https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


"МАЗ" фінішаваў на знакамітым ралі


Дэбют каманды Мінскага аўтазавода на самым вядомым у свеце ралі-марафоне многія ўжо паспелі ахрысціць перамогай. І нездарма. Беларускі "МАЗ" выйшаў пераможцам у напружанай барацьбе з цяжкай і небяспечнай трасай "Дакара"!

Нашы спартсмены не проста фінішавалі ў Ліме, а завяршылі гонку ў сярэдзіне агульнага заліку. Такое дагэтуль удавалася мала каму з дэбютантаў.

У пятніцу, 20 студзеня, беларуская каманда "МАЗ-СПОРТаўта" вяртаецца ў Мінск. За яе плячыма — амаль дзевяць тысяч кіламетраў шляху па тэрыторыі трох краін: Аргенціны, Чылі і Перу.

Даехаць да фінішу ў перуанскай сталіцы здолелі толькі 60 з 77 грузавікоў, якія стартавалі ў Мар-дэль-Плата 1 студзеня новага года. Быў сярод іх і гоначны "МАЗ" — "баявая" машына № 545. Па выніках 14 этапаў гонкі наш экіпаж у складзе пілота Аляксандра Васілеўскага, штурмана Валерыя Казлоўскага і механіка Антона Запарошчанкі заняў 31 месца ў агульным заліку грузавікоў. І тым самым апярэдзіў многіх вядомых і вопытных гоншчыкаў.

Перамогу ж у класе цяжкіх машын на гэты раз святкаваў галандзец Жэрар дэ Рой на "Івека", другое месца — у яго партнёра па камандзе Ханса Стэйсі, а трэцяе — у экіпажа Артура Ардавічуса з казахстанскай каманды "Астана".

Экіпажы расійскага "КАМАЗ-майстра", шматгадовага пераможцы "Дакара", — толькі на чацвёртай і пятай пазіцыі. Яшчэ два баліды Камскага аўтазавода выбылі з гонкі: адзін — па прычыне паломкі рухавіка, другі быў дыскваліфікаваны.

Сярод тых, хто не дайшоў да фінішу ралі-марафона, на жаль, быў і адзін экіпаж "МАЗ-СПОРТаўта" пад стартавым нумарам 541. Падчас сёмага этапу машына беларускага пілота Аляксандра Паляшчука ўжо ў цемры, на дзюне, лягла на бок і працягваць гонку не змагла — балід быў зняты са спаборніцтваў з-за праблем з каркасам бяспекі.

Затое наш 545-ы стартавы нумар з таго моманту зрабіў сур`ёзны рывок наперад — у сярэдзіну пелетону.

— Найбольш складанымі нам падаліся менавіта дзюны, досведу "абыходжання" з імі ў каманды дагэтуль не было. Хаця і ўвесь маршрут ралі "Дакар-2012", які пралягаў праз горы, пустыні, лёгкім назваць нельга. Здаралася, цяжкая машына зарывалася ў пясок, даводзілася яе адкопваць — і часам нават здавалася, што гэта ўсё: выбрацца адсюль мы ўжо не здолеем, — распавёў па тэлефоне пасля фінішу гонкі начальнік каманды "МАЗ-СПОРТаўта" і штурман "баявой машыны" пад нумарам 545 Валерый Казлоўскі.

Тым не менш раз за разам намаганні беларускага экіпажу завяршаліся поспехам, і гоначны "МАЗ" працягваў свой шлях.

Дарэчы, баявы аўтамабіль Мінскага аўтазавода пад нумарам 545 — амаль гэткі ж, як і яго серыйны прататып, праявіў сябе на цяжкай трасе "Дакара" толькі з лепшага боку. Зразумела, што падчас ралі-марафона тэхніка патрабавала пастаяннай увагі з боку механікаў. Дарэчы, без паломак не абыходзілася ні ў адной каманды, бо траса — насамрэч складаная. Аднак за ўвесь час двухтыднёвай гонкі нашы суайчыннікі, па словах Валерыя Казлоўскага, абышліся без сур`ёзнага рамонту.

Не было асаблівых складанасцяў у нашага экіпажу і з навігацыяй. Хаця на адным з апошніх этапаў, напрыклад, давялося вярнуцца трохі назад: праскочылі адзін з кантрольных пунктаў. У Перу, пад заканчэнне гонкі, беларусаў падсцерагала і іншае выпрабаванне — самыя высокія дзюны. У роўдбуку экіпаж гоначнага "МАЗа" ўпершыню ўбачыў адразу чатыры клічнікі. Прасцей кажучы, гэта азначала самы высокі клас небяспекі, як паведаміў Валерый Казлоўскі.

Адразу два пад`ёмы не здолеў узяць наш экіпаж у той дзень — давялося пашукаць іншы шлях, каб пераадолець перашкоду і ў той жа час не парушыць патрабаванні арганізатараў гонкі. Заўважым, 545-ты ўвесь "Дакар" прайшоў без штрафаў.

Без перабольшання, сваёй перамогай над экстрэмальнай "дакараўскай" трасай Мінскі аўтамабільны завод пераканаў, што беларускія машыны здольныя вытрымліваць самыя складаныя ўмовы эксплуатацыі, а каманда "МАЗ-СПОРТаўта" — што можа супрацьстаяць супернікам на высокім прафесійным узроўні.

Наталля Шчасная
Звязда, 20 студзеня 2012

 
Дата публикации:20.01.2012
Тематика:Новости, Спорт и Туризм
Просмотров:2959
 
Ключевые слова:
Ралли Дакар МАЗ-СПОРТавто
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме