https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Два прэтэндэнты. А карона адна


10 мая ў Маскве пачынаецца матч за званне абсалютнага чэмпіёна свету па шахматах.

Масква, музей, інжынерны корпус Траццякоўскай галерэі. Менавіта там пачынаецца дуэль паміж уладальнікам шахматнай кароны Вішы Анандам (Індыя) і прэтэндэнтам на каралеўскі тытул, выхаванцам беларускай шахматнай школы Барысам Гельфандам. Ураджэнец радзімы шахмат Індыі Вішванатан Ананд апошнім часам месцам жыхарства абраў Іспанію. Барыс Гельфанд нарадзіўся ў Мінску, але з 1998 года жыве з сям`ёй у Ізраілі. Вішы і Барыс амаль аднагодкі: экс-мінчаніну 44 гады, а экс-індыец на некалькі месяцаў маладзейшы.

Шахматны серыял будзе складацца з 12 паядынкаў з класічным кантролем часу, а пры нічыйным выніку 6:6 рэгламент матча прадугледжвае "тай-брэйк" (чатыры дадатковыя партыі ў хуткія шахматы). Няма ніякіх таямніц і наконт прызавога фонду — ён складае два з паловай мільёны долараў. Дзяльба гэтай сумы такая: 60% чэмпіёну (плюс карона) і 40% — віцэ-чэмпіёну.

Пакуль шахматныя гадзіннікі яшчэ не запушчаны і гульня не пачалася, пагартаем старонкі шахматнага дасье. Апошнім часам Барыс Гельфанд даволі неахвотна рассакрэчвае таямніцы сваёй творчай лабараторыі. Гэта зразумела. І тым не менш...

У свой час з Барысам мяне звёў журналісцкі лёс. Прыгадваю мінскі жнівень 1979 года. У адным з мікрараёнаў беларускай сталіцы спартыўны клуб "Саюз-9" ладзіў фізкультурна-аздараўленчае свята пад назвай "Тата, мама і я — спартыўная сям`я". Спаборнічалі аматары розных відаў спорту — валейбалісты, тэнісісты, футбалісты, шашысты, аднак масоўку гульцоў і балельшчыкаў сабраў шахматны бліц-турнір. Знаўцы старажытнай гульні розных узростаў — ад піянераў да пенсіянераў — згрупаваліся каля століка, за якім сядзеў чарнявы хлопчык. Паводзіны яго сапраўды не маглі не зацікавіць: драўляныя фігуры на дошцы ў чорна-белую клетачку ён перасоўваў імпульсіўна, амаль не задумваючыся, а сам у гэтыя імгненні жангліраваў заваяванымі пешкамі, сланамі і канямі, прыўзнімаўся з крэсла, бо яшчэ ледзь-ледзь дацягваўся, каб націснуць кнопку шахматнага гадзінніка...

Я таксама наблізіўся да эпіцэнтра падзей і адразу ўспомніў, дзе бачыў таго хлопчыка. Дык гэта ж "стары знаёмы Барыс", з якім мы сустракался год таму ў шахматным клубе па вуліцы Змітрака Бядулі на шахматным мемарыяле Аляксея Сакольскага... Тады вучань трэцяга класа Барыс разам з бацькам прыходзіў браць не толькі ўрокі шахматнага майстэрства, а насамрэч падтрымаць васьмікласніка адной са школ горада Баку — будучага пераможцу мінскага турніру, а неўзабаве і будучую зорку сусветных шахмат Гарыка Каспарава... І вось яшчэ адна сустрэча з Барысам, а ён выступаў ужо не ў якасці балельшчыка, а гульца, які "матаваў" аднаго саперніка за другім...

Разгаварыліся. Менавіта тады я і занатаваў міні-маналог вучня 4-га класа Барыса Гельфанда для часопіса "Беларусь": "У нашым двары заўсёды весела і некалі сумаваць. Фізкультура гартуе волю, уздымае настрой. У мяне першы разрад па шахматах, сам я з ахвотаю, акрамя шахмат, ганяю футбольны мяч..."

Мінула дзве вясны, і ў Маскву, на шахматную сесію знакамітай школы экс-чэмпіёна свету Тыграна Петрасяна прыехаў з Мінска ўжо знаёмы нам хлопчык, вучань 6-га класа Барыс Гельфанд. Манера, стыль гульні юнага мінчаніна (дарэчы, ужо кандыдата ў майстры) прыйшліся даспадобы Тыграну Вартанавічу, і ён адзначыў: "Для Барыса шахматы пакуль што забава... Ці вырасце з яго гросмайстар? Пажывём — пабачым..."

Пажылі... І што пабачылі? Пабачылі шмат цікавага...

Зіма 1983 года. На мемарыяле заслужанага трэнера СССР Аляксея Сакольскага вучань восьмага класа Барыс Гельфанд паднёс сюрпрыз: ён апярэдзіў 2 гросмайстраў і 11 майстроў, заняў першае месца і сам выканаў нарматыў майстра спорту СССР! Адбылося "паўтарэнне пройдзенага"? Мелася на ўвазе перамога на падобным мемарыяле ў тым жа шахматным клубе па вуліцы Змітрака Бядулі васьмікласніка з Баку Гарыка Каспарава. Сёй-той гэтае супадзенне ўспрыняў як "маленькую сенсацыю мясцовага значэння". А насамрэч тады адбылася падзея знакавая, бо таленавіты дэбютант Барыс Гельфанд пайшоў шляхам Каспарава. Праўда, крочыў ён да шахматнага алімпу не такімі хуткаснымі тэмпамі, як некалі "рэактыўны Гарык"...

Званне міжнароднага гросмайстра Барыс атрымаў у 20-гадовым узросце. У складзе мужчынскай зборнай СССР на сусветнай шахматнай Алімпіядзе (1990 г.) у горадзе Нові Сад (Югаславія) мінчанін становіцца чэмпіёнам. На пачатку дзевяностых ён упэўнена крочыць ад перамогі да перамогі: займае першыя месцы на супертурнірах у Бялградзе і Маскве, на міжзанальных турнірах у Маніле і Біле.

Рэкорды ў шахматах не фіксуюцца. Шкада, што так. Бо, калі б фіксаваліся, Барыс Гельфанд мог патрапіць у Кнігу Гінэса, як рэкардсмен СССР, Еўропы і ўсяго свету.

Звернемся да храналогіі.

На чэмпіянат СССР 1989 года ў Адэсу Барыс Гельфанд прыехаў дэбютантам, а вяртаўся ў Мінск трыумфатарам — уладальнікам шматлікіх трафеяў. Ён заваяваў бронзавы медаль і ажно тры (!) прызы: "Лепшаму дэбютанту", спецыяльны прыз часопіса "64 — шахматное обозрение" "За найбольшую колькасць матэрыялу, ахвяраванага падчас чэмпіянату СССР" і "За лепшы вынік чорнымі фігурамі".

Рэкордам Еўропы можна лічыць вось гэтае дасягненне нашага земляка: 6 турніраў на міжнародным узроўні за год і ва ўсіх 6 (!) была дзяльба прызавых месцаў з удзелам Барыса Гельфанда.

Падчас чэмпіянату свету 2007 года ў далёкім Мехіка паядынак паміж расіянінам Уладзімірам Крамнікам (на той час уладальнікам шахматнай кароны) і экс-мінчанінам Барысам Гельфандам знаўцы старажытнай гульні зафіксавалі для гісторыі неафіцыйны рэкорд. На дошцы пасля 33-га ходу Крамніка (ён гуляў белымі) склалася сітуацыя на злом галавы. І вось тут навідавоку "белай гвардыі" кароль Гельфанда здзейсніў смелы, а галоўнае, нечаканы манеўр, які завецца "доўгая ракіроўка". "У чым жа была дзёрзкасць чорнага караля?" — спытаеце вы. Адказ на гэтае пытанне дае сведка — аглядальнік расійскай газеты "Спорт-экспресс" Юрый Васільеў: "Фантастыка! Ракіроўку падчас 33 ходу яшчэ не даводзілася бачыць вашаму карэспандэнту за ўсю яго трыццацігадовую практыку шахматнага рэпарцёра. Ды гэта ж своеасаблівы сусветны рэкорд!.."

І на заканчэнне... Калі ў спартыўнай біяграфіі выхаванца беларускай шахматнай школы Барыса Гельфанда ёсць сусветны рэкорд (няхай сабе і неафіцыйны), чаму ж у матчы чэмпіянату свету з Вішы Анандам яму не здзейсніць яшчэ адзін фантастычны ход — ход да вяршынь шахматнага алімпу?!.

Іосіф Калюта
Звязда, 5 мая 2012

 
Дата публикации:05.05.2012
Тематика:Новости, Спорт и Туризм
Просмотров:2523
 
Ключевые слова:
Чемпионат мира Шахматы Борис Гельфанд
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме