https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


МАЗ гатовы пад заказ сабраць "дакараўскі" грузавік за 250—300 тыс. еўра


Спартыўныя грузавікі, што выпускаюцца ў штучных асобніках на Мінскім аўтазаводзе для ралі-рэйдаў, даступныя пакупнікам.
Прыблізны кошт новага спорткара для заказчыка складае 250—300 тыс. еўра ў залежнасці ад камплектацыі, паведамілі прадстаўнікі спартыўнай каманды "МАЗ-СПОРТаўта".

"Спартыўны грузавік можа быць сабраны для любога заказчыка, зыходзячы з яго пераваг. Пры супастаўных характарыстыках кошт гоначнага аўтамабіля МАЗ у 2-3 разы ніжэйшы ў параўнанні са спартыўным грузавіком расійскай вытворчасці. Пры гэтым цана аўтамабіля будзе залежаць ад тых параметраў, якія жадае атрымаць заказчык", — адзначыў куратар "МАЗ-СПОРТаўта", намеснік камерцыйнага дырэктара ААТ "МАЗ" Дзмітрый Караткевіч.

Мінскі аўтазавод упершыню сабраў спартыўны грузавік мадэлі МАЗ-5309RR у 2010 годзе. Машыны прайшлі выпрабаванні ў экстрэмальных умовах ралі-рэйдаў "Дакар" і "Шаўковы шлях". Паводле слоў спецыялістаў прадпрыемства, удзел у гонках дазваляе паляпшаць характарыстыкі гоначных аўтамабіляў і ўкараняць новыя канструктарскія рашэнні.

У апошняй версіі грузавікоў, якія цяпер выкарыстоўваюцца камандай на "Дакары", інжынеры паменшылі вагу канструкцый, прымяніўшы элементы з высокатрывалай сталі і лёгкіх кампазітных матэрыялаў. Таксама была павялічана магутнасць рухавіка. Як сцвярджаюць спецыялісты прадпрыемства, па сваіх тэхнічных характарыстыках спартыўныя грузавікі МАЗ не саступаюць аўтамабілям расійскай каманды "КАМАЗ-Майстар", якая мае без малога 25-гадовы вопыт удзелу ў "Дакары".

Сёлета адразу тры экіпажы "МАЗ-СПОРТаўта" ўдзельнічаюць у ралі-рэйдзе "Дакар-2014". Стартавы ўзнос для беларускай каманды — 307 тыс. еўра. У цэлым бюджэт каманды, у які ўваходзяць расходы на падрыхтоўку аўтамабіляў і гоншчыкаў да ралі-рэйдаў, паліва, пералёты і пражыванне, складае каля 900 тыс. еўра. Амаль усю суму беларуская каманда збірае за кошт партнёраў і спонсараў, якія таксама бяруць на сябе частку асноўных расходаў. Напрыклад, тэхнічны партнёр каманды, аператар velcom, дае бясплатную мабільную сувязь. Для параўнання: бюджэт расійскай каманды "КАМАЗ-Майстар" у 2,5 разу вышэйшы.

Уладальнікам каманды "МАЗ-СПОРТаўта" з`яўляецца ААТ "МАЗ". Адзін з лепшых сваіх вынікаў каманда паказала на расійскім ралі "Шаўковы шлях 2013", калі МАЗ Сяргея Вязовіча заняў па выніках гонкі трэцяе месца.

Сёлета "Дакар" стартаваў 5 студзеня і аказаўся самым доўгім пасля яго пераезду ў Паўднёвую Амерыку. Маршрут ралі праходзіць па тэрыторыях трох краін: Аргенціны, Балівіі і Чылі. Падчас марафона грузавікам трэба праехаць 9.188 км, пазадарожнікам — 9.374 км, матацыклам і квадрацыклам — 8.734 км. Усяго ў гонцы ўдзельнічаюць 174 матацыклы, 40 квадрацыклаў, 147 пазадарожнікаў і 70 грузавых аўтамабіляў. Завершыцца ралі 18 студзеня ў чылійскім горадзе Вальпараіса.

Па выніках 11-га этапу "Дакара-2014", які прайшоў 16 студзеня, экіпаж Сяргея Вязовіча каманды "МАЗ-СПОРТаўта" падняўся ў зводнай табліцы на дзве пазіцыі і цяпер займае 11-е месца ў класіфікацыі "Грузавікі" (адставанне ад лідара — 8 гадзін 17 хвілін 17 секунд). Экіпаж Аляксандра Васілеўскага апусціўся ўніз на адну пазіцыю і ідзе 31-м (+30 гадз. 1 хвіл.  38 сек.).

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 17 студзеня 2014
 
Дата публикации:17.01.2014
Тематика:Бизнес, Спорт и Туризм
Просмотров:1628
 
Ключевые слова:
МАЗ Ралли Дакар-2014
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме