https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Прэзідэнт Беларусі падпісаў спецыяльнае распараджэнне аб падтрымцы культуры і мастацтва


Пра гэта паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Захаванне помнікаў гісторыі і архітэктуры дапаможа, на думку ўладаў, прыцягнуць больш турыстаў у Беларусь

Згодна з рашэннем Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнцкага фонду па падтрымцы культуры і мастацтва будуць выдзелены грошы на рэалізацыю трох праектаў.

Палац Пуслоўскіх

Косаўскі палацава-паркавы ансамбль нездарма ўганараваны выдзяленнем сродкаў. Некалі сапраўдная перліна дойлідства дзякуючы партызанам апошнія дзесяцігоддзі ляжала ў руінах.

Цяпер будынак палаца, які быў закладзены ў 1838 годзе, патроху рэстаўруецца. Будаваць яго пачаў Вандалін Пуслоўскі — буйны прамысловец і аматар мастацтваў.

Аўтарам праекту быў выбітны архітэктар Францішак Яшчолд, а ўжо ў другой палове XIX стагоддзя над рэканструкцыяй мініцюрнага замка працаваў Уладзіслаў Марконі.

Незвычайны будынак нездарма ганаруецца параўнаннямі з замкам. Яго вежы ўпрыгожваюць стральчатыя вокны і граненыя зубцы навершша, якія імітуюць байніцы.

Кожная вежа увасабляла месяц года, пры гэтым чатыры цэнтральныя — у гонар мая, чэрвеня, ліпеня і жніўня — самыя высокія. У палацы былі асаблівым чынам уладкаваныя і пакоі, прычым так, што не было ніводнага прахаднога.

Упершыню сур`ёзна палац Пуслоўскіх пацярпеў у Першую сусветную вайну, канчаткова яго разбурыў пажар у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Замак у Гальшанах

Доўгі час замак належаў роду князёў Гальшанскіх, але перыяд сапраўднай раскошы пачаўся ў пачатку ХVII стагоддзя, калі ён ужо быў часткай уладанняў магнацкага роду Сапегаў.

Па сваёй кампазіцыі фартэцыя нагадвае Мірскі замак і з`яўляецца яркім прыкладам уплыву галандскай архітэктурнай думкі на абарончае дойлідства.

Пры Сапегах замак практычна выконваў ролю рэзідэнцыі або палаца, дзе былі сабраны прадметы мастацтва і ўнікальная бібліятэка. Побач з палацам былі тры штучныя возеры, дно якіх было выкладзена пліткай.

Замак, на жаль, неаднаразова разбураўся і перабудоўваўся, што ўскладняе спецыялістам задачу вызначыць дакладны знешні выгляд палацавага комплексу.

У 1880 годзе адзін з апошніх уладальнікаў Гальшанскага замка падрываў вежы, а цэглу прадаваў для будаўніцтва, што фактычна пераўтварыла некалі багаты палац у руіны.

У 2016 годзе замак быў уключаны ў спіс з 27 аб`ектаў, на рэстаўрацыю і захаванне якіх будуць вылучацца грошы з дзяржаўнай казны.

Крэўскі замак

Першы цалкам мураваны замак у Вялікім Княстве Літоўскім быў пабудаваны менавіта ў Крэва, як рэзідэнцыя кіраўніка краіны.

У XIV стагоддзі замак стаў першай кастэллю не толькі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, але і ва ўсім ВКЛ, але ў гісторыю ён увайшоў пасля таго, як у 1382 годзе тут па загадзе вялікага князя Ягайлы быў задушаны яго дзядзька Кейстут.

У сценах замка быў заключаны і будучы вялікі князь Вітаўт, які па легендзе збег з-пад варты, пераапрануўшыся ў жаночую сукенку пад покрывам ночы.

Непасрэдна ў Крэўскім замку ў 1385 годзе была падпісана ўнія паміж ВКЛ і Польскім каралеўствам, пасля чаго вялікі князь Ягайла стаў кіраўніком аб`яднанай дзяржавы.

Аж да XVIII стагоддзя Крэўскі замак быў у добрым стане. Сур`ёзныя разбурэнні ён зведаў у гады Першай сусветнай вайны, калі сцены замка былі ў літаральным сэнсе часткай перадавых нямецкіх пазіцый. У цяперашні час на тэрыторыі замка вядуцца работы па кансервацыі ацалелых яго частак.

Беларускія ўлады ўпэўненыя, што прыняцце Аляксандрам Лукашэнкам распараджэння будзе садзейнічаць захаванню помнікаў архітэктуры і гісторыі Беларусі на доўгатэрміновы перыяд, павелічэнню іх турыстычнага патэнцыялу.

Мінск, 2 чэрвеня 2018
Sputnik
 
Дата публикации:02.06.2018
Тематика:Культура, Спорт и Туризм
Просмотров:627
 
Ключевые слова:
Реставрация Замки Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме