Старшыня Беларускага літаратурнага аб`яднання "Белавежа" ў Польшчы, паэт і перакладчык, гісторык літаратуры Ян Чыквін узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Цырымонія ўручэння гэтай дзяржаўнай узнагароды адбылася на мінулым тыдні ў Бельску-Падляскім.
Медаль Францыска Скарыны Чыквіну ўручыў беларускі пасол у Польшчы Аляксандр Авяр`янаў, які прыбыў з афіцыйным візітам у Падляскае ваяводства.
Дыпламат узяў удзел у "Бельскіх артыстычных сустрэчах", арганізаваных уладамі ваяводства ў кааперацыі з адміністрацыяй Кобрына (Брэсцкая вобласць). На гэтым мерапрыемстве Авяр`янаў абмеркаваў з ваяводам Падляшша Багданам Пашкоўскім і бургамістрам Бельска-Падляскага Яраславам Бароўскім пытанні польска-беларускага супрацоўніцтва ў галіне гандлю, інвестыцый, адукацыі, культуры і турызму.
Падчас візіту Авяр`янаў таксама абмеркаваў пытанні прыгранічнага і міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, рэалізацыі трансгранічных праектаў у межах праграм Еўрасаюза з прадстаўнікамі мясцовага самакіравання Гайнаўкі. У гэтым жа горадзе дыпламат паўдзельнічаў у адкрыцці мастацкай выставы беларускага авангарду, якая была падрыхтаваная Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў.
Беларускі пасол таксама ўзяў удзел у 10-й каляднай сустрэчы "Бяседа з князем", якую арганізаваў фонд імя князя Канстанціна Астрожскага. На гэтым мерапрыемстве Авяр`янаў абмеркаваў з прадстаўнікамі дзелавых колаў Падляскага ваяводства пытанні пашырэння двухбаковых сувязяў паміж Беларуссю і Польшчай.
На заканчэнне свайго візіту дыпламат сустрэўся са старшынёй Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку Янам Сычэўскім і абмеркаваў з ім пытанні падрыхтоўкі да свята, прысвечанага 60-годдзю гэтага аб`яднання, якое адбудзецца 27 лютага.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 9 лютага 2016
Мінск, 9 лютага 2016