https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Беларусы замежжа ўпершыню на "Славянскім базары" прадставілі культурную праграму


У ёй бралі ўдзел беларусы з больш як дзесяці краін свету: Латвіі, Літвы, Эстоніі, Малдовы, Украіны, Польшчы, Расіі...
Гэтай падзеі чакалі даўно. Насамрэч, беларусаў ва ўсім свеце за межамі нашай рэспублікі — мільёны.

У канцэртнай зале "Віцебск" прайшоў шыкоўны канцэрт. А да гэтага ў віцебскім аблвыканкаме адбылося пасяджэнне кансультацыйнай рады па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры.

Этнічныя беларусы з розных краін на "базары" адчувалі сябе вельмі ўтульна. Некаторыя, праўда, здзіўляліся: чаму ў беларускім Віцебску рэдка чуюць беларускую мову?

Мы будзем разам у шчасці і ў бядзе

— Мы часта бываем у Беларусі. Кантакты даволі багатыя, актыўна "абменьваемся" калектывамі мастацкай самадзейнасці. Запрашаем працаваць з нашымі калектывамі беларускіх спецыялістаў. Я прадстаўляю беларусаў Беластока. Калі прыязджаю ў Беларусь, у мяне сэрца радуецца ад таго, што беларусы жывуць на ўзроўні. І народ вельмі гасцінны — шмат бываю за мяжой, ёсць з чым параўноўваць, — адзначыў у размове з карэспандэнтам "Звязды" Ян Сычэўскі, старшыня галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы.

— Я — беларус, і для мяне Беларусь з`яўляецца этнічнай Радзімай. Заўсёды была і такой будзе — і ў шчасці, і ў бядзе. Праўда, трохі здзіўляе, што, на жаль, мала даводзіцца чуць у Беларусі беларускую мову. У Польшчы мы праводзім розныя мерапрыемствы, у тым ліку святы беларускай песні, культуры, Купалле беларускае з задавальненнем арганізоўваем.

Як расказаў "Звяздзе" Валерый Казакоў, старшыня Федэрацыі нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі", у Расіі ўжо больш за дзесяць нацыянальных культурных цэнтраў Беларусі, якія існуюць пры фінансавай дапамозе расійскага бюджэту. Падтрымліваюцца пастаянныя сувязі з Беларуссю. Як ён падкрэсліў, уплыў беларусаў — нашых майстроў, рамеснікаў, навукоўцаў — на станаўленне расійскай дзяржавы вялікі. У прыватнасці, шмат беларусаў будавалі і старажытную Маскву. Зараз вядзецца навуковае даследаванне па гэтай тэме. І гэтай ініцыятывай вельмі зацікавілася Нацыянальная акадэмія навук. Цікава, што і цяпер, як адзначыў суразмоўца, ёсць у Расіі цэлыя беларускамоўныя вёскі, дзе жыхары з пакалення ў пакаленне перадаюць нацыянальныя традыцыі.

— Заўсёды, калі пераязджаю празрыстую расійска-беларускую мяжу, пачынае па-іншаму біцца сэрца, — шчыра прызнаўся ў любові да нашай краіны спадар Казакоў. — Мы зараз праводзім вельмі цікавую акцыю — "Вяртанне": спрыяем вяртанню каштоўнасцяў культуры, якія ў розныя гады былі вывезеныя ў розныя краіны.

Беларусам трэба "быць на сувязі"

У Віцебску адбылося другое пасяджэнне вышэйназванай кансультацыйнай рады. Як расказаў "Звяздзе" міністр культуры Беларусі Павел Латушка, у склад рады ўваходзяць прадстаўнікі практычна ўсіх міністэрстваў і ведамстваў, якія адказныя за супрацоўніцтва з беларусамі замежжа. У Віцебску абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва з суполкамі беларускіх арганізацый, якія дзейнічаюць за мяжой у культурнай, інфармацыйнай, эканамічнай сферах.

— Мы зацікаўлены ў тым, каб падтрымліваць разнастайныя культурныя акцыі беларусаў, што адбываюцца за мяжой. Зацікаўлены прысылаць беларускія калектывы, аказваць фінансавую падтрымку беларускім грамадскім арганізацыям замежжа ў набыцці касцюмаў, інструментаў, літаратуры і гэтак далей, — падкрэсліў міністр.— Зразумела, для нас вельмі важна, каб беларусы прыязджалі на Бацькаўшчыну. І правядзенне першага фестывалю беларусаў замежжа, які праходзіў у Мінску і Віцебску, з`яўляецца вельмі яскравым сведчаннем рэалізацыі зацікаўленасці пастаяннага супрацоўніцтва. Важна, каб беларусы, якія пражываюць у нашай краіне, таксама ведалі, што адбываецца ў замежных суполках беларусаў: як яны падтрымліваюць беларускае слова, культуру, як ладзяць разнастайныя культурныя мерапрыемствы.

На пасяджэнні кансультацыйнай рады міністр культуры адзначыў, што вельмі важным пытаннем з`яўляецца абмеркаванне дзяржаўнай праграмы супрацоўніцтва з беларусамі замежжа. На працягу бягучага года будзе распрацаваны адпаведны праект урадавай праграмы. У ліку іншага прапрацоўваюцца магчымасці адкрыцця культурных цэнтраў Беларусі за мяжой у дадатак да ўжо існуючага цэнтра ў Польшчы. Плануецца адкрыццё такіх цэнтраў у Маскве, Кіеве, Вільнюсе і Берліне.

Удзельнікі пасяджэння падтрымалі прапанову аб правядзенні дзён культуры Беларусі за межамі нашай краіны, сумеснай дзейнасці па арганізацыі святкаванняў важных і знакавых для ўсіх беларусаў юбілеяў, такіх як 120-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча, якое сёлета адзначаем, юбілеяў Коласа і Купалы. Вельмі важна, каб адкрываліся мемарыялы і помнікі, звязаныя з нашай гісторыяй і культурай па-за межамі Беларусі. Напрыклад, неабходна абмеркаваць магчымасць усталявання помніка Купале і Коласу ў Варшаве. Гэтыя і іншыя знакавыя праекты без падтрымкі беларусаў замежжа немагчымыя.

Аляксандр Пукшанскі
Звязда, 12 ліпеня 2011
 
Дата публикации:13.07.2011
Тематика:Белорусские центры, Культура
Просмотров:2868
 
Ключевые слова:
Славянский базар Фэст культуры Белорусская диаспора
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме