https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


"Белая Русь" — пра лугі, пра лясы...


Беларусь дала свету многа знакамітых імёнаў. І гэтыя людзі, куды б ні закінуў іх лёс, заўсёды памятаюць пра нашу краіну, выказваюць сваю пашану ёй.

Своеасаблівым знакам удзячнасці стаў і водар "Белая Русь". Яго стварыла сусветна вядомы парфумер Сафія Ходаш-Гройсман, якая нарадзілася ў Беларусі. На сустрэчы з журналістамі гэтую парфуму прэзентаваў яе вучань Уладзіслаў Ракуноў і афіцыйна аб`явіў адкрытым конкурс на права яго вытворчасці.

Ураджэнка вёскі Любча Навагрудскага раёна зараз жыве і працуе ў ЗША. У 15-гадовым узросце яна разам з сям`ёй пераехала ў Польшчу, а потым, па запрашэнні родных, — у Амерыку. Сёння сярод водараў, створаных Сафіяй Гройсман, не адзін дзясятак парфумерных шэдэўраў. Так, да прыкладу, менавіта яна стварыла кампазіцыю "Trеsоr" (Lаnсоm), якая па продажах пабіла нават знакаміты "Сhаnеl №5". А таксама знакамітыя "Yvеs Sаіnt Lаurеnt", "Саlvіn Klеіn", "Еstее Lаudеr" і шэраг іншых. Кожнаму свайму тварэнню яна аддае часцінку сваёй душы. Ды пры гэтым адзначае: "Усе тыя рэчы, якія я ствараю ў парфумерыі, — гэта маё дзяцінства ў Беларусі. Там былі кветкі, зямля, лес... Магчыма, менавіта з-за гэтага я і абрала сваю прафесію".

Сафія нарадзілася 8 сакавіка 1946 года. Яе дзяцінства прыпала на пасляваенны час. Яна не мела разнастайных цацак, але ўзгадвае, што каля хаты раслі фіялкі. Дзяўчына любіла зрываць кветкі і ўдыхаць іх водар. Мабыць, так нагадвалі пра сябе парасткі будучага таленту? Маці брала дачку з сабой на кірмаш, бо тая добра адчувала смак таго ці іншага прадукту. Таксама дзяўчынка любіла дапамагаць з прыправамі, калі яны разам гатавалі ежу для бацькі. Важна зазначыць, што бацька Сафіі быў партызанам, які ўратаваў яе маці і многіх яе сяброў падчас вайны. Яго дачка ўспамінае з сумам і вялікай любоўю. Ён — галоўны мужчына ў яе жыцці.

Сваю навінку "Белую Русь" вядомы парфумер стварыла, каб захаваць і перадаць свае ўспаміны пра радзіму.

— Гэты водар — мая асацыяцыя з Беларуссю, якой я яе запомніла, калі была дзіцем, — кажа Сафія Гройсман. — Усе салодкія ноты ў гэтай кампазіцыі адлюстроўваюць маё стаўленне да роднай краіны. Па маіх адчуваннях, сёння людзям трэба нешта свежае і празрыстае, якім я і зрабіла гэты водар. Ён падыходзіць кожнаму, здольны падараваць пачуццё свежага паветра і натхніць сваёй лёгкасцю.

Пакуль што "Белая Русь" створана толькі як водар. І нават яго назва — варыянт, які можа зведаць змены, калі знойдзецца заказчык на вытворчасць парфумы. Некаторыя ў прэсе нават падавалі яго як "Белая Русь №5", але, па словах самой стваральніцы, нічога агульнага гэта не мае з "Сhаnеl №5". Проста, працуючы над кампазіцыяй, Сафія разглядала дзясятак варыянтаў, а калі зрабіла свой канчатковы выбар, то ім аказаўся эксперымент пад гэтым нумарам. Гэта выпадковасць, не больш. Як зазначыў дырэктар Асацыяцыі вытворцаў парфумерыі і касметыкі Уладзіслаў Гаркуноў, праца над водарам скончана, і хочацца, каб вытворцам, які дапаможа яму ўбачыць свет, быў чалавек таксама з Беларусі ці з Расіі.

Сама кампазіцыя шматгранная. Яе глыбіня адкрываецца з часам. Многія, апісваючы свае ўражанні ад яе, казалі пра асацыяцыі з лугамі, лясамі. Кветкі ў гэтым водары дораць пачуццё свята, якое застаецца з вамі. Формула кампазіцыі сакрэтная, вялікая і дарагая, бо спецыфічныя кампаненты дазваляюць паху заставацца празрыстым і запамінальным. Гэта ў будучым таксама адаб`ецца на кошце. Якім менавіта ён будзе, пакажа час, калі знойдзецца чалавек з жаданнем прадставіць "Белую Русь" шырокай аўдыторыі.

Алена Драпко
Звязда, 12 студзеня 2013

 
Дата публикации:12.01.2013
Тематика:Бизнес, Культура
Просмотров:1648
 
Ключевые слова:
Парфюмерия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме