https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Імідж Беларусі: што ведаюць пра нас у свеце?


Міжнародны форум "Імідж Рэспублікі Беларусь: час дзейнічаць" пройдзе ў пачатку снежня ў Мінску.

Гэтае мерапрыемства ладзіцца трэці год запар і ставіць перад сабой мэту выявіць цікавыя ініцыятывы і праекты, якія б прасоўвалі Беларусь у розных напрамках. Сёлета на форуме пройдуць тры секцыйныя пасяджэнні: "Турызм і пазіцыянаванне гарадоў", "Камунікацыі: каналы і тэхналогіі", "Міжнародны гандаль і інвестыцыі". Акрамя таго, падчас форуму пройдзе конкурс творчых работ — будуць абмеркаваны і выбраны лепшыя працы ў намінацыях "Беларусь турыстычная", "Чэмпіянат свету па хакеі 2014", "Беларусь падзейная", "Прасоўванне гарадоў і рэгіёнаў", "Зроблена ў Беларусі". Дарэчы, яшчэ ёсць шанц прыняць удзел у конкурсе — працы прымаюцца да 23 лістапада.

Напярэдадні форуму арганізатары правялі прэс-канферэнцыю, дзе расказалі пра сваё бачанне важнасці стварэння станоўчага іміджу нашай краіны. Напрыклад, Анатоль Аканцінаў, генеральны дырэктар Цэнтра стратэгічнага развіцця "Маркетынгавыя сістэмы", арганізатар форуму, лічыць, што брэнд краіны ствараецца з асобных кавалкаў:

— Брэнд краіны — гэта ўсё-такі зборны вобраз. І ён больш устойлівы, калі ствараецца па частках: з брэндаў асобных гарадоў, брэндаў прадукцыі, брэндаў турыстычных падзей і г.д. Тады з гэтых "кавалкаў" складаецца разуменне і ўспрыняцце краіны ў цэлым.

А прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Савіных перакананы, што брэнд краіны нельга ўзважыць ці памераць:

— Мы ніколі не ўспрымалі брэнд Беларусі як нейкі прадукт, які мае завершаныя формы і які можна памераць у кілаграмах ці сантыметрах. Справа ў тым, што гэта дынамічная сістэма, якая пастаянна мяняецца і развіваецца. І трэба, каб гэтая сістэма транслявала пазітыўны сігнал у свет.

Дарэчы, зараз даследчы цэнтр ІNSTІD з Вялікабрытаніі займаецца распрацоўкай брэнда горада Мінска, што з`яўляецца прыкладам стварэння тэрытарыяльнага брэнда. Пра тое, як рухаецца гэта працэс і наогул навошта гораду брэнд, расказала Наташа Гранд, прадстаўнік кампаніі ІNSTІD, кіраўнік праекта "Брэнд "Мінск":

— Тое, што мы робім для Мінска — гэта самы маштабны праект тэрытарыяльнага брэндынгу ў Беларусі. Брэнд патрэбны для таго, каб ва ўмовах вельмі вялікай канкурэнцыі гарадоў і краін у свеце ўпэўнена заявіць пра сябе. Брэнд — гэта неабходнасць практычна для любога горада і краіны ў ХХІ стагоддзі. Бо даследаванні паказваюць, што ўзровень разумення міжнароднай публікі можна параўнаць з узроўнем увагі 8-гадовага дзіцяці, якое гуляе ў камп`ютарную гульню: вам трэба яго нечым прывабіць, даць штосьці цікавае, і пры гэтым заявіць пра сябе так, каб ён запомніў.

Па яе словах, у грамадстве распаўсюджана думка, што брэнд нібыта ствараецца для турыстаў ці для замежнай аўдыторыі. Але насамрэч гэта робіцца ў першую чаргу для саміх жыхароў:

— Брэнд — гэта пэўны адбітак, які ёсць на ўсім, што адбываецца ў горадзе — на людзях, на працэсах, на размовах, на стасунках. Каб можна было паглядзець на двух чалавек і сказаць — во гэты з Мінска, а той — не. І вялікая частка нашай працы заключаецца ў тым, каб сфармуляваць асноўную ідэю Мінска, якая ўласціва ўсяму, што адбываецца ў горадзе, і яе перадаць.

Дарэчы, мінчане і самі, здаецца, не ведаюць, якая ў горада асноўная ідэя. Бо, згодна з вынікамі праведзенага даследавання, людзі даюць вызначэнне Мінску ці ў супрацьстаўленні з вёскай, ці кажуць, што Мінск — гэта сталіца Беларусі. А паняцце, што такое Мінск сам па сабе як горад — не перададзена.

Паколькі Наташа Гранд даволі доўга жыве ў Лондане, то карэспандэнт "Звязды" пацікавіўся ў яе: а што замежнікі ведаюць пра Беларусь і з чым яна ў іх асацыюецца? Дый ці ведаюць наогул пра такую краіну?

— Ведаеце, калі я ў 1999 годзе казала, што з Беларусі, то ўсе пыталіся, дзе гэта. Зараз, калі кажу, што з Беларусі, чакаю такое ж пытанне. Але людзі кажуць: "А, ведаю". І гэтае разуменне ёсць ужо гадоў 5-6 — пра Беларусь ведаюць. Калі браць падборку прэсы ці ў "Гугле" напісаць "Беларусь", то палова навін будзе пра спорт: Азаранка, Глеб, БАТЭ — пра іх пішуць. Так што пра Беларусь ведаюць, але пытанне ў тым, што канкрэтна ведаюць. Напрыклад, у Мінску ёсць шмат цікавых высокатэхналагічных прадпрыемстваў, і калі яны пачынаюць супрацоўнічаць з замежнымі партнёрамі, то апошнія здзіўляюцца: "Што, у Беларусі такое ёсць? Мы думалі, толькі бульба". Таму, калі мы заўсёды кажам, што ў нас толькі аграгарадкі і бульба, то гэта пра нас і будуць ведаць.

Андрэй Савіных дадаў, што Беларусь мае вельмі пазітыўны імідж у Паўднёва-Усходняй Азіі, Кітаі, Індыі, на Блізкім Усходзе, у Лацінскай Амерыцы:

— Гэта вялізныя рэгіёны свету, дзе пра нас пішуць або добра, або нічога. Не буду перабольшваць пазнавальнасць Беларусі ў гэтых краінах — зразумела, што большасць насельніцтва не ведае нас і, можа быць, не будзе ведаць ніколі. Але сацыяльна актыўныя праслойкі, звязаныя з палітыкай і глабальнай эканомікай, ведаюць Беларусь і ставяцца да яе з вялікай павагай.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў адзначыў, што ўсе 7 мільярдаў чалавек на зямлі ніколі не будуць ведаць пра Беларусь, але такой задачы і не ставіцца:

— Мы самі павінны вызначыць мэтавыя аўдыторыі, краіны і рэгіёны, з якімі мы хочам больш актыўнага ўзаемадзеяння. Зыходзячы з гэтага і трэба думаць над тым, дзе мы павінны прыкласці больш намаганняў для павышэння пазнавальнасці краіны.

Павел Бераснеў
Звязда, 19 кастрычніка 2012

 
Дата публикации:18.10.2012
Тематика:Культура, Спорт и Туризм
Просмотров:2544
 
Ключевые слова:
Брэнд Минска Беларусь
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме