ектаў складае больш за мільярд долараў ЗША.

Навукова-тэхнічны прагрэс застаецца прыярытэтным напрамкам. Сёлета на працягу першага паўгоддзя завершана ўзвядзенне трох новых вытворчых аб`ектаў агульным коштам 500 мільёнаў долараў.

Асобна варта сказаць, што ў стадыі рэалізацыі знаходзіцца маштабны інвестыцыйны праект «Будаўніцтва комплексу гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў», які дазволіць павысіць глыбіню перапрацоўкі нафты да 90%. Гэтаму аб`екту асаблівае значэнне надае ўрад краіны — у мінулую суботу пасяджэнне штаба будоўлі правёў намеснік прэм`ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сямашка.

Значнасць праекта яшчэ і ў тым, што адчувальна — больш чым на 800 тысяч тон — павялічыцца выпуск дызельнага паліва з колькасцю серы ўсяго ў 0,001%. Якасць кацельнага паліва — мазуту — будзе адпавядаць найноўшым еўрапейскім стандартам (колькасць серы не больш 1%), а вытворчасць гідраачышчанага вакуумнага газойлю ўзрасце на 900 тыс. тон.

16 ліпеня на адкрытае акцыянернае таварыства «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» быў арганізаваны прэс-тур, падчас якога прадстаўнікі беларускіх СМІ пабывалі на шэрагу вытворчых комплексаў, што працуюць па найноўшых тэхналогіях. Менавіта такія тэхналогіі дазваляюць, па словах генеральнага дырэктара аб`яднання Анатоля Купрыянава, наблізіцца да самых лепшых сучасных прадпрыемстваў свету.

У ходзе прэс-тура на пытанні журналістаў адказвалі намеснік генеральнага дырэктара прапрыемства па ідэалагічнай рабоце, персанале і сацыяльным развіцці Генадзь Цецярук, дырэктар дырэкцыі па рэканструкцыі і развіцці Вадзім Данілевіч, начальнік новай камбінаванай устаноўкі вытворчасці высокаактанавых кампанентаў бензіну Аляксей Іваноў, спецыялісты і рабочыя МНПЗ.

Між іншым, Генадзь Цецярук палічыў неабходным падкрэсліць: дзякуючы ўзвядзенню новых установак на прадпрыемстве створана амаль сто новых рабочых месцаў, што для Мазыра важна. А да канца года дабавяцца яшчэ сто дваццаць.

Уладзімір Хількевіч
Звязда, 20 ліпеня 2019
 
Дата публикации:20.07.2019
Тематика:Товары из Беларуси, Экономика
Просмотров:275
 
Ключевые слова:
Евро-5 Экология Технологии Мазыр Нефтепереработка Автомобильное топливо
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме