Беларусь і Польшча плануюць у 2019 годзе правесці сумеснае спартовае мерапрыемства, прысвечанае II Еўрапейскім гульням і 100-годдзю Алімпійскага камітэта Польшчы (АКП). Такое рашэнне прынятае па выніках візіту дэлегацыі Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ў АКП.
"Гэта дзве ключавыя даты наступнага года. Польскі бок праз механізм прыгранічнага супрацоўніцтва прапануе арганізаваць сумеснае спартовае мерапрыемства, магчыма, у фармаце фестывалю да 100-годдзя Алімпійскага камітэта Польшчы і за месяц да II Еўрапейскіх гульняў", — распавёў дырэктар фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года", генеральны сакратар НАК Георгій Катулін.
Паводле папярэдняй дамоўленасці такое мерапрыемства запланаванае на Аўгустоўскім канале, размешчаным на тэрыторыі дзвюх дзяржаў. Яго фармат будзе абмяркоўвацца. Верагодна, у яго ўвойдуць веласіпедны спорт, веславанне на байдарках і каноэ і лёгкая атлетыка.
Як адзначыў Катулін, падчас сустрэч з калегамі ў Алімпійскім камітэце Польшчы закранаўся шэраг пытанняў падрыхтоўкі да II Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Беларускі бок разлічвае на прыезд значнай колькасці польскіх заўзятараў. Аматарам спорту, якія набудуць квіткі на спаборніцтвы Еўрапейскіх гульняў, не спатрэбіцца атрыманне візы.
Падчас перамоваў гаворка ішла і аб правядзенні ў Беларусі трэніровачных збораў польскімі спартоўцамі. Яны змогуць азнаёміцца са спаборніцкімі арэнамі да II Еўрапейскіх гульняў. Акрамя таго, абмяркоўваліся пытанні падрыхтоўкі атлетаў да XXXII летніх Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа (Японія). Польскія калегі выказалі гатоўнасць паспрыяць у прапрацоўцы арганізацыі маршруту дастаўкі беларускай дэлегацыі на Гульні з Мінска ў Токіа праз Варшаву.
Беларуская дэлегацыя на чале з першым віцэ-прэзідэнтам НАК Андрэем Асташэвічам знаходзілася з візітам у Польшчы з 22 па 24 мая па запрашэнні прэзідэнта Алімпійскага камітэта гэтай краіны Анджэя Красніцкага.
Паміж алімпійскімі камітэтамі Беларусі і Польшчы 18 мая 2011 года было заключана пагадненне аб тэхнічным і спартыўным супрацоўніцтве. У мэтах яго рэалізацыі бакі рэгулярна бяруць удзел у сумесных мерапрыемствах, ажыццяўляюць двухбаковыя дружалюбныя візіты, абменьваюцца інфармацыяй і вопытам па пытаннях развіцця алімпійскага руху.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 26 мая 2018
Мінск, 26 мая 2018