https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларускія рамеснікі адкрылі новы сезон кірмашом «Казюкі» у Гродне


Традыцыя цягнецца больш за 20 гадоў. Менавіта столькі мінула з таго часу, як знакаміты старажытны кірмаш зноў адрадзілі ў абласным цэнтры.
Але само свята мае далёкую гісторыю і ладзіцца ў гонар ахоўніка рамеснікаў — Святога Казіміра. «Казюкі» — вясновае свята і абвяшчае пачатак новага сезона. Лічыцца, як пройдзе першы дзень кірмашу, такім будзе гандаль увесь год.

Падчас урачыстага адкрыцця адбылося пасвячэнне ў гільдыю рамеснікаў майстра лазапляцення. Для таго, каб сезон быў удалы, удзельнікі кірмашу прайшлі праз браму ў выглядзе падковы. Імправізаваная сцэна таксама не пуставала. Адсюль гучалі беларускія песні ў выкананні народнага калектыву «Ніва».

А цяпер пройдзем па гандлёвых радах і паглядзім, што за тавар прывезлі майстры на самы папулярны кірмаш. Можна адразу сказаць, што ў трэндзе саламяныя вырабы. Майстар Вера Чурэйка з Іўя прапануе прымераць саламяны капялюш. Цана 25-35 рублёў, у залежнасці ад спосабу пляцення.

Я люблю рабіць менавіта капялюшы. Вельмі добра іх разбіралі ва Украіне, усе купілі, калі мы там былі на кірмашы, — расказала майстрыха.

А вось украінскія майстры прапануюць свой тавар у Гродне. Напрыклад, Міраслаў Паўлюк прывёз шмат драўляных вырабаў і кошыкаў на любы густ. Пакупнікоў вабілі нізкія цэны, і шырокі асартымент. Вясёлы майстар вельмі любіць Гродна. Лічыць, што ляжачы камень толькі мохам абрастае, таму трэба каціцца наперад. Вось чаму ён пры магчымасці прыязджае сюды і абменьваецца досведам з беларусамі. На кірмашы — вынік яго працы за паўгода.

Вочы разбягаюцца ад каляровых вырабаў. Чаго тут толькі няма. Керамічныя жбаны, дудачкі, вяночкі, драўляныя імянныя дошкі, лялькі, кошыкі, самаробная біжутэрыя, вязаныя вырабы, і нават буслы. Драўляных птушак робіць Аляксандр Навіцкі з Карэліцкага раёна. Расказаў, што купляюць іх і турысты з Расіі, і беларусы, у якіх ёсць свой падворак для афармлення ландшафтнага дызайну. Бяруць, і каб дзіця нарадзілася, нават прыгаворваюць гэта, калі набываюць бусла. «Можа, яно так і працуе, я не ведаю, але душу ўкладваю», — усміхаецца напрыканцы Аляксандр.

Таццяна з Гродна прапануе інтэр’ерныя лялькі. Гэта не для гульні, папярэджвае яна. Сапраўды, работа тонкая, і дзіця такую ляльку хутка пашкодзіць, а кошт не малы — 50 рублёў. Таму мяркуе, што яны будуць для ўпрыгожвання пакояў альбо для калекцыі. Дарэчы, адна з наведвальніц кірмашу купіла такую ляльку менавіта для папаўнення сваёй калекцыі.

А вось Таццяна Пілецкая з Санкт-Пецярбурга, якая родам з Гродна, у будучым спадзяецца прымаць удзел у беларускім кірмашы. Яна робіць рэчы з папяровай лазы, як сама прызналася — у авангардным стылі. Любіць злучаць розныя матэрыялы, напрыклад, лазу і дрэва. Работа вельмі марудная і карпатлівая. Дарэчы, як многае, што робіцца ўручную. Гродзенскія майстры, на яе думку, вельмі разнапланавыя, але для прасоўвання свайго тавару варта займацца маркетынгам. Таццяна гатова паспрыяць у гэтым.

Дзень падчас кірмашу быў хоць і сонечны, але марозны. Каваль Іван Перагінец дазволіў крыху пагрэцца каля горна. Пры жаданні, ён мог вырабіць пакупніку нейкую простую рэч, напрыклад, цвік. Можна было такія рэчы набыць у гатовым выглядзе. Вялікі цвік — 10 рублёў. Увогуле, кавалі ў роспачы. Для іх значную канкурэнцыю складаюць кітайскія нарыхтоўкі, з якіх робяць псеўдакоўку. Праўда, заказы паступаюць па коўцы парэнчаў, брамаў, агароджаў.

Напрыканцы спынілася каля вялікага прылаўка з меднай чаканкай. Як аказалася гэтымі вырабамі займаецца адзіны ў Беларусі майстар Аляксандр Плістаў з Гомельскай вобласці. Для таго, каб атрымаць такі вобраз, медны металалом расплаўляецца і пад дзеяннем электрамагніта «садзіцца» на васковую матрыцу. Завяршальны этап — мастацкае афармленне з таніраваннем ці пакрыццё серабром. Былы афганец, зараз пенсіянер, чаканіць розныя выявы, у тым ліку святых. Дарэчы, блаславенне на гэту работу ён атрымаў ад святара. Той яму параіў рабіць іконы з кіётам, каб можна было іх класці пад шкло. Майстар кажа, што такія рэчы маюць попыт у расіян, але цікавяцца і беларусы.

Унікальныя рэчы прывезлі на кірмаш і раённыя дамы рамёстваў. Напрыклад, у экспазіцыі з Мастоў прадстаўлены ўпрыгожанні для інтэр’ера, якія сплецены з травы і лазы.

Сюды збіраюцца неабыякавыя майстры, хто любіць рамесніцкую справу. На кірмаш прыехалі каля 200 майстроў з сямі рамесніцкіх дамоў, прадстаўнікі з усіх куткоў Беларусі. Гэты кірмаш дае падставу ўсвядоміць, наколькі нам важна захоўваць сваю родную спадчыну, здабыткі народных рамёстваў. Усе гэтыя рэчы ўнікальныя, таму што яны па большасці непаўторныя. Кожны можа знайсці тое, што захаваецца ў душы і будзе выклікаць добры ўспамін, — зазначыла намеснік начальніка культуры Гродзенскага гарвыканкама Галіна Ярэміновіч.

Некаторыя наведвальнікі ніяк не маглі выбраць падарунак, настолькі тут усе ім падабалася. І ўсё ж наўрад ці хто пакінуў кірмаш без пакупкі. Вось і я не стала выключэннем. З вялікім задавальненнем набыла прыгожы шалік з вяленай бавоўны з шоўкам і некалькі керамічных кулонаў. Аўтарскія работы сапраўды асаблівыя. Ад іх не ўзнікае сумнення ў дарэмна патрачаных грошах.

Аўтар: Маргарыта Ушкевіч
Звязда, 7 сакавіка 2021
 
Дата публикации:07.03.2021
Тематика:Бизнес, Культура
Просмотров:616
 
Ключевые слова:
Казюкі Гродка Ярмарка Предпринимательство Ремесленничество
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме