https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дзе атрымаць асалоду ад восені? Едзем у старажытныя пушчы Гродзеншчыны


Сіноптыкі абяцаюць «бабіна лета», а гэта значыць, трэба браць цёплыя швэдры, гумовыя боты і адпраўляцца лавіць рукамі лятаючыя павуцінкі, а шчокамі — апошнія цёплыя прамяні сонца.
Восень лічыцца апошнім часам для дарогі. Асабліва верасень, які пакуль не прынёс за сабой зацяжных дажджоў. Лісце на дрэвах яшчэ па-ранейшаму зялёнае, хоць месцамі ўжо кранутыя жаўцізной. 

Наперадзе восень, і мы вырашылі, каб палепшыць яе, трэба адпраўляцца ў тыя месцы, дзе яна праявіць сябе максімальна прыгожа. Наш выбар спыніўся на старажытных пушчах, захавальніках беларускага багацця. Знаёмцеся, іх у Гродзенскім рэгіёне тры з паловай: Налібоцкая, Гродзенская, Ліпічанская і часткова Белавежская.

Налібоцкі край

Налібокі лічыцца адным з найбольш вялікіх лясных масіваў у Беларусі і Усходняй Еўропе, якому ўдалося захаваць свой першапачатковы выгляд. На гэтых тэрыторыях раскінуліся некрануты лес, непраходныя балоты, найчысцейшыя рэкі і ўнікальныя азёры.

Пушча аб’ядноўвае Мінскую і Гродзенскую вобласці, на яе тэрыторыі размешчаны Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Налібоцкі» — самы буйны ў краіне і адзіны пад аховай Міністэрства лясной гаспадаркі. Тут можна сустрэць паўдзікіх тарпанавідных коней, зуброў, высакародных аленяў. Тут жа размяшчаецца адзіны ў краіне гадавальнік па гадаванні цецерукоў.

Па заказніку «Налібоцкі» праходзіць дзве экалагічныя сцежкі. Адна адаптаваная для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, пачынаецца побач з вёскай Белакорац Мінскай вобласці, другая — «Сябрынскае скрыжаванне» — кальцавая, даўжынёй амаль кіламетр, вядзе праз тры біятопы: лясны, лугавы і балотны. Папулярныя тут таксама сплавы на байдарках па Іслачы.

На тэрыторыі пушчы ёсць некалькі вышак, з якіх можна паспрабаваць убачыць глушцоў.

Тэрыторыя заказніка адносіцца да Нёманскага фларыстычнага раёна. Тут звыш тысячы відаў вышэйшых раслін, а па іх ліку заказнік багацейшы за любы запаведнік Беларусі. Налібоцкая пушча з батанічнага пункту гледжання з’яўляецца ўнікальным участкам і ўваходзіць у склад экалагічнай сеткі кантынента. Тут ёсць нават дзераза, старажытная, як маманты.

Дарэчы, восемдзясят працэнтаў пушчы — непраходны лес.

Гродзенскія крыніцы

Гродзенская пушча сваім зялёным палатном злучае лясы Заходняй і Усходняй Еўропы, таму яе яшчэ называюць «зялёнымі лёгкімі Еўропы».

Ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння ўмоўна падзяляецца Нёманам, з аднаго боку яго застаецца Аўгустоўскі канал, а на другой частцы размяшчаецца памежны пункт пропуску «Прывалка».

Сама па сабе Гродзенская пушча мае невялікую плошчу, але тут сабрана вялікая разнастайнасць расліннага свету краіны. Сустракаюцца ў пушчы ўсе тыпы хваёвых лясоў, балот і лугоў Беларусі. Самі лясы Гродзенскай пушчы займаюць больш за дзевяноста працэнтаў плошчы заказніка.

У асноўным гэта сухія сасновыя лясы, сярод якіх сустракаюцца ўчасткі бярозы, елі і радзей асіны. Асаблівую каштоўнасць уяўляюць ліпавыя, ясеневыя лясы і, безумоўна, карэнныя высокаўзроставыя ельнікі на схілах уздоўж рэк Чорная Ганча, Марыха, Шляміца. Дарэчы, менавіта гэтыя рэчкі карыстаюцца ў байдарачнікаў асаблівай папулярнасцю, паколькі лічацца складана праходнымі.

Адной з цікавостак пушчы з’яўляецца Аўгустоўскі канал і яго старажытныя шлюзы. А ў самым Аўгустоўскім лясніцтве частымі гасцямі з’яўляюцца шэрыя жураўлі. Убачыць іх гнёзды — вялікая рэдкасць, а іх саміх — вялікая асалода.

Падарожнікаў гэтыя некранутыя чалавекам месцы могуць прыцягнуць таксама ўнікальнымі старажытнымі крыніцамі на тэрыторыі Гожскага лясніцтва. Гаворка ідзе пра ключы «Прывалка-1» і «Прывалка-2», якія не так даўно былі ўнесены ў Дзяржаўны рэгістр як водныя крыніцы. Па выніках даследаванняў Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, вада ў іх з’яўляецца слаба мінералізаванай і можа выкарыстоўвацца ў лячэбных мэтах.

Адправіцца ў Гродзенскай пушчы можна па дзевятнаццаці прамаркіраваных маршрутах. Сярод іх веласіпедныя, пешаходныя, водныя па Марыхе і Чорнай Ганчы, Аўгустоўскім канале. Дзейнічае некалькі экалагічных сцежак, адна з якіх бярэ свой пачатак у раёне вёскі Пясчаны. Тое, што трэба, каб атрымаць асалоду ад восеньскай прыроды.

Ліпічанскія дубравы

Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Ліпічанская пушча» раскінуўся на тры раёны Гродзенскай вобласці: Мастоўскі, Дзятлаўскі і Шчучынскі. Яго галоўная задача — захаваць унікальны прыродны ландшафт міжрэчча Нёмана і Шчары. Таму адна частка лясных масіваў размяшчаецца на верхненёманскай нізіне і ўяўляе сабой выдмы, ледніковыя азёры, старыя рэчышчы мясцовых рэк. Эолавыя пясчаныя пагоркі і грады, якія ўзніклі тут тысячагоддзі таму, — з’ява для Беларусі рэдкая і ўнікальная.

Другая частка — адны багністыя месцы. Як і верх заказніка, яна таксама абмежаваная дзвюма рэкамі: Пад’яваркай з поўначы і Хлеўнай з поўдня.

Вядома, што засяленне Ліпічанскай пушчы пачалося яшчэ ў каменным веку, а ўжо да пачатку нашай эры, як сведчаць старажытныя магільнікі, яна ўся была засвоеная чалавекам. Але сапраўднай асаблівасцю заказніка з’яўляюцца яго заліўныя дубравы, якім некалькі стагоддзяў. Іх можна ўбачыць каля стаянкі «Шасцілы» і побач з вёскай Стукалы ў пойме Нёмана. Тут жа можна сустрэць чорную бярозу, якая размясцілася побач з вёскай Шымкі, дзе праходзіць экалагічная сцежка.

Адзін з лепшых спосабаў атрымаць асалоду ад прыгажосці Ліпічанскай пушчы — сплаў на байдарках або плытах па Нёмане альбо Шчары. Для турыстаў ёсць некалькі маршрутаў ад аднаго да трох дзён. За гэты час наўрад ці атрымаецца засумаваць, але атрымаць асалоду ад дуброў і прыгажосці — гарантавана.

Белавежская пушча

Белавежская пушча мае статус трымальніка асноўнага генафонду беларускай папуляцыі зубра. Гэта першае, што варта ведаць, адпраўляючыся ў падарожжа па старажытных дзікіх лясах гэтага краю. Тут жыве самая вялікая папуляцыя на тэрыторыі краіны, а па колькасці вольных зуброў Беларусь займае другое месца ў свеце.

Сёння колькасць гэтых неверагодных жывёл увесь час павялічваецца. На тэрыторыі Свіслацкага раёна, зубры могуць сустрэцца на ўзлесках на золку ці на заходзе. Асабліва гэтыя жывёлы палюбілі лясныя ўгоддзі каля гарадскога пасёлка Поразава і аграгарадка Новы Двор.

Таксама тут можна сустрэць аленяў, казуль і ласёў. Жывуць тут нават зграі дзікіх ваўкоў.

У Гродзенскай частцы Белавежскай пушчы можна трапіць у сядзібу-дом графа Вінцэнта Тышкевіча, заснавальніка гэтай унікальнай мясціны. Цяперашні драўляны асабняк адноўлены ў 1936 годзе нашчадкамі Тышкевічаў па старадаўніх чарцяжах.

Падарожнік можа абраць для сябе турыстычны маршрут рознага фармату. Да прыкладу, доўгую сцежку для шпацыру або веласіпедную па запаведных месцах, або вячэрнюю на аўтатранспарце парку з магчымасцю ўбачыць дзікіх жывёл у іх натуральным асяроддзі.

Наша парада простая — запасайцеся цёплымі рэчамі, бярыце з сабой блізкіх і дапытлівых і адпраўляецеся фатаграфаваць верасень у пушчы, атрымліваючы асалоду ад восеньскай пары і прыроднай прыгажосці.

Аўтар: Аліса Скіба
Звязда, 12 верасня 2021
 
Дата публикации:12.09.2021
Тематика:Культура, Спорт и Туризм
Просмотров:262
 
Ключевые слова:
Туризм в Беларуси Налібокі Гродна Белавежская пушча Ліпічанская пушча
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме