Як паведаміла прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства, у ходзе сустрэчы Шагалу была перададзена нота з прапановай падрыхтаваць да падпісання пагадненне аб кароткатэрміновых (тэрмінам на 30 дзён) бязвізавых паездках для грамадзян дзвюх краін.
З ініцыятывай аб узаемнай адмене віз для грамадзян Беларусі і Ізраіля выступіў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу 19 красавіка 2013 года. Кіраўніком дзяржавы было дадзена адпаведнае даручэнне МЗС і іншым зацікаўленым ведамствам.
Як адзначаецца ў паведамленні прэс-службы, узаемная адмена віз зробіць не толькі больш даступнымі для беларусаў святыя мясціны, звязаныя з узнікненнем і гісторыяй трох сусветных рэлігій, наведванне сваякоў, але і дазволіць Беларусі стаць больш адкрытай для ізраільцян.
У Ізраілі жыве больш чым мільён ураджэнцаў былога СССР, у тым ліку каля 120 тысяч выхадцаў з Беларусі.
Увядзенне бязвізавага рэжыму будзе садзейнічаць актывізацыі чалавечых кантактаў, развіццю турызму і дзелавых сувязей паміж дзвюма краінамі, падкрэсліваецца ў паведамленні прэс-службы МЗС Беларусі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 27 мая 2013