https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларускія каровы — «неўязныя». Сьвіньні — таксама


Беларусь і Ўкраіна ня могуць паразумецца ў пытаньнях мяса-малочных паставак, абвінавачваючы адна адну ў эскаляцыі напружаньня.
Украінская вэтэрынарная служба падазрае беларускі бок у спробе прыхаваць выпадкі выяўленьня ўзбуджальніка афрыканскай чумы ў сьвіней, а таксама выстаўляе прэтэнзіі да шматразовага перавышэньня рэшткаў антыбіётыкаў у малочнай прадукцыі. У Менску падобныя абвінавачаньні называюць надуманымі і патрабуюць аднаўленьня паставак ва Ўкраіну, афіцыйна спыненых ад 1 сакавіка.

Украінскія чыноўнікі надалей настойваюць, што ў мяса-малочным канфлікце няма палітычнага складніку, а прэтэнзіі да беларускіх вытворцаў грунтуюцца выключна на выніках лябараторных дасьледаваньняў. Гэта яшчэ раз пацьвердзіў першы намесьнік Галоўнага дзяржаўнага інспэктара вэтэрынарнай мэдыцыны Ўкраіны Ўладзімер Гаржэеў:

«У малочных прадуктах Рэспублікі Беларусь — а гэта сыр, малако пітное, малако сухое, масла, сьмятана — у 3–5 разоў падвышанае ўтрыманьне антыбіётыкаў.
У малочных прадуктах Рэспублікі Беларусь у 3–5 разоў падвышанае ўтрыманьне антыбіётыкаў...

Гэта абсалютна не палітычнае пытаньне, гэта цалкам прафэсійныя захады Дзяржаўнай вэтэрынарнай фітасанітарнай службы. Мы гаворым пра тое, што, пачынаючы з кастрычніка мінулага году, у беларускай прадукцыі выяўляецца значнае перавышэньне паказьнікаў забруджаньня. Да іх адносяцца ў першую чаргу антыбіётыкі: хларамфэнікол, пэніцылін, група тэтрацыклінавых ды іншыя. І калі мы кажам, што Расея забараніла ўвоз украінскіх сыроў дзеля пытаньняў да іх якасьці, але сам па сабе прадукт бясьпечны, то ў дадзеным выпадку гаворка менавіта пра бясьпеку».

Гэтаксама ўкраінскі бок настойвае на агучваньні рэальных прычынаў зьнішчэньня пагалоўя сьвіней з прыватных падворкаў у Наваградзкім раёне ў сярэдзіне лютага. Беларускія ўлады тлумачаць радыкальныя захады «вучэньнямі, набліжанымі да рэальных умоваў», падчас якіх адпрацоўвалася «зачыстка» гаспадарак на выпадак, калі пачнецца эпідэмія афрыканскай чумы. Украінскія спэцыялісты мяркуюць, што прычынай масавага забою сьвіней стала ня ўяўнае, а сапраўднае выяўленьне вірусу.

Каб разьвязаць спрэчную сытуацыю, у Кіеў выправіўся галоўны вэтэрынарны лекар Беларусі Юрый Піваварчык. Чыноўнік паспрабуе пераканаць украінскіх калегаў, што малочная прадукцыя беларускіх вытворцаў цалкам адпавядае нормам якасьці, а выпадкаў афрыканскай чумы ў Беларусі няма. Гаворыць прадстаўнік Дзяржаўнай вэтэрынарнай фітасанітарнай службы Ўкраіны Анатоль Асадчы:

«І дзякуй богу, калі сапраўды чумы няма. Таму што сам ён баіцца яе ня меней за нас. Я Юрыя Піваварчыка асабіста ведаю і памятаю ягоныя словы, сказаныя
ён баіцца яе ня меней за нас ...

ім у 2010 годзе ў Адэсе. Ён тады зьвярнуўся да кіраўніка нашага ведамства Івана Юр’евіча Бісюка літаральна з мальбой: маўляў, Іван, трымай гэтую мяжу, бо вы для нас як буфэр. Бо, кажа, ня дай божа, зьявіцца афрыканская чума ў вас — дастаткова двух-трох дзён, каб яна дакацілася і да Беларусі. І мы ўсе цудоўна такую небясьпеку разумеем».

Тым часам беларускія вытворцы падлічваюць страты. На беларуска-ўкраінскіх памежных пераходах пацьвердзілі, што фуры і рэфрыжэратары зь беларускай прадукцыяй украінскія мытнікі рашуча разварочваюць. І хоць аб’ёмы мяса-малочных паставак ва Ўкраіну не такія значныя, як у Расею, для асобных перапрацоўчых прадпрыемстваў страта ўкраінскага рынку досыць адчувальная. Паводле афіцыйнай статыстыкі, штомесяц зь Беларусі ва Ўкраіну пастаўлялася больш за 100 тысяч тон малака, і гэты кірунак у агульнай статыстыцы малочнага экспарту займае трэці радок.

Ігар Карней
Радыё Свабода, 2 сакавіка 2012
 
Дата публикации:02.03.2012
Тематика:Товары из Беларуси, Экономика
Просмотров:2821
 
Ключевые слова:
Ветеринария Беларусь-Украина Бизнес Импорт Экспорт
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме