https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


"Шанц трапіць сюды - адзін на мільён". Юныя гімнасткі пра першыя эмоцыі пасля выступлення на турніры


У Мінску ў Палацы мастацкай гімнастыкі завяршыліся выступленні дзяўчынак 2013 і 2014 гадоў нараджэння на міжнародным турніры "Крыштальная ружа". Першыя эмоцыі юных грацый пасля выхаду на дыван.
Беларуская зорачка Вера Ларычкова выконвала практыкаванні з мячом. Гімнастка вельмі рада, што стала ўдзельніцай турніру. "Шанц трапіць сюды - адзін на мільён. Трэба быць вельмі стараннай, каб трапіць на турнір. Я рыхтавалася два месяцы, у нас былі тры кантрольныя трэніроўкі, усе з іх я прайшла. На апошняй кантрольнай у мяне была невялікая няўдача, але я сабрала сілы ў кулак і выступіла. Сённяшнім выступленнем у цэлым задаволена. Настройваюся на заўтрашні выхад без прадмета", - расказала юная грацыя.

Для дзевяцігадовай Сафіі Чарнышовай "Крыштальная ружа" - першыя спаборніцтвы міжнароднага ўзроўню. Юная гімнастка сёння выступала без прадмета і падзялілася, што памаркі на дыване ўсё ж здарыліся, але былі не страшнымі. "Трэнер сказала, што я малайчына. Я вельмі рада, што выступаю тут. Тут вельмі крута. Гімнастыкай займаюся больш за пяць гадоў. Спачатку хадзіла ў звычайную секцыю, хутчэй, больш размяцца, чым займацца прафесійным спортам. Пасля трапіла ў палац. Мастацкая гімнастыка - вельмі прыгожы від спорту. З`яўляецца добрая расцяжка, ты становішся вельмі пластычнай. Падабаецца выступаць і з прадметам, і без прадмета", - адзначыла маленькая спартсменка. Заўтра Сафію, як і яе сябровак па камандзе, чакае другі дзень турніру. Дзяўчынка будзе выступаць з булавамі і настроена пазітыўна.

Сафія Прыбыльская ў візітцы напісала, што любіць сваю краіну за прыгажосць прыроды. Дзяўчынка нарадзілася ў Мінску, і калі б яе папрасілі паказаць горад турыстам, яна абавязкова прывяла б гасцей у родны Палац мастацкай гімнастыкі, заапарк і Нацыянальную бібліятэку. "Я займаюся гімнастыкай з трох гадоў. Люблю гэты від спорту за хараство і яркасць. Сёння выступала з абручом, з гэтым прадметам мне працаваць прасцей за ўсё, ён мой любімы. Трэнер сказала, што задаволена маім выступленнем. Хоць перад выхадам на дыван было складана размяцца, таму што на пляцоўцы было шмат гімнастак з рознымі прадметамі", - падзялілася ўражаннямі Сафія. Дзяўчынка расказала, што ў яе ёсць дзве мары: не звязаная са спортам - паплаваць з дэльфінамі, а ў гімнастыцы - стаць спартыўнай зоркай або трэнерам.

Міжнародныя спаборніцтвы "Крыштальная ружа" праходзяць у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па гімнастыцы мастацкай з 4 па 6 жніўня. Турнір аб`яднаў 175 гімнастак перад`юніёрскага, юніёрскага ўзростаў і сеніёрак з 14 краін.

4 жніўня 2023, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:04.08.2023
Тематика:Новости, Спорт и Туризм
Просмотров:175
 
Ключевые слова:
Художественная гимнастика Хрустальная роза Спорт в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме