https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Пачаўся прыём заявак на ўдзел у IХ чэмпіянаце Еўропы па ручной касьбе нізінных балот у заказніку "Спораўскі"


Пачаўся прыём заявак на ўдзел у IХ чэмпіянаце Еўропы па ручной касьбе нізінных балот, які пройдзе 23 жніўня ў рэспубліканскім біялагічным заказніку "Спораўскі" (Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць) у межах экалагічнага фестывалю "Спораўскія сенакосы".
Як паведамляюць арганізатары мерапрыемства, еўрапейскае першынство пройдзе ў Беларусі ўпершыню. Заяўкі на ўдзел можна падаваць да 10 жніўня па тэлефоне (01643) 222-31 і электроннай пошце rbz.sporovskij@gmail.com.

Спаборніцтвы будуць праходзіць у камандным і асабістым першынстве. У склад каманды ўваходзяць два ўдзельнікі і кіраўнік. Для перамогі ў спаборніцтвах каманда павінна лепш і хутчэй пракасіць паласу даўжынёй 100 метраў і шырынёй 3 метры. Лепшыя касцы каманднага першынства пасля возьмуць удзел у асабістым заліку, дзе ім трэба будзе выкасіць паласу даўжынёй 100 метраў і шырынёй 1,5 метра.

Дадаткова будуць узнагароджаны касцы ў намінацыі "Прыз сімпатый гледачоў", удзел у якой могуць узяць усе жадаючыя. Для гэтага трэба будзе пракасіць паласу даўжынёй 30 метраў і шырынёй 1,5 метра.

Удзельнікі спаборніцтваў павінны мець асабістыя косы і дадатковыя інструменты для іх абслугоўвання.

"Чэмпіянат не толькі мае мэту вызначэння лепшага касца ў Еўропе, але і вялікае прыродаахоўнае значэнне, — адзначылі ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. — Вынікам зніжэння ў апошнія дзесяцігоддзі цікавасці да балот як да сенакосных угоддзяў стала зарастанне гэтых балот, што прывяло да пагаршэння прыродных месцаў рассялення некаторых відаў птушак і скарачэння іх колькасці".

У прыватнасці, у заказніку "Спораўскі" кашэнне балота стварае аптымальныя ўмовы для вяртлявай чарацянкі, якая знаходзіцца пад пагрозай знікнення.

У межах фестывалю ў заказніку таксама пройдуць першы адкрыты чэмпіянат па футболе на балоце і кірмаш праектаў Праграмы малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду. Акрамя гэтага, госці і ўдзельнікі мерапрыемства змогуць прайсці па экалагічнай вераўчанай сцежцы і паназіраць за птушкамі са спецыяльна абсталяванай пляцоўкі. Для дзяцей будзе працаваць парк забаў. На фестывалі выступяць творчыя калектывы "Святліца", "Спораўскі акалот", "Хмелеўскія валацугі" і гурт "Палац".

Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 27 ліпеня.
 
Дата публикации:27.07.2014
Тематика:Культура, Спорт и Туризм
Просмотров:1500
 
Ключевые слова:
Косьба Экология Низинные болота Чемпионат Европы
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме