https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Рыа-дэ-Жанейра адкрыліся XXХI Алімпійскія гульні


У Рыа-дэ-Жанейра адкрыліся XXXI летнія Алімпійскія гульні. Афіцыйны старт спаборніцтвам даў выканаўца абавязкаў прэзідэнта Бразіліі Мішэль Тэмер на стадыёне "Маракана" вечарам 5 жніўня (раніцай 6 жніўня па мінскім часе).
Алімпіяда будзе доўжыцца да 21 жніўня. На ёй будзе разыграна рэкордная колькасць камплектаў медалёў — 306 у 28 відах. Заяўлена больш за 10,5 тыс. спартсменаў з 207 краін (яшчэ адзін рэкорд). Пад алімпійскім сцягам выступіць зборная бежанцаў.

У складзе беларускай дэлегацыі 124 спартсмены (24 віды). Гэта найменшае прадстаўніцтва краіны на Алімпіядах. У 1996 годзе ў Атланце (ЗША) іх было 144 (заваявана 15 медалёў), у 2000-м у Сіднэі (Аўстралія) — 134 (17), у 2004-м у Афінах (Грэцыя) — 151 (15), у 2008-м у Пекіне (Кітай) — 181 (18), у 2012 годзе ў Лондане (Вялікабрытанія) — 173 (12).

Колькасць дэлегацыі антырэкордная ў тым ліку з-за допінгавых скандалаў: ад Алімпіяды адхілена мужчынская зборная па веславанні на байдарках і каноэ, а таксама шэраг лёгкаатлетаў і штангістаў. Спроба апратэставаць дыскваліфікацыю зборнай па веславанні аказалася няўдалай.

Афіцыйны беларускі сцяг на цырымоніі адкрыцця нёс велагоншчык Васіль Кірыенка, які ўжо 6 жніўня выступіць у групавой гонцы. Гэты абавязак павінен быў выканаць былы стралок Сяргей Мартынаў, аднак Міжнародны алімпійскі камітэт пастанавіў, што сцяганосцамі могуць быць толькі дзеючыя спартсмены. Кірыенку крытыкавала нацыянальна арыентаваная грамадскасць з-за непаважлівых, на яе думку, выказванняў у дачыненні да беларускай мовы (у прыватнасці, ён назваў мову мёртвай).

У ранейшыя часы перад беларускімі спартсменамі ставілася задача заваяваць на летняй Алімпіядзе 25 медалёў. Зараз такія планы афіцыйна не абнародуюцца.

12 ліпеня на афіцыйнай цырымоніі провадаў беларускай дэлегацыі Аляксандр Лукашэнка, які з 1997 года з`яўляецца нязменным прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта, заявіў: "Памятайце, што вашы высокія вынікі — гэта пазітыўны імідж Беларусі і паказчык яе паспяховага развіцця. Для беларускіх атлетаў гэтыя гульні стануць самым важным экзаменам чатырохгоддзя. Наша дзяржава зрабіла ўсё неабходнае, каб вы мелі магчымасць спакойна падрыхтавацца і годна выступіць на гэтых спаборніцтвах".

У гэты раз, паводле слоў Лукашэнкі, спартсменам не даводзілі медальных планаў. Разам з тым "краіна мае права чакаць ад кожнага поўнай канцэнтрацыі і самааддачы на мяжы чалавечых магчымасцяў". "Мы ўсе чакаем вашых перамог. Наша каманда — гэта арганічны сплаў маладосці і досведу. Для адных гэта першая ў жыцці Алімпіяда, але шмат хто ўжо выступаў на галоўных гульнях чатырохгоддзя", — сказаў афіцыйны лідар.

22 ліпеня падчас размовы з рабочымі ў Магілёве Лукашэнка выказаўся наконт допінгавых скандалаў: "Я катэгарычна падтрымліваю тых, хто змагаецца з гэтай заразай. Нам гэта і па-дзяржаўнаму выгадна. Калі гэты працэс не кантраляваць, мы заўсёды будзем у хвасце, таму што багатыя і магутныя дзяржавы знойдуць, што падсунуць спартсменам. Нават тое, што сёння не забаронена".

Разам з тым, лічыць ён, пакаранне павінна быць персаніфікаваным: "Гэтыя падыходы — агулам пакараць, недзе нехта сказаў, фактаў на руках няма, і пачынаюць гнабіць, б`юць па тых, хто ў перспектыве можа атрымаць медалі на Алімпіядзе, — гэта кажа пра тое, што спорт даўно стаў вялікай палітыкай, нават становіцца нейкім тэатрам ваенных дзеянняў. Гэта няправільна".

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 6 жніўня 2016
 
Дата публикации:06.08.2016
Тематика:Новости, Спорт и Туризм
Просмотров:672
 
Ключевые слова:
Олимпиада Допинг Рио-де-Жанейро Спорт в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме