https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Унікальны заплыў «на чым папала» прайшоў на Аўгустоўскім канале


Гэта відовішча ўжо трэці год запар здзіўляе сваім нестандартным падыходам.
Удзельнікі, а іх набіраецца каля 20, плывуць хто на чым здатны — і на будаўнічай пляцоўцы, і на Эйфелевай вежы, і ў кампаніі са знакамітым Сальвадорам Далі. Сёлета аварыйныя службы яшчэ раз звярнулі ўвагу на меры бяспекі, а камунальнікі прызвалі да збору другаснай сыравіны. Усе ўдзельнікі шчасліва дабраліся да фінішу.

Гэта адно з тых мерапрыемстваў, якое хочацца ўбачыць дзеля ўласных эмоцый. І такіх аматараў на канале сабралася некалькі тысяч, як вызначылі арганізатары. Вядома, значную частку склалі самі ўдзельнікі незвычайнага заплыву. Напрыклад, з Ваўкавыска прыехала цэлая каманда моцных мужчын, каб выгрузіць вялікі МАЗ, хоць ён і быў зроблены з лёгкага пластыку і пенапласту. Здавалася, што смеццявоз ідзе сваім ходам па вадзе. Камунальнікі такім чынам яшчэ раз звярнулі ўвагу на раздзельны збор смецця. Напрыклад, летась яны плылі на пэт-бутэльках.

Металічныя бочкі, шыны, балоны — усё ішло ў ход, каб надаць пляцоўкам устойлівасць. Праўда, на гэты падводны «фундамент» мала хто звяртаў увагу. Куды цікавей было назіраць за тым, што плыло наверсе. А тут узвышалася Эйфелева вежа (Смаргонскі раён), плыў «Хутарок у Зосі» (Слонімскі раён), з гастрольным турам прыбыла Верка Сярдзючка (прадпрымальнік Тамара Казлоўская).

Весела плыла вялікая будаўнічая пляцоўка з дымам, веласіпедная паркоўка, на якой размясцілася цэлая група спарстменаў-аматараў, вядома ж, пірацкія караблі і нават акула Маша. У гонар 15-годдзя БРСМ члены гродзенскай арганізацыі пусцілі па вадзе вялікі святочны торт. На вёслы селі прадстаўнікі студэнцкіх атрадаў, валанцёры. Работнікі газавай службы прыплылі на сваім «фірмавым» аўтамабілі, і не проста так, а з феерверкам.

Прадстаўнікі хімічнай галіны перасцяраглі ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

Свае плывучыя сродкі прадставіў кожны раён вобласці і горад Гродна. На канал прыплыў нават сам Сальвадор Далі ў чорным фраку і цыліндры. Плот Гродзенскага раёна пад назвай «Гала» з вялікім белым яйкам пасярэдзіне адразу прыцягнуў увагу.

Тут знаходзілася многа невядомых істот, наперадзе былі ўсталяваны вялікія чырвоныя вусны. Ідэю ажыццявілі ў СПК «Прагрэс-Верцялішкі», прадстаўнікі якога пабывалі ў Іспаніі і вельмі былі ўражаны творчасцю знакамітага мастака. Плывучы сюррэалізм не пакінуў абыякавымі і членаў журы, яны прысудзілі яму Гран-пры. Дарэчы, намінацый было нямала: і самы непатапляльны, і самы арыгінальны, і самы музыкальны...

Трэба сказаць, што ідэя такіх заплываў «на чым папала» перанята ад польскіх суседзяў. На тым баку Аўгустоўскага канала яны праводзяцца ўжо больш за 20 гадоў. У гродзенцаў заплыў стаў кульмінацыяй «Свята мора», новага мерапрыемства, якое будзе традыцыйна праходзіць на канале ў жніўні. Зараз у яго арганізацыі прынялі ўдзел упраўленне спорту і турызму аблвыканкама, Гродзенскі райвыканкам, БРСМ.

Аўтар: Маргарыта Ушкевіч
margo@zviazda.by
Звязда, 16 жніўня 2017
 
Дата публикации:16.08.2017
Тематика:Культура, Спорт и Туризм
Просмотров:890
 
Ключевые слова:
Аўгустоўскі канал Экология Туризм в Беларуси БРСМ
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме