У заключны дзень турніру канькабежцы вызначылі наймацнейшых у гонках з масавым стартам.
Увесь п’едэстал у мужчын занялі прадстаўнікі Расіі, лепшым з якіх аказаўся прызёр Алімпійскіх гульняў Данііл Алдошкін.
У жаночым забегу першынствавала беларуска Марына Зуева, якая апярэдзіла расіянак Ірыну Сальнікаву і Алісу Бекер. Таксама сёння адбыліся спаборніцтвы на стометроўцы — у дзяўчат наша Ганна Дамарацкая паказала другі вынік, зноў уступіўшы толькі лідару расійскай зборнай Дар’і Качанавай.
У хлопцаў бронзу выйграў беларус Арцём Чабан.
Такім чынам, агулам на хатнім Кубку Садружнасці канькабежцы нашай нацыянальнай каманды заваявалі 13 узнагарод (4-4-5).
Перамогі на турніры атрымалі Кацярына Гагіева (1500 м), Марына Зуева (3000 м; мас-старт) і Ігнат Галавацюк (1000 м). Трохразовай срэбнай медалісткай стала Ганна Дамарацкая, адно срэбра і адна бронза ў актыве Ягора Дамарацкага. Таксама Галавацюк і Гагіева ўзняліся на трэцюю прыступку пастамента на 500-метроўцы, а ў камандным спрынце тройку прызёраў замкнуў квартэт з Мінска.
Звязда, 29 снежня 2024