https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


"Бронзавыя птушкi"


Учора на вяслярным канале Іто Дорнi, што за сотню кiламетраў ад Лондана, адбылася доўгачаканая для беларускай каманды гонка жаночых каноэ-чацвёрак на дыстанцыi 2000 метраў.
Айчынны квартэт у складзе Iрыны Памелавай, Надзеi Папок, Вольгi Худзенкi i Марыны Паўтаран заваяваў бронзавыя медалi. Гэта сапраўдны поспех, бо за гады самастойнасцi нiводнай спартсменцы з нашай краiны не даводзiлася ўзняцца на п`едэстал гонару ў гэтай дысцыплiне. Апошняй з "магiкан" была Антанiна Мельнiкава, якая на Алiмпiядзе-80 у Маскве сярод байдарачнiкаў-адзiночак стала трэцяй. Пасля ўрачыстага ўзнагароджвання чацвёрка нашых дзяўчат была ў самым эпiцэнтры ўвагi журналiстаў, у тым лiку i замежных. I толькi намаганнямi галоўнага трэнера Уладзiмiра Шантаровiча, якi надзвычай высока ацанiў дасягненне квартэта, мы змаглi пагутарыць з прызёрамi Алiмпiйскiх гульняў.

Вольга Худзенка: Калi шчыра, то вельмi рады бронзавым медалям. Мы вельмi доўга да гэтага поспеху iшлi. Як гаворыцца, iмкнулiся, старалiся, бiлiся да канца. Я хачу сказаць словы падзякi свайму першаму трэнеру i цяперашняму за ўсё, што яны зрабiлi для нас. За тое, што Мiхаiл Канстанцiнавiч нас знайшоў, а Генадзь Мiкалаевiч змог раскрыць наш талент. Таксама сказаць словы падзякi ўсiм тым, хто за нас дома перажываў i трымаў кулачкi.

Iрына Памелава: Наш экiпаж дружны. За два гады сумеснай карпатлiвай работы мы адна адну змаглi адчуць, знайсцi ўзаемапаразуменне. Яно праявiлася ўжо ў мiнулым годзе, калi мы выйгралi этап Кубка свету. Вынiкi на Алiмпiядзе ў Лондане — гэта вялiкае для нас дасягненне i шчасце. Фаварыты гонкi — немкi i венгеркi — проста не чакалi ад нас такога спрыту. Думаю, што i мы, i яны шакiраваны нашым выступленнем.

Надзея Папок: Падчас гонкi мы не ведалi, якiм бортам iдзём. Убачылi, што сталi бронзавымi прызёрамi ўжо пасля фiнiшу, чаму вельмi ўзрадавалiся i адразу проста не паверылi дасягнутаму вынiку. Увогуле, на дыстанцыi мы нi аб чым не думалi, акрамя самой гонкi. Прыемна, што наша праца дала такi плён. Эмоцыi мяне зараз перапаўняюць.

Iрына Памелава: Нiякага сакрэтнага плана на гонку ў нас не было. Проста веславалi, аддаючы ўсе сiлы. Нам толькi цяпер трэнеры сказалi, што мы доўгi час былi ў лiдарах. I калi б здольныя былi на фiнiшны спурт, то маглi б паказаць больш высокi вынiк. Мы вырашылi прайсцi так, як можам, аддаць усё, што ў нас ёсць, што змаглi напрацаваць за гэты год. Нам было важна не па баках глядзець, а не прайграць самiм сабе.

Марына Паўтаран: У квалiфiкацыйных заездах мы шмат чаго пачарпнулi для сябе, зрабiлi пэўныя раскладкi. Але не рабiлi нiякiх паправак на вецер цi дождж, хоць ад змены надвор`я шмат чаго залежыць. Калi моцны бакавы вецер, то крайняя дарожка дае перавагу: на яе менш задувае. Мы настройвалiся звычайна: як будзе — так будзе. Праўда, выкласцiся па максiмуме — гэта быў агульны наш дэвiз. У нас гэта першая Алiмпiяда, таму псiхалагiчна нам было няпроста настроiцца. Але дзякуй вялiкi нашаму псiхолагу Юлii Кугаевай, якая належным чынам змагла нас давесцi да такога стану, калi мы маглi кантраляваць сябе ў лодцы, не даючы адна адной нiякай слабiнкi.

У заключэнне размовы дзяўчаты яшчэ раз перадалi нiзкi паклон усiм беларусам, якiя хварэлi за наваспечаных прызёраў, i далi слова, што ў астатнiя днi яны будуць хварэць за ўсiх нашых спартсменаў, якiм яшчэ давядзецца выступаць на спартыўных арэнах англiйскай сталiцы.

Уладзiмiр Здановіч, Лондан
Звязда, 9 жніўня 2012
 
Дата публикации:09.08.2012
Тематика:Новости, Спорт и Туризм
Просмотров:2616
 
Ключевые слова:
Лондон-2012 Олимпиада Гребля Медали
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме