https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Збор­ная Бе­ла­ру­сі па пляж­ным фут­бо­ле — с­рэб­­ны пры­зёр чэм­пі­я­на­ту све­ту


Ка­ман­да, якой уда­ло­ся не­маг­чы­мае.
Калі б трэба было апісаць адным словам выступленне нацыянальнай зборнай Беларусі па пляжным футболе на чэмпіянаце свету, гэта было б слова «сенсацыя». А калі ў двух словах, то «грандыёзная сенсацыя». Давайце шчыра: не так часта беларускія зборныя па гульнявых відах спорту радуюць краіну срэбнымі медалямі чэмпіянатаў свету. А пляжныя футбалісты парадавалі!

І, як заўважыў у сваім віншаванні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, гэта срэбра з адлівам золата. У фінале беларуская каманда сустрэлася з камандай Бразіліі. Менавіта гэта краіна лічыцца радзімай пляжнага футбола, а яе каманда 16 разоў станавілася чэмпіёнам свету. Для даведкі: у гісторыі было ўсяго 23 чэмпіянаты свету па пляжным футболе. Нават калі б моцна пастарацца, больш грознага саперніка знайсці б не атрымалася. Але беларусы не спалохаліся і далі грандам бой. І гэта пацвярджае вынік — 3:4. Усяго адзін гол прайгралі спартсмены з краіны ну зусім не прыдатнай для развіцця пляжнага футбола сапернікам, якія могуць жыць на тых пляжах і трэніравацца суткамі.

«Сёння вы стварылі сенсацыю, назаўжды ўпісаўшы свае імёны ў гісторыю сусветнага і айчыннага спорту», — адзначыў у сваім віншаванні прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Віктар Лукашэнка. Ён адзначыў камандную гульню, яркі талент, бязмерную працавітасць і неверагодныя вынікі, якія сталі візітнай карткай беларускага пляжнага футбола.

«Пры падтрымцы трэнераў і ўсёй каманды вам удалося тое, што здавалася немагчымым. Вялікае дасягненне — прабіцца ў эліту сусветнага футбола ў такі кароткі тэрмін і стабільна дэманстраваць бліскучую гульню на роўных з найлепшымі з найлепшых, а ўжо падняцца на п’едэстал, саступіўшы толькі крыху ў фінале прызнаным лідарам планеты, — гэта поспех, годны апладысментаў!» — сказана ў віншаванні.

На чэмпіянаце свету адзначылася не толькі ўся беларуская каманда, але і асобна ўзятыя спартсмены. Нашы футбалісты заваявалі тры індывідуальныя ўзнагароды. Ігар Брыштэль стаў найлепшым бамбардзірам турніру. На яго рахунку 11 мячоў. Ён заняў таксама другое месца ў намінацыі «Найлепшы гулец». Міхаіл Аўгустаў забраў званне «Найлепшага варатара». А ў паўфінале з Сенегалам ён быў прызнаны самым карысным гульцом.

Варта сказаць і пра чалавека, які прывёў каманду да гістарычнага дасягнення. З 2017 года з беларускай зборнай працуе іспанскі трэнер Нікалас Альварада. Цікава, што да гэтага з камандай працаваў бразілец Марк Актавіа, які падрыхтаваў чэмпіёнаў свету — 2025. Напэўна, ён ганарыцца поспехамі сваіх мінулых падапечных. Да гэтых медалёў Нікалас Альварада са сваёй камандай ішлі паступова, крок за крокам падымаліся вышэй. На чэмпіянаце свету 2023 года яны былі чацвёртымі, аналагічнае месца занялі ў мінулым годзе. І вось — прарыў. Не выпадковы, а цалкам заслужаны, напрацаваны потам і крывёю. Прарыў, які дэманструе ўжо назапашаны досвед і яшчэ нерэалізаваны патэнцыял.

Аўтар: Валерыя Сцяцко
Звязда, 11 траўня 2025
 
Дата публикации:11.05.2025
Тематика:Новости, Спорт и Туризм
Просмотров:28
 
Ключевые слова:
Спорт в Беларуси Пляжный футбол Чемпионат мира
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме