https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Лукашэнка правёў кадравыя перастаноўкі ў сферы спорту


Новым міністрам спорту і турызму Беларусі прызначаны Аляксандр Шамко, памочнікам прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму — Максім Рыжанкоў.
Адпаведныя рашэнні Аляксандр Лукашэнка прыняў 31 кастрычніка, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы таксама ўнёс у выканкам Нацыянальнага алімпійскага камітэта кандыдатуру Ігара Рачкоўскага для яго абрання першым віцэ-прэзідэнтам НАК.

Аляксандр Шамко раней займаў пасаду намесніка міністра па надзвычайных сітуацыях, Максім Рыжанкоў працаваў начальнікам упраўлення знешняй палітыкі Адміністрацыі прэзідэнта. Ігар Рачкоўскі 31 ліпеня быў адпраўлены ў адстаўку з пасады старшыні Дзяржпагранкамітэта, прычынай яго звальнення стала парушэнне дзяржаўнай мяжы шведскім лёгкаматорным самалётам летам гэтага года.

Аляксандр Лукашэнка назваў Шамко чалавекам, невыпадковым у спорце, адзначыўшы, што ў МНС ён курыраваў зборную каманду па пажарна-ратавальным спорце, якая чатыры разы станавілася чэмпіёнам свету (найбольшая колькасць перамог прадстаўнікоў адной краіны ў гісторыі гэтага віду спорту).

Ігар Рачкоўскі цяпер узначальвае Беларускую федэрацыю паруснага спорту, добра знаёмы з пытаннямі развіцця спорту вышэйшых дасягненняў, адзначаецца ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта.

Лукашэнка запатрабаваў ад новапрызначаных чыноўнікаў неадкладна пачаць працу. Ужо сёння яны будуць прадстаўлены калектывам.

"Гэтыя кадравыя рашэнні былі прынятыя напярэдадні заўтрашняга пасяджэння выканкама НАК, на якім будуць вырашаны ўсе асноўныя арганізацыйныя пытанні дзейнасці абноўленага выканкама, вызначаны задачы віцэ-прэзідэнтаў і кожнага члена выканкама. У мэтах выканання рашэнняў Алімпійскага сходу, які адбыўся на мінулым тыдні, выканкаму неабходна абмеркаваць і зацвердзіць найбольш актуальныя аспекты функцыянавання Алімпійскага руху Беларусі", — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Каментуючы новыя прызначэнні, былы міністр спорту Аляксандр Грыгараў адзначыў, што новага памочніка прэзідэнта па пытаннях фізкультуры, спорту і развіцця турызму Максіма Рыжанкова ведае даўно. "Ён вельмі прыемны чалавек, адукаваны. Я з задавальненнем успрыняў яго прызначэнне", — сказаў Грыгараў.

"Што да Рачкоўскага, то нам з ім даводзілася працаваць разам, бо ён і па гэты дзень узначальвае федэрацыю паруснага спорту. Магу сказаць, што ўсе пытанні, якія нам даводзілася вырашаць, вырашаліся аператыўна, так бы мовіць, па-генеральску", — адзначыў Грыгараў.

Наконт новага міністра спорту Грыгараў нічога не змог сказаць, бо не знаёмы з ім.

"Наогул, на мой погляд, такія жорсткія рашэнні прэзідэнта аб змене вярхоў у спартыўнай галіне больш чым апраўданыя. Ёсць праца, а ёсць вынікі працы, і па гэтых самых выніках прыняты такія рашэнні", — дадаў былы міністр спорту.

Нагадаем, 26 кастрычніка на Алімпійскім сходзе Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў працу чыноўнікаў спартыўнай галіны. Ён заявіў, што Алімпійскія гульні ў Лондане сталі сапраўдным расчараваннем для ўсяго беларускага народа.

"Так, у нас ёсць шмат пытанняў да судзейства ў Лондане. Але ўсе спартыўныя чыноўнікі ведалі і павінны былі ўлічваць, куды мы едзем і як там ставяцца да спартсменаў высокага ўзроўню, якія гатовы адабраць медалі ў моцных свету гэтага", — заявіў прэздэнт.

Паводле слоў Лукашэнкі, трэба ўлічыць усе недапрацоўкі, атрымаць урокі і эфектыўна вырашаць задачы, што стаяць перад спартыўнай грамадскасцю. "Не крыўдзіцеся, але — з іншымі людзьмі ў кіраўніцтве", — дадаў ён.

Лукашэнка нагадаў, што персанальная адказнасць за вынікі ў спартыўнай галіне раней ужо была вызначана па формуле "3+1": "Міністр (спорту Алег Качан. — БелаПАН.), Заічкаў (першы віцэ-прэзідэнт НАК, памочнік прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму), Цяцерын плюс Аляксеенка (абодва — віцэ-прэзідэнты НАК). І тады мы дамовіліся: правал — вы ўсе ідзяце спачываць на лаўрах або на пенсію, або на нейкую іншую працу".

"На аднаго трэнера павінен быць хаця б адзін вялікі спартсмен", — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што наступная Алімпіяда — зімовая 2014 года — "будзе праходзіць у суседняй Расіі, і паспяховае выступленне там — гэта проста справа і пытанне прэстыжу". "Грамадства больш не пацерпіць такіх правалаў, якія адбыліся з нашай нацыянальнай камандай гэтым летам у Вялікабрытаніі", — сказаў ён.

Прэзідэнт падкрэсліў, што асабіста для яго і для дзяржавы спорт — "гэта вялікая справа, вялікая эканоміка".

Таццяна Каравянкова, Аляксандр Ванковіч, БелаПАН
Мінск, 31 кастрычніка 2012 
 
Дата публикации:31.10.2012
Тематика:Новости, Спорт и Туризм
Просмотров:2407
 
Ключевые слова:
Спорт в Беларуси Олимпиада Кадровые перестановки
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме