https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Штаб-кватэра прадстаўніцтва НАК адкрылася ў Брэсце


Штаб-кватэра абласнога прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта ў Брэсце 13 ліпеня.
У Брэсце 13 ліпеня адкрылася штаб-кватэра абласнога прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Новы алімпійскі аб`ект з`явіўся ў Брэсцкай вобласці ў год 25-годдзя НАК Беларусі.

Штаб-кватэра прадстаўніцтва стане месцам сустрэчы вядомых і пачынаючых спартсменаў з дзецьмі, прыхільнікамі спорту. "Цяпер у нас з`явілася магчымасць рэгулярна праводзіць сустрэчы, ушанаванні спартсменаў па выніках спаборніцтваў, прэс-канферэнцыі, разам адзначаць юбілейныя даты", - падкрэсліла ў размове з журналістамі дырэктар прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта ў Брэсцкай вобласці Алена Белаконенка.

Комплекс збудаванняў у гістарычным квартале горада прадстаўніцтву НАК у 2009 годзе перадаў Брэсцкі аблвыканкам, пасля чаго пачалася рэканструкцыя.

Першы будынак быў гатовы ў 2013-м. Паспець прывесці ў парадак другі будаўнікі стараліся да старту Алімпійскіх гульняў у Рыа.

Работы на аб`екце вяліся за кошт спонсарскай дапамогі прадпрыемстваў рэгіёну. У штаб-кватэры размясціліся кабінеты супрацоўнікаў ведамства, створана музейная экспазіцыя. Але галоўным упрыгажэннем стане Зала алімпійскай славы. Яе адкрыццё плануецца правесці пасля вяртання беларускіх атлетаў з галоўных стартаў чатырохгоддзя.

Права ўдзельнічаць у XXXI летніх Алімпійскіх гульнях у Бразіліі дабіліся 23 прадстаўнікі Брэсцкай вобласці ў васьмі відах спорту.

"Гэта добры паказчык. Упэўнены, што нашы спартсмены пакажуць дастойныя вынікі. Мы гэтага ад іх чакаем", - сказаў на ўрачыстай цырымоніі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс. Ён дадаў, што ўклад рэгіёна ў алімпійскі рух значны. Алімпійскія медалі заваяваў 21 ураджэнец вобласці ў сямі відах спорту, чатыры сталі алімпійскімі чэмпіёнамі.

"Спорт выхоўвае пачуццё патрыятызму, мэтанакіраванасць, настойлівасць, працавітасць. Гэтыя якасці важны для ўсіх людзей, якія клапоцяцца аб працвітанні краіны. Спадзяюся, што ў гэтым будынку спартсмены будуць часта сустракацца з падрастаючым пакаленнем і перадаваць ім свой вопыт", - рэзюмаваў губернатар.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця штаб-кватэры прадстаўніцтва НАК у Брэсцкай вобласці прынялі ўдзел віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Мікалай Ананьеў, кіраўніцтва горада і вобласці, чэмпіёны і прызёры Алімпійскіх гульняў розных гадоў, ветэраны спорту: Сяргей Макаранка, Леанід Тараненка, Юлія Несцярэнка, Раман Петрушэнка і іншыя.

Аляўціна Чарнаволава, Брэст
БЕЛТА, 13 ліпеня 2016
 
Дата публикации:13.07.2016
Тематика:Культура, Спорт и Туризм
Просмотров:945
 
Ключевые слова:
Брэст Национальный олимпийский комитет Спорт в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме