https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Для экскурсаводаў прафэсійны фэст - гэта шанец прэзэнтаваць штосьці сваё, эксклюзыўнае


Экскурсіі па Менску пройдуць на беларускай, ангельскай, нямецкай, францускай і гішпанскай мовах.
Пра яго падрабязнасьці ў інтэрвію паведаміла сябра аргкамітэту Валянціна Кароткіна:

Галіна Абакунчык: «Першы фэстываль у 2009 годзе распачынаўся зь некалькіх экскурсій, падчас шостага пералік вядзецца на дзесяткі. Гэта ініцыятыва саміх экскурсаводаў ці экскурсанты праяўляюць актыўнасьць?»

Валянціна Кароткіна: «Сапраўды — гэты фэст пераўзышоў усе папярэднія паводле колькасьці экскурсій. Гэтым разам будзе больш за семдзесят і гэткім чынам мае стаць найбольш масавым паводле колькасьці наведнікаў. Тут сышліся абодва фактары: першасная мэта была і застаецца — гэта пазнаёміць перадусім мясцовых жыхароў з тым горадам, дзе яны жывуць. Гэтак у Менску і іншых гарадах — экскурсіі для гараджанаў, якія штодня ходзяць гэтымі вуліцамі, бачаць пэўныя будынкі, палацы, цэрквы, касьцёлы, але мала што пра іх ведаюць, пра іх багатую і цікавую гісторыю. Напачатку, калі было паўтара-два дзесятка экскурсій, гэта былі стандартныя экскурсіі для экскурсаводаў, зь якіх складаецца іх паўсядзённая праца. Зараз, калі фэст доўжыцца ўжо шэсьць гадоў, наведнікі ня вельмі ахвотна пойдуць на стандартную экскурсію. Яны ўжо хочуць чагосьці незвычайнага, адметнага і асаблівага.

А для экскурсаводаў прафэсійны фэст — гэта шанец прэзэнтаваць штосьці сваё, эксклюзыўнае. Бо ім звычайна замаўляюць стандартную аглядную экскурсію, скажам, па Менску, і выявіць сваю творчасьць бывае складана. А ў гэтым выпадку можна прэзэнтаваць нейкі эксклюзыўны аўтарскі маршрут, які, магчыма, ніколі ня будзе прадстаўлены ад турыстычнай агэнцыі як камэрцыйны праект. Таму і зьяўляецца такі крэатыў: тэатралізаваныя, тэматычныя экскурсіі. Да прыкладу, студэнты спрабуюць шукаць сьляды японскай культуры і сувязь зь беларускай і гэта ў іх атрымліваецца».

Галіна Абакунчык: «На якой мове звычайна праводзяцца экскурсіі?»

Валянціна Кароткіна: «Арганізацыйная мова фэсту і бальшыня экскурсій на беларускай мове, але ёсьць гіды, якія праводзяць таксама па-расейску. Аднак апроч таго, у нас будуць экскурсіі і на іншых замежных мовах: на ангельскай, нямецкай, францускай і гішпанскай, каб удзел у фэсьце маглі прыняць і госьці нашай краіны».

Галіна Абакунчык: «У такім выпадку паўстае пытаньне: а хто экскурсаводы — гэта прафэсійныя гіды, лінгвісты, студэнты ці краязнаўцы?»

Валянціна Кароткіна: «Максымальны адсотак — гэта прафэсійныя экскурсаводы, гіды-перакладчыкі. Але вось якраз фэст — гэта таксама шанец для маладых, якія яшчэ ня маюць аніякай атэстацыі і афіцыйнага статусу. Па-сутнасьці, для іх — гэта стартавая пляцоўка, каб паспрабаваць выявіць сябе. Акрамя таго, далучаюцца і краязнаўцы, музэйныя супрацоўнікі, выкладчыкі. Да прыкладу, экскурсію па Трасьцянцы будзе весьці спадар Новікаў, які спэцыяліст у гэтым месцы і па гэтай тэме, але ён не экскурсавод.

Альбо па Трактарным заводзе адна экскурсія будзе ад прафэсійнага гіда Рамана Абрамчука, а другая — ад паэта і, адначасна, мясцовага жыхара Віктара Жыбуля. Таксама будуць прафэсійныя гісторыкі, як, да прыкладу, Андрусь Унучка.

Ну і, безумоўна, будуць экскурсаводы зь вялікім стажам і вопытам, якія пакажуць майстар- клясы для пачаткоўцаў. І таксама да нас ужо распачалі зьвяртацца самі ўдзельнікі акцыі: прыходзяць і кажуць, што ў нас ёсьць маршрут, то вазьміце нас вядоўцамі на свой фэстываль. Гэткім чынам мы спалучаем стандартныя і выкшталцоныя акцыі».

Галіна Абакунчык: «Як шмат наведнікаў бывае на экскурсіях падчас фэстывалю?»

Валянціна Кароткіна: "Паводле папярэдніх фэстаў, удзельнічалі больш за дзьвесьце чалавек. Экскурсіі ў сярэднім наведваюць каля сарака чалавек, але бывалі і такія, што па сто семдзесят прыходзіла — шмат таксама залежыць і ад надвор’я.

Галіна Абакунчык: «Ведаю, што на некаторыя экскурсіі вядзецца папярэдні запіс і туды пасьпелі патрапіць тыя заўзятары, якія ведаюць пра фэстываль і чакаюць яго. А калі чалавек даведаўся пра яго ўпершыню і ў апошні момант — які ён мае шанец пабываць на фэстывальнай экскурсіі?»

Валянціна Кароткіна: «З сямі дзесяткаў у нас толькі каля дзесятка экскурсій праводзіцца пад запіс. Гэта вымушанае абмежаваньне з тэхнічных, так бы мовіць, прычынаў і ў мэтах бясьпекі: падчас роварных экскурсій, экскурсіяў па храмах. Дарэчы, сёлета ўпершыню адбудзецца экскурсія па касьцёле сьвятога Роха на Залатой горцы ў Менску. А ўсе астатнія экскурсіі маюць характар вольнага наведваньня і на любую зь іх кожны ахвотны можа прыйсьці ў апошнюю нават хвіліну і пасьпець усё пачуць і пабачыць.

Галіна Абакунчык: «Чым сёлетні фэстываль будзе розьніцца ад папярэдніх?»

Валянціна Кароткіна: «Перадусім тым, што гэтым разам будзе шмат цікавых імпрэзаў, якія, так бы мовіць, не «упісваюцца» у фармат стандартных экскурсій. Да прыкладу, у суботу адна зь першых экскурсій будзе па Трактарным заводзе. Пры гэтым яна будзе суправаджацца фота-майстар-клясай. Гэта значыць, што разам з экскурсаводам будзе ўдзельнічаць і прафэсійны фатограф, які распавядзе як гэтыя будынкі можна цікава сфатаграфаваць. Таксама сёлета зьявіліся цікавыя імпрэзы, якія зараз уваходзяць у моду — гэта квэсты: з гульнямі, загадкамі, галаваломкамі для ўдзельнікаў. Каб слухачы ня проста хадзілі і слухалі, а таксама ўдзельнічалі ў правядзеньні. Гэта будзе Экалягічны квэст, а таксама квэст па Траецкім прадмесьці. Будзе прэзэнтацыя экскурсіі для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі. Гэта тая катэгорыя патэнцыйных экскурсантаў, якія часта, на жаль, застаюцца па-за ўвагай. Гэтак, падчас папярэдняга фэсту была прэзэнтаваная экскурсія «Менск-навобмацак», а таксама экскурсія для інвалідаў-вазочнікаў.

Сёлета яны таксама адбудуцца, а яшчэ будзе прэзэнтаваная экскурсія па плошчы Незалежнасьці з мапамі і макетамі аб’ектаў праз якія зь імі можна будзе пазнаёміцца навобмацак. Пры гэтым і звычайныя экскурсанты, якія будуць прымаць удзел, атрымаюць магчымасьць адчуць сябе ў незвычайнай сытуацыі. Але перадусім гэтая экскурсія разьлічаная на людзей невідушчых, каб яны змаглі паўнавартасна адчуць архітэктуру і прастору навокал.

Сёлета таксама будзе каля пяці вучнёўскіх экскурсій і дзіцячыя экскурсіі. Зьмястоўна таксама прэзэнтуюцца роварныя экскурсіі: ад суполкі менскага клюбу велашпацыру будзе тры экскурсіі, а таксама далучаюцца два асобныя гіды са сваімі велавандроўкамі. Зрэшты, кожная экскурсія вартая асобнай увагі, бо кожная сама па сабе зьмястоўная, цікавая і ўнікальная. Запрашаю — прымайце ўдзел і ў асабіста ў гэтым пераканайцеся".

Галіна Абакунчык, Менск 
Радыё Свабода, 18 красавіка 2015
 
Дата публикации:18.04.2015
Тематика:Культура, Спорт и Туризм
Просмотров:1374
 
Ключевые слова:
Туризм в Беларуси Фэст культуры
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме