У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных устаноў Беларусі і кіраўнікі беларускіх дыяспар Расіі, Латвіі, Іарданіі, Іспаніі, Германіі, ЗША, Узбекістана, Эстоніі, Малдовы, Кыргызстана, Казахстана, Арменіі. Падчас пасяджэння ўдзельнікі Савета абмеркавалі шляхі далейшага супрацоўніцтва і падвялі вынікі працы за год.
Намеснік міністра замежных спраў Ігар Назарук заўважыў, што сёння вельмі шмат робіцца для падтрымкі сувязяў з беларусамі, якія па тых ці іншых прычынах аказаліся за мяжой, а таксама для перадачы суайчыннікам матэрыялаў пра традыцыі, веды і культурныя каштоўнасці і аб’ектыўнай інфармацыі пра падзеі, якія адбываюцца ў краіне.
У многім характар узаемадзеяння з беларускімі дыяспарамі быў прадвызначыны тым, што ў Беларусі 2022 год абвешчаны Годам гістарычнай памяці. Дзякуючы актыўнай плённай працы нашым суайчыннікам удалося звярнуць увагу міжнароднай супольнасці на праблематыку захавання гістарычнай памяці. За год прайшло багата выставак, круглых сталоў, сустрэч і іншых мерапрыемстваў, прымеркаваных да памятных дат.
Старшыня Беларускага культурнага цэнтра «Світанак» Галіна Татаранка распавяла, што сёлета ў Ташкенце прадстаўнікі дыяспары адзначылі 140-годдзе Якуба Коласа. Святкаванне не абмежавалася толькі 3 лістапада, калі ў Ташкенце да помніка класіку беларускай літаратуры былі ўскладзены кветкі і адбылося ўрачыстае мерапрыемства. На працягу месяца культурны цэнтр «Світанак» выязджаў у навучальныя ўстановы Узбекістана, маладыя людзі чыталі вершы Коласа. У гады Вялікай Айчыннай вайны Якуб Колас два гады жыў у Ташкенце. Ён быў вельмі ўражаны самабытнай краінай і яе гасцінным народам. Колас пазнаёміўся з мясцовымі пісьменнікамі. Выязджаў з імі за межы горада. У адной такой паездцы ён у захапленні ад горнага пейзажу напісаў верш «Чынган», якія пасля быў перакладзены на многія мовы свету. Былі ў класіка і іншыя вершы, у якіх ён паказваў свае пачуцці, яго здзіўлялі арыкі (гідратэхнічныя збудаванні ў выглядзе арашальнага канала), Салар. І сёння ў парку ў Ташкенце, па якім Колас хадзіў у гады эміграцыі, стаіць помнік беларускаму класіку, а яго вершы на розных мовах гучаць у навучальных установах Узбекістана.
Светлана Барташэвіч прадстаўляе беларусаў Карэліі. На сёння аўтаномія аб’яднала каля трох тысяч чалавек. Арганізацыя вельмі актыўная, а яе мерапрыемствы карыстаюцца поспехам у прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў. «Мы ніколі не навязываем нашу культуру. Абавязкова на нашых мерапрыемствах побач з беларускімі песнямі гучаць рускія, карэльскія і прадстаўнікоў іншых народаў. Радуе, што, калі пачынаецца фестываль, на сцэну выходзяць дзеткі ў розных касцюмах (у Карэліі пражывае 130 нацыянальнасцяў) і разам спяваюць. Я лічу, што Беларусь міралюбівая краіна, яна заўсёды выступае за развіццё сяброўскіх адносін. І гэта мы стараемся пазіцыянаваць на нашых канцэртах», — дзеліцца Святлана Яўгенаўна. Адзін з ансамбляў у Карэліі носіць назву «Дабрэнікі». Так называлася беларуская вёска, спаленая ў гады вайны разам з жыхарамі. Бабуля, якая стала салісткай гэтага калектыву — адна з жыхароў знішчанай вёскі, яе, малую, маці выкінула ў акно і дзяўчынка змагла ўцячы. Так, у Карэліі захоўваецца памяць пра беларускую вёску, якой ужо не існуе, і наогул пра трагедыю беларускага народа.
Пра работу, якая беларусамі замежжа праводзіцца ў Год гістарычнай памяці сведчыць і выстаўка ў Міністэрстве замежных спраў фотаработ, дасланых на фотафестываль «Мы — разам! З любоўю да Беларусі», арганізатарамі якога выступілі парламенцкая рабочая група па справах беларусаў замежжа, МЗС, Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур. На яе было даслана больш за 400 работ.
Удзельнікі пасяджэння Кансультацыйнага савета пры МЗС Беларусі па справах беларусаў замежжа таксама пабывалі ў Палаце прадстаўнікоў на сустрэчы з кіраўніком працоўнай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па справах беларусаў замежжа Валянцінай Ражанец. Падчас сустрэчы былі падведзены вынікі фотафестываля і лаўрэаты атрымалі дыпломы.
Аўтар: Алена Дзядзюля
Звязда, 7 снежня 2022
Звязда, 7 снежня 2022