https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дні Максіма Багдановіча ў Ялце


З вялікай шчырасцю, эмацыянальнай насычанасцю і непасрэднасцю прайшлі 2 і 3 снежня ў Ялце дні, прысвечаныя 120-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Іх агульны дэвіз — "Паэт красы, святла, любові".

Уражанні ўдзельніка

Гэта сталася сапраўдным святам не толькі для беларускіх суполак Крыма, але і для ўсіх прыхільнікаў таленту нашага класіка. Хіба ж не пра такую ўвагу і павагу да свайго слыннага земляка сведчыць хоць бы той факт, што для ўдзелу ў канцэрце на ўрачыстым вечары "Разам ляцець да зорак", прысвечаным юбілею паэта, які адбыўся ў клубе Чарнаморскага флоту "Ялта", сабралася шмат мастацкіх калектываў беларускіх суполак, многія з якіх прыехалі за сотні кіламетраў — з Севастопаля, Запарожжа, Феадосіі і іншых мясцін. Варта згадаць, што лепшыя з іх адзначаны прэміяй імя Максіма Багдановіча, якая заснавана ў Крыме. А як спявалі — у гледачоў ажно далоні балелі ад воплескаў. Сапраўды, такую зацікаўленасць і шчырасць сённяшнім прагматычным днём сустрэнеш не часта.

Памятных падзей у Ялце адбылося нямала. Адной з галоўных стала адкрыццё ў гісторыка-літаратурным музеі спецыяльнай выстаўкі "Геній зямлі беларускай" з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску. На яе прэзентацыі пытанняў да дырэктара музея
М. Багдановіча Таццяны Шэляговіч было шмат, як нямала было іх і падчас іншых сустрэч і мерапрыемстваў. Дарэчы, крыху раней тут адкрылася выстаўка "У вянок Максіму" мясцовых мастакоў і народных майстроў Крыма.

Непасрэднай і зацікаўленай адбылася сустрэча гасцей з Беларусі, якія прыехалі на святкаванне юбілею беларускага паэта, — Таццяны Шэляговіч, старшыні Беларускага фонду культуры Уладзіміра Гілепа і аўтара гэтых радкоў са студэнтамі-філолагамі Крымскага гуманітарнага ўніверсітэта і яго рэктарам Аляксандрам Глузманам. Да гасцей актыўна далучыўся супрацоўнік Пасольства Беларусі ва Украіне Аляксей Ястрабаў.

Трэба было бачыць, якім майстэрствам вызначаліся працы навучэнцаў Ялцінскай дзіцячай мастацкай школы на выставе "Маладыя гады — маладыя жаданні", прысвечанай юбілею М.Багдановіча. Адметна, што кожны твор меў своеасаблівы эпіграф з твораў паэта. Гасцям з Мінска не хацелася нават адыходзіць ад гэтых прац вельмі-вельмі юных украінскіх мастакоў. І нездарма Таццяна Шэляговіч падтрымала ідэю правядзення выставы гэтых прац у Мінску.

Каляровыя афішы ў горадзе, розгалас пра тое, як святкуецца юбілей беларускага паэта, прыводзілі на кожнае мерапрыемства шмат удзельнікаў, і не толькі нашых землякоў. Шмат неабыякавых людзей прыняло ўдзел у мітынгу на Старых гарадскіх могілках Ялты, дзе вось ужо 94 гады спачывае Максім Багдановіч. Шмат хто гаварыў пра значэнне творчасці паэта для сённяшніх чытачоў, гучалі словы прызнання ў любові да нашага класіка, чыталіся яго вершы. І да слёз было шчымліва, калі падчас аднаго з выступленняў да магілы паэта ціхенька падышоў шэры коцік і пачаў церціся каля ног прысутных, зазіраў ім у вочы — быццам слухаў іхнія словы. А кожны падумаў: няўжо пасланец ад Максіма Кніжніка, душа якога стала дбайным анёлам-ахоўнікам роднай зямелькі? Варта згадаць, што падобнае адбылося колькі гадоў таму, падчас наведвання магілы групай беларускіх пісьменнікаў.

Была і яшчэ адна цікавая навіна. Пра яе паведаміла рэдактар часопіса "Крым-Беларусь" Дзіна Шаўчэнка. Літаральна перад гэтымі днямі з Ялцінскага Нікіцкага батанічнага сада прыйшла вестка, што яго кіраўніцтва прыняло рашэнне адзін з новых гатункаў цюльпана, які мае колер васілька, назваць імем Максіма Багдановіча.

Букеты кветак ляглі да памятнай дошкі на будынку клуба, на месцы якога некалі стаяў дом, у якім правёў свае апошнія дні наш Максім Кніжнік, да дошкі на вуліцы імя Максіма Багдановіча, у якім ён жыў у 1909 годзе, да помніка паэту на тэрыторыі санаторыя "Беларусь" у Місхоры.

Старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп прэзентаваў у Ялце новае арыгінальнае выданне твораў Максіма Багдановіча, толькі што выпушчанае ў свет фондам культуры. Гэта багата ілюстраваны мастаком Юрыем Хілько трохтомнік, у кожны том якога ўвайшло ўсяго па адным вершы паэта і яго пераклады на 9 замежных моў. А вершы гэтыя — "Слуцкія ткачыхі", "Пагоня" і "Раманс (***Зорка Венера ўзышла над зямлёю...)". Украінскім студэнтам і навучэнцам, беларускім суполкам былі перададзены бібліятэчкі твораў Максіма Багдановіча, літаратура аб ім.

Шмат чаго цікавага было за два дні на свяце. На кожным мерапрыемстве ў выкананні юных чытачоў і пасівелых ветэранаў, мясцовых паэтаў пранікнёна гучалі вершы Максіма, творы, прысвечаныя яму, хвалюючыя выступленні. Гучалі па-беларуску, па-руску, па-ўкраінску. І нікому ні разу не спатрэбіўся перакладчык: тое, што прапушчана праз сэрца, зразумела кожнаму. Былі і ўзнагароды самым актыўным з 30-тысячнай беларускай дыяспары ў Крыме — ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, ад Музея М. Багдановіча ў Мінску, ад Пасольства Беларусі ва Украіне. Сярод адзначаных быў і намеснік старшыні Саюза беларусаў Крыма Віталь Бартохаў — выдатны арганізатар, таленавіты спявак і чытальнік твораў М.Багдановіча (склалася ўражанне, што ён ведае на памяць усё, напісанае паэтам). І мы, госці свята, і яго калегі па беларускіх суполках, і іншыя ўдзельнікі мерапрыемстваў былі адзінадушныя: без Віталя Бартохава такое свята, з такім эмацыйным напалам і ў такім маштабе не адбылося б.

Таццяна Шэляговіч як бы падсумавала настрой усіх нас: "Усё, што адбылося за гэтыя два дні ў Ялце, варта светлай памяці і таленту Максіма Багдановіча". І гэта праўда.

А святкаванне юбілею Максіма Багдановіча ва Украіне прадоўжыцца — неўзабаве ў Ківе адкрыецца перасоўная выстаўка "Геній зямлі беларускай" з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску.

Анатоль Бутэвіч
Звязда, 7 снежня 2011

 
Дата публикации:07.12.2011
Тематика:Белорусские центры, Культура
Просмотров:2859
 
Ключевые слова:
Максим Богданович Поэты Беларуси Беларусь-Украина
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме