Як паведаміла прэс-служба Выканаўчага камітэта СНД, пагадненне аб супрацоўніцтве па фарміраванні адзінай (агульнай) адукацыйнай прасторы Садружнасці Незалежных Дзяржаў было падпісана ў 1997 годзе. Яно прадугледжвае стварэнне механізмаў каардынацыі інтэграцыйных працэсаў у галіне адукацыі, падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых кадраў, забеспячэнне свабоднага доступу да вучэбнай і навукова-тэхнічнай інфармацыі, распрацоўку неабходнай прававой базы па пытаннях узаемадзеяння ў галіне адукацыі, устанаўлення патрабаванняў і механізму прызнання эквівалентнасці дакументаў аб адукацыі, навуковых ступеняў і званняў.
Большасць паправак датычыцца палажэння аб Савеце па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі, якое з`яўляецца неад`емнай часткай пагаднення. Праектам пратакола ўдакладняюцца задачы, функцыі, парадак фарміравання і арганізацыі працы савета. Так, пасля прыняцця паправак у задачы савета будуць уваходзіць далейшае развіццё ўсебаковага супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, садзейнічанне падрыхтоўцы і атэстацыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў, арганізацыя ўзаемадзеяння з міжнароднымі, рэгіянальнымі, нацыянальнымі адукацыйнымі аб`яднаннямі і асацыяцыямі, прапаганда вопыту краін Садружнасці па развіцці нацыянальных сістэм адукацыі.
У склад савета, акрамя кіраўнікоў органаў дзяржаўнай улады, што займаюцца пытаннямі адукацыі, і кіраўнікоў органаў атэстацыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў вышэйшай кваліфікацыі, прапануецца ўключыць з правам дарадчага голасу кіраўніка яго сакратарыята і прадстаўніка Выканкама СНД. Старшынства ў савеце будзе ажыццяўляцца на працягу года кожнай дзяржавай Садружнасці па чарзе ў парадку рускага алфавіта назваў краін.
Плануецца, што пасля канчатковага ўзгаднення экспертамі праект пратакола аб унясенні змяненняў у пагадненне аб супрацоўніцтве па фарміраванні адзінай (агульнай) адукацыйнай прасторы СНД будзе ва ўстаноўленым парадку ўнесены на разгляд чарговага пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 19 снежня 2012