Беларуская каманда "МАЗ-СПОРТаўта" спыніла ўдзел у ралі "Шаўковы шлях" у сувязі з паводзінамі арганізатараў.
"Падчас праходжання 3-га этапу ў гонку адбылося ўмяшанне арганізатараў, якія ўнеслі карэктывы ў ход этапу, чым далі неабгрунтаваную перавагу асобным удзельнікам гонкі, а для экіпажа 302 спартыўнай каманды "МАЗ-СПОРТаўта" дадатковую страту часу. Гэтая сітуацыя паўплывала на вынікі 3-га этапу і на становішча экіпажаў у генеральнай класіфікацыі", — гаворыцца ў заяве.
На думку каманды, такія паводзіны з боку арганізатараў "з`яўляюцца парушэннем прынцыпаў сумленнай барацьбы". У сувязі з гэтым спартыўная каманда "МАЗ-СПОРТаўта" прыняла рашэнне не працягваць удзел у міжнародным ралі-рэйдзе "Шаўковы шлях 2018".
Сітуацыю на сайце міжнароднага праекта "Шаўковы шлях" пракаментаваў яго кіраўнік Уладзімір Чагін: "Сяргей Вязовіч — таленавіты гоншчык, але, па ўсёй бачнасці, цяжкасці трэцяга этапу, з якімі сутыкнуўся яго экіпаж і ўся каманда "МАЗ-СПОРТаўта", перашкодзілі заставацца аб`ектыўнымі ў сваіх выказваннях".
Ён падкрэсліў, што ралі-рэйд заўсёды адпавядаў стандартам FIA, і паважае правілы сумленнай этыкі. Чагін растлумачыў, што ў пачатку трэцяга этапу сталі рэзка мяняцца ўмовы надвор`я, моцны лівень змяніў трасу да непраходнага стану. Таму спартыўныя камісары вырашылі спыніць гонку на 140-м кіламетры.
Ад імя ўсёй дырэкцыі ралі "Шаўковы шлях" Чагін выказаў шкадаванне з нагоды "эмацыйнага рашэння Сяргея Вязовіча ўсёй камандай пакінуць гонку". Ён адзначыў, што гэтае рашэнне пазбаўляе астатнія экіпажы "МАЗ-СПОРТаўта" магчымасці працягнуць удзел у спаборніцтве.
Ралі-рэйд "Шаўковы шлях" сёлета праходзіць па тэрыторыі Расіі. Працягласць трасы складае 5.948 км. Гонка стартавала ў Астрахані, завершыцца ў Маскве. Сярод перашкод горныя ўчасткі, цясніны, рэчышчы, яры, выдмы. У класе грузавікоў заяўлены ўдзел прыблізна 20 экіпажаў, у тым ліку чатырох каміёнаў каманды "МАЗ-СПОРТаўта".
У леташнім марафоне ўсе беларускія экіпажы ўвайшлі ў топ-10 агульнага заліку. Сёлета экіпаж Вязовіча заняў другое месца на першым этапе ралі. Двума радкамі ніжэй апынуўся "МАЗ" Аляксея Вішнеўскага. Пасля другога этапу экіпаж Вязовіча, нягледзячы на складанасці, утрымаўся ў першай пяцёрцы агульнага заліку.
У леташнім марафоне ўсе беларускія экіпажы ўвайшлі ў топ-10 агульнага заліку. Сёлета экіпаж Вязовіча заняў другое месца на першым этапе ралі. Двума радкамі ніжэй апынуўся "МАЗ" Аляксея Вішнеўскага. Пасля другога этапу экіпаж Вязовіча, нягледзячы на складанасці, утрымаўся ў першай пяцёрцы агульнага заліку.
Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 24 ліпеня 2018
Мінск, 24 ліпеня 2018