Мужчынская байдарка-чацвёрка з Беларусі заваявала залаты медаль на чэмпіянаце Еўропы ў Бялградзе.
Кірыл Нікіцін, Віталь Бялько, Ілля Федарэнка і Раман Петрушэнка ў фінале на 1000 метраў паказалі выдатны вынік. Спартсмены ўжо да сярэдзіны дыстанцыі ўпэўнена лідзіравалі і не дазвалялі супернікам сябе апярэдзіць. Такім чынам, беларусы фінішыравалі першымі і паказалі вынік 2 хвіліны 48,841 секунды.
На другім месцы апынуліся весляры з Славакіі, бронза дасталася іспанскім байдарачнікам.
Раней, у першы дзень фіналаў чэмпіянату Еўропы, залатую ўзнагароду ў каноэ-адзіночцы на 500 метраў выйграла беларуска Алена Ноздрава. Спартсменка паказала вынік 2 хвіліны 03,53 секунды і паставіла сусветны рэкорд.
Таксама ў актыве ў беларускай каманды ёсць срэбны медаль на 500 метраў — вызначылася жаночая байдарка-чацвёрка.
Завершыцца Чэмпіянат Еўропы ў Бялградзе ў нядзелю, 10 чэрвеня.
Мінск, 9 чэрвеня 2018
Sputnik
Sputnik