https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дзеля якіх падзей варта паехаць па Беларусі?


Новыя туры ў рэгіёны Расіі, цікавыя мерапрыемствы ўнутры краіны — каляндарна-абрадавыя, рэлігійныя, культурныя ці тэатральныя — чым парадуе старт турыстычнага сезона ў Беларусі.
Гуканне вясны і Масленіца, Ваджэнне стралы і Юр’е, майскі баль у сядзібе Нямцэвічаў, Міжнародны маладзёжны фестываль «Март-кантакт» і, безумоўна, міжнародная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024» — далёка не поўны пералік цікавых падзей на розныя густы, якія пройдуць гэтай вясной і не пакінуць абыякавымі аматараў турызму. 

У новым фармаце

Аб’ёмы па колькасці турыстаў, выручкі і лічбаў дапандэмійнага, 2019 года ўжо перавышаны, і амаль два гады айчынная турыстычная індустрыя працуе ў новым фармаце.

— Той глабальнай плыні турыстаў з усяго свету няма, аднак склаліся стасункі з шэрагам постсавецкіх краін і, вядома, з Расіяй. Набіраюць абароты адносіны з такімі краінамі дальняй дугі, як Індыя і Кітай. Прамыя сувязі з расійскімі рэгіёнамі, мінаючы Маскву, устанавіліся і працягваюць устанаўлівацца два апошнія гады. Шэраг рэгіёнаў Расіі настолькі самабытныя, маюць уласныя авіякампаніі, што іх можна разглядаць як самастойныя напрамкі, — акрэсліў сітуацыю старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулы.

Масквічы заўсёды былі частымі і жаданымі турыстамі ў нашай краіне. Жыхары расійскай сталіцы і Маскоўскай вобласці прыязджаюць у туры выхаднога дня, на санаторна-курортнае лячэнне. Сёння трэнд змяніўся ў бок маржынальнасці тураў, у прыватнасці, для пражывання госці выбіраюць больш дарагія атэлі.

Атрымліваюць развіццё і новыя кірункі — развіццё дзелавога турызму, бізнес-трэвэл, работа з карпаратыўнымі кліентамі.

— Гэта праблема не толькі Мінска, але і Расіі, і Антальі, і Тбілісі, і Баку: адначасова прыняць мерапрыемства на тысячу чалавек. Іх трэба прывезці, размясціць прыкладна ў пяці гасцініцах, накарміць, і пры гэтым упісацца ў бюджэт. А ён у Расіі складае на мерапрыемства з тысячы чалавек на 4-5 дзён каля 120 мільёнаў расійскіх рублёў. Упісацца ў яго складана. І гэта наша задача на бліжэйшыя некалькі гадоў. Мы ў больш выйгрышнай сітуацыі, бо везці людзей нашмат бліжэй з Масквы ў Мінск. Гэта адлегласць можа быць пераадолена з дапамогай аднаго заказнога цягніка, — адзначыў Філіп Гулы.

Сёння актыўна развіваюцца туры ў рэгіёны Расіі. З гэтага года новым напрамкам стане Рэспубліка Дагестан. З канца вясны «Белавія» запускае новы рэйс, і для беларусаў падарожжа на Каспійскае мора цяпер стане больш даступным.

Бадай, самым яркім прыкладам эфектыўнага супрацоўніцтва з расійскіх рэгіёнаў з’яўляецца Башкартастан. Там ажыццяўляецца падтрымка рэйса Уфа — Мінск, які выконваецца расійскай авіякампаніяй, і субсідзіруецца ён вельмі эфектыўным спосабам — падтрымкай праекта «Башкірскае даўгалецце». У яго рамках пенсіянеры са значнай зніжкай могуць набыць тыднёвае падарожжа ў гэты рэгіён. Праграма добра сябе зарэкамендавала ў 2023 годзе і працягваецца сёлета. Цяпер прапрацоўваецца і яшчэ адна праграма — запуск патрыятычных тураў для школьнікаў Рэспублікі Башкартастан у Беларусь.

Выбудоўваюцца адносіны і з іншымі рэгіёнамі — Ніжагародскай вобласцю, Пермскім краем і іншымі. Нягледзячы на адсутнасць прамога авіярэйса, цікавасць да ўзаемавыгадных адносін праяўляе Новасібірск.

За турыстаў з Беларусі борацца і іншыя рэгіёны — ад Татарстана да рэспублік Паўночнага Каўказа і расійскіх паўднёвых курортаў. 

У Расіі вядзецца актыўнае будаўніцтва турыстычнай інфраструктуры, у прыватнасці, летась на 16% вырас нумарны фонд, і суседняя краіна ў стане задавальняць любыя патрэбы.

Гуканне вясны, ваджэнне стралы, масленіца

Новымі мерапрыемствамі гатовы здзівіць турыстаў і ў Беларусі. Сарыентавацца ў іх разнастайнасці дапаможа сайт, дзе Нацыянальнае агенцтва па турызме друкуе каляндар найбольш цікавых падзейных мерапрыемстваў ва ўсіх рэгіёнах. Тут жа размяшчаюцца кантакты арганізатараў. На сайце ru. belarus. travel каляндар падзей даступны ў інтэрактыўным выглядзе. Там жа можна скарыстацца фільтрам па рэгіёне і даце. З дапамогай гэтых рэсурсаў можна планаваць свае падарожжы ва ўсіх рэгіёнах. На сайце ru. belarus. travel прадугледжаны маршрутызатар, які дазваляе спланаваць па дарозе на падзейнае мерапрыемства наведванне культурных ці гістарычных аб’ектаў, аграсядзібы ці санаторыя.

— Вясну мы бачым каляндарна-абрадавай. Бліжэйшыя падзеі — Гуканне вясны і Масленіца. Гэты святочны тыдзень пачнецца з 11 сакавіка. Масленіца плаўна пераходзіць у Вялікдзень. Музейныя ўстановы стараюцца гэтыя каляндарна-абрадавыя святы ярка прадэманстраваць у выглядзе інтэрактыўных праграм, фестывальных мерапрыемстваў. У Дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту 16 сакавіка запланаваны разнастайныя масленічныя мерапрыемствы. У красавіку і маі таксама чакаюцца цікавыя мерапрыемствы — Ваджэнне стралы, абрад Юр’е. Яны будуць адзначацца на аграсядзібах і ў музеях, — расказаў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Дзмітрый Марозаў.

У вясновым календары шэраг мерапрыемстваў, якія прымеркаваны да 9 Мая. Яны традыцыйна прыцягваюць у Беларусь турыстаў з розных краін.

— З канца красавіка да 10 мая самы ажыўлены вясенні турыстычны сезон. Таму планаваць у гэты час падарожжы лепш загадзя, — парэкамендаваў кіраўнік Нацыянальнага агенцтва па турызме.

Гэтай вясной чакаецца і шэраг навінак. Сярод іх — майскі баль у сядзібе Нямцэвічаў. Ён пройдзе 18 мая. Гэта новы тып мерапрыемстваў, якія з нядаўняга часу ладзяцца ў палацавых комплексах — Нясвіжскім, Мірскім замках і сядзібе Агінскіх у Залессі.

Багатая сёлетняя вясна і на юбілейныя мерапрыемствы. У Полацку адзначаць юбілей манастыра, і ўвесь турыстычны сезон для наведвальнікаў падрыхтаваны цікавыя падзеі. Сярод знакавых мерапрыемстваў рэлігійнага турызму — свята Яўлення іконы Божай Маці Жыровіцкай, якое адзначаць у Жыровіцкім манастыры 20 мая.

Апроч гэтага, кожны вясновы месяц прысвечаны пэўнаму накірунку. З 1 сакавіка пачаўся месяц гэтага кірунку. Запланаваны шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку вялікі міжнародны форум на базе Мінскага трактарнага завода, прысвечаны развіццю прамысловага турызму. Красавік будзе прымеркаваны да развіцця дзелавога турызму. Ключавой падзеяй месяца стане турыстычная выстава з 18 да 20 красавіка. Май прысвечаны агратурызму — яшчэ аднаму яркаму брэнду Беларусі.

«Март-кантакт» — падзея для тэатралаў

Для тэатралаў ключавой падзеяй вясны бясспрэчна стане 17-ы Міжнародны моладзевы фестываль «Март-кантакт», які прыме Магілёў. 20 сакавіка ён распачнецца спектаклем «Жаніцьба». Сёлета ў рамках фестывалю будзе прадстаўлена больш за 20 спектакляў шасці краін-удзельніц — Арменіі, Балгарыі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі.

Традыцыйна фестываль працягнецца тыдзень і скончыцца ў Дзень тэатра, 27 сакавіка.

— Урачыстае адкрыццё прызначана на 21 сакавіка спектаклем «Антарктыда» тэатра «На Ліцейным» (Санкт-Пецярбург). Таксама сёлета запрошаны спецыяльны госць фестывалю, заслужаная артыстка Расіі Ганна Бальшова. 23 сакавіка яна правядзе сустрэчу з гледачамі. З незвычайнага — дадатковы паказ начнога спектакля «Вій» тэатра «У моста» (Перм). Будзе працаваць лабараторыя маладой рэжысуры, і 27 сакавіка ўдзельнікі пакажуць эскізы, мяркуецца адкрытае абмеркаванне з гледачамі і маладзёжнае журы са студэнтаў ГІТІСа. Пасля фестывалю плануюцца гастролі «Каляда-тэатра» (Екацярынбург), — расказала рэжысёр-пастаноўшчык заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Магілёўскі абласны драматычны тэатр» Каміля Хусаінава.

Чым здзівіць сталіца?

Адным з эпіцэнтраў яркіх падзей, безумоўна, з’яўляецца Мінск. Штогод у беларускай сталіцы праходзіць каля 300 значных мерапрыемстваў, усяго ж іх каля 600. Толькі ў перыяд навагодніх свят Мінск арганізаваў каля 200 мерапрыемстваў. Найбольшай папулярнасцю карысталіся інтэрактыўныя прадстаўленні каля Ратушы, на сцэне побач з Палацам спорту, на вуліцы Ракаўскай.

Летась у сталіцы аднавіўся гарадскі музычны праект «Пешаходка». З чэрвеня 2023 года прайшло 563 выступленні вулічных музыкантаў на тэрыторыі Верхняга горада ў некалькіх лакацыях: Музычны завулак, вуліца Герцана і інсталяцыя Васілёк, набярэжная Троіцкага прадмесця і пляцоўка на вуліцы Ракаўскай, 25. З мая праходзілі тэатралізаваныя перформансы «Каля Ратушы». Мерапрыемствы наведала больш за 1,6 мільёна чалавек.

Вясной сталічныя музеі, тэатры, выставачныя залы завабліваюць наведвальнікаў разнастайнымі праграмамі. На тэрыторыі батанічнага сада праводзяцца выставачныя, тэматычныя, асветніцкія, забаўляльныя мерапрыемствы. Выстаўка «Дыханне кветак» пачалася з 1 сакавіка і працягнецца да 10 сакавіка, а выстаўка «Вясна ў садзе ліхтароў» — з 1 сакавіка да 28 красавіка.

Традыцыйнымі сталі гастрафэсты, якія арганізуюць установы грамадскага харчавання. Ва ўсіх кафэ розныя тэмы, але адна механіка — яны прапануюць свае найлепшыя сэты па фіксаванай цане ў пэўны перыяд. З 8 да 18 сакавіка пройдзе першы з іх, наступны — «Краіны свету» — з 18 красавіка да 5 мая.

Ладзіць разнастайныя праграмы і Лошыцкі парк. Гэта філіял Музея гісторыі горада Мінска са старым сядзібным комплексам і музеем. Акрамя прагулак па парку і экспазіцыі наведвальнікам прапануецца акунуцца ў свет музыкі і тэатра.

Запланавана ў Мінску шмат выставак. Нацыянальны мастацкі музей запрашае на выстаўку «Мастацкаму-85», якая працягнецца з 28 сакавіка да 28 красавіка. Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў і галерэя FARBA запрашаюць наведаць новы выставачны праект «Страсці па архітэктуры». 8–10 сакавіка ў крытым лёгкаатлетычным комплексе «Дынама» пройдзе выстаўка пародзістых коней «Вясна-2024», з 7 да 9 сакавіка вясенняя выстаўка аўтарскіх вырабаў «Чароўны Млын» у выставачным комплексе пр-це Пераможцаў, 14.

Усяго вясной у Мінску пройдзе больш за 30 міжнародных выставак.

— Сталіца рыхтуецца да 80-годдзя вызвалення Беларусі. Святочна аформіць горад плануецца да 1 мая. Мяркуецца, што сталіца ў свята будзе ўвасабляць тую атмасферу, якая панавала ў горадзе 80 гадоў таму, калі пераможцы прыйшлі ў Мінск. Святочна аформлены будуць плошчы Перамогі і Кастрычніцкая, праспекты Пераможцаў і Незалежнасці, — расказаў дырэктар інфармацыйна-турыстычнага цэнтра «Мінск» Аляксей Русакевіч.

«Адпачынак-2024»: 600 экспанентаў

Адным са знакавых мерапрыемстваў вясны стане Міжнародная выстаўка-кірмаш турысцкіх паслуг «Адпачынак-2024», якая пройдзе з 18 да 20 красавіка на пляцоўцы «Мінск-Арэны» ў будынку канькабежнага стадыёна. Арганізатарамі гэтай турыстычнай падзеі, якая, дарэчы, праводзіцца ўжо 26-ы раз, выступаюць Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа», Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнае агенцтва па турызме. Будуць прадстаўленыя ўсе рэгіёны Беларусі, а таксама замежныя кампаніі — усяго больш за 600 экспанентаў, з іх каля 100 замежных кампаній.

— Удзел пацвердзілі 16 рэгіёнаў Расіі і Куба. На сцэне выступяць Пасольства Ісламскай Рэспублікі Пакістан у Беларусі, Пасольства Турэцкай Рэспублікі і Пасольства Рэспублікі Куба, — расказала начальнік упраўлення выставак і кірмашоў Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа» Вольга Красоўская.

Сёлета адначасова з «Адпачынкам-2024» пройдзе міжнародная спецыялізаваная выстаўка-кірмаш «Паляванне і рыбалоўства», дзе аматары актыўнага адпачынку могуць набыць усе неабходныя рэчы: лодкі, снасці, спецыяльнае адзенне. Нацыянальныя паркі прадэманструюць свае спецыяльныя прапановы, новыя турыстычныя маршруты і экскурсійныя праграмы.

Дзелавая праграма выстаўкі прадугледжвае круглыя сталы і сесіі, а ключавым мерапрыемствам стане 2-гі Расійска-беларускі турыстычны кангрэс. Традыцыйна наведвальнікаў чакаюць конкурсы і прызы. Уваход вольны па папярэдняй рэгістрацыі на сайце.

Алена Кравец
Звязда, 7 сакавіка 2024

Чытайце таксама
 
Дата публикации:07.03.2024
Тематика:Культура, Спорт и Туризм
Просмотров:182
 
Ключевые слова:
Туризм в Беларуси Фэст культуры
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме