https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


“Бацькаўшчына” заклікае абараніць гонар і годнасць беларусаў Прыбайкалля


Управа Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” заклікае грамадскасць Беларусі, арганізацыі беларускай дыяспары па ўсім свеце абараніць гонар і годнасць Іркуцкага таварыства беларускай культуры і яе кіраўніка Алега Рудакова і дасылаць адпаведныя звароты ў амбасаду Расіі ў Беларусі і наўпрост у Пракуратуру Іркуцка.
Управа МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” выказвае вялікую занепакоенасць з нагоды крымінальнага пераследу Маладзёвага клуба “Крывічы” пры Іркуцкім таварыстве беларускай культуры імя Яна Чэрскага і яго старшыні – Алега Рудакова і звяртаецца па дапамогу ў адстойванні яго гонару і годнасці да беларусаў свету.

Як стала вядома, Следчае ўпраўленне Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі па Іркуцкай вобласці з падтрымкай СОБРА і Спецназа 12 красавіка каля 8.20 уварваліся ў масках і з аўтаматамі ў кватэру старшыні Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алега Рудакова і на сядзібу Таварыства.

Па інфармацыі Алега Рудакова, супрацоўнікамі праваахоўных органаў у яго на кватэры былі канфіскаваны 2 кампутары, ноўтбук і некаторыя кнігі, у тым ліку "Кто есть кто в Великой Отечественной войне" на рускай мове.

На сядзібе ІТБК былі канфіскаваны: кніга “Антыбальшавіцкія паўстаньні на Беларусі”, пяць каляндарыкаў з выявамі вайскоўцаў БНР і БКА, а таксама невядома кім пакінутая кніжачка па саенталогіі і тры нумары газеты “Наследие предков” за 2004 год.

Алегу Рудакову прад’явілі Пастанаўленне аб вобшуку, дзе было сказана, што  заведзена крымінальная справа, у якой ён фігуруе як лідар “экстрэмісцкай групіроўкі “Моладзевы клуб “Крывічы”. Ксеракопію з Пастанаўлення зняць не дазволілі.

“У Пастанаўленні аб вобшуку напісана, што я з’яўляюся духоўным лідарам гэтай групоўкі, што я “выбудаваў  жорсткую іерархію і беспярэчнае падпарадкаванне мне, як лідару”, што я выкладаю баявыя віды барацьбы і забараняю ў межах групоўкі размаўляць на рускай мове і шмат чаго яшчэ, што, безумоўна, лухта”, – паведаміў Алег Рудакоў.

Такія неадэкватныя дзеянні былі выкліканыя тым, што праваахоўныя органы Іркуцка завялі крымінальную справу аб экстрэмізме супраць беларуса Аляксея Кухты, актывіста моладзевага клуба “Крывічы”, створанага пры Іркуцкім таварыстве беларускай культуры. Аляксею Кухту выставілі абвінавачанне паводле артыкула “Узбуджэнне нянавісці альбо варожасці, а таксама знявага чалавечай годнасці”.

Па інфармацыі Алега Рудакова, Аляксей Кухта размясціў на сваёй асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы “вконтакте” прафашысцкія і антысеміцкія выказванні і фотаздымкі. Таксама ён з`яўляецца мадэратарам старонкі моладзевага клуба "Крывічы" “вконтакте”. Там ён размясціў фільм "Беларускі рэзістанс" і фота дзеячаў БКА.

Ён зрабіў гэта па ўласнай ініцыятыве, не папярэдзіўшы пра гэта Алега Рудакова. На думку апошняга, выглядае на тое, што Следчы камітэт і Аддзел па экстрэмізму вырашылі выслужыцца.

У сувязі з гэтай крымінальнай справай другі раз за тыдзень былі праведзены ператрусы ў кватэры старшыні Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алега Рудакова і на сядзібе Таварыства.

Спроба прыцягнуць Алега Рудакова да крымінальнай адказнасці як лідара “экстрэмісцкай групіроўкі “Моладзевы клуб “Крывічы” выглядае абсалютна неабгрунтаванай і нават абсурднай. Ужо больш за 15 год Алег Рудакоў нястомна працуе на ніве папулярызацыі беларускай культуры ў Прыбайкаллі. Яго імя добра вядомае беларусам ва ўсім свеце. Мерапрыемствы, якія праводзяцца ІТБК і маладзёвым клубам “Крывічы” з’яўляюцца адкрытымі. На іх прысутнічаюць людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, прадстаўнікі органаў улады і СМІ. Відэарэпартажы пра дзейнасць Таварыства рэгулярна паказваюць па мясцовых тэлеканалах.

Алег Рудакоў узнагароджаны шматлікімі ганаровымі граматамі, у тым ліку Ганаровай граматай Губернатара Іркуцкай вобласці. Ён з’яўляецца сябрам Кансультатыўны Савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. У красавіку 2010 года Указам № 195 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі за асабісты ўклад у захаванне традыцый беларускай культуры Алег Рудакоў быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” абуранае дзеяннямі Следчага ўпраўлення Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі па Іркуцкай вобласці, якія нават пры наяўнасці падставаў для ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да сп. Кухты, не мелі ні падставаў, ні маральнага права наносіць урон сваімі дзеяннямі Алегу Рудакову і Іркуцкаму таварыству беларускай культуры.

Управа Міжнароднага грамадскага аб’яднання Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” заяўляе што, Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага і створаны пры ІТБК моладзевы клуб “Крывічы” займаюцца выключна культурніцкай дзейнасцю, у прыватнасці дзейнасцю па адраджэнні і папулярызацыі духоўных і культурных каштоўнасцяў беларускага народа ў Прыбайкаллі, распаўсюджванні і падтрымцы беларускіх нацыянальных звычаяў, рамёстваў, абрадаў і мовы.  Згуртаванне “Бацькаўшчына” шчыльна супрацоўнічае з ІТБК ад моманту стварэння Таварыства ў 1996 годзе. Кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” добра ведае асабіста Алега Рудакова і многіх актывістаў ІТБК.

Управа Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” заклікае грамадскасць Беларусі, арганізацыі беларускай дыяспары па ўсім свеце абараніць гонар і годнасць Іркуцкага таварыства беларускай культуры і яе кіраўніка Алега Рудакова і дасылаць адпаведныя звароты ў амбасаду Расіі ў Беларусі і наўпрост у Пракуратуру Іркуцка.

Амбасада Расіі ў Беларусі:
220053 г. Мінск, вул. Нававіленская, 1А
Тэл: (+375-17) 233-35-90
Факс: (+375-17) 233-35-97
e-mail: rusemb-minsk@yandex.ru

Прокуратура Кировского района г. Иркутска:
Российская Федерация, Иркутская обл., г. Иркутск, ул. Грязнова, д. 1
Тэл.(+7 3952) 24-16-62, 24-25-09
Факс: (+7 3952) 24-18-99
__________________________________
Даведка:

Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага было створана Алега Рудаковым у 1996 годзе. Асноўная мэта Таварыства – адраджэнне, захаванне і развіццё духоўных і культурных каштоўнасцяў беларускага народа, распаўсюджванне і падтрымка беларускіх нацыянальных звычаяў, рамёстваў, абрадаў і мовы.

Іркуцкая гарадская маладзёжная грамадская арганізацыя “Моладзевы клуб “Крывічы” (МК “Крывічы”) афіцыйна зарэгістраваная ва Упраўленні Міністэрства юстыцыі Расійскай Федэрацыі па Іркуцкай вобласці 8 верасня 2009 года. Дадзеная арганізацыя займаецца вывучэннем беларускіх святаў, рамёстваў, песень і танцаў.

У Іркуцкай вобласці дзейнічае 11 аддзяленняў ІТБК. Акрамя моладзевага клуба “Крывічы”, пры ІТБК дзейнічаюць 6 беларускіх фальклорных гуртоў, 3 дзіцячыя фальклорныя студыі, 2 харэаграфічных дзіцячых ансамблі, народны беларускі хор, 2 гурты аўтэнтычных беларускіх спеваў. У сядзібе Таварыства створаны бібліятэка беларускай літаратуры і музей-майстэрня “Беларуская хатка”, дзе сабраны ўнікальныя экспанаты з беларускіх вёсак Прыбайкалля. У музеі іркуцкая моладзь займаецца старажытнымі беларускімі рамёствамі: саломапляценнем, сэнсавай вышыўкай, ткацтвам, паясапляценнем, выцінанкай, рэканструкцыяй нацыянальных беларускіх строяў і інш.

ІТБК рэгулярна ладзіць адзначэнне старадаўніх беларускіх святаў, такіх як Гуканне Вясны, Камаедзіца, Купалле, Дзяды, Каляды, праводзіць майстар-класы па навучанні беларускім народным танцам, беларускія гістарычныя вечарыны, этнаграфічныя экспедыцыі па беларускіх вёсках Прыбайкалля і інш. Штогод ладзіцца абласны Фестываль-конкурс “Гучы, гоман беларускі”, на які з’язджаюцца калектывы з усяго Прыбайкалля.

У 2011 годзе Рэгіянальная грамадская арганізацыя “Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага” заняла першае месца ў конкурсе на лепшы нацыянальна-культурны цэнтр Іркуцка, які праводзіўся адміністрацыяй горада.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
17 красавіка 2012
 
Дата публикации:18.04.2012
Тематика:Белорусские центры, Культура
Просмотров:2034
 
Ключевые слова:
Иркутск Белорусские центры Забайкалье Белорусы в России Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме