https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Гасцініца "Пекін" усё ж з`явіцца ў мінскім парку 40-годдзя Кастрычніка


Прадстаўнікі Мінгарвыканкама і Мінпрыроды сустрэліся з журналістамі, дзе падзяліліся сваімі думкамі наконт праблемы вакол будаўніцтва гасцініцы "Пекін" у сталічным парку 40-годдзя Кастрычніка.
Нагадаем, што ў верасні быў падпісаны Указ Прэзідэнта, згодна з якім да Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе ў межах вуліцы Чырвонаармейскай і ракі Свіслач павінен быць пабудаваны гасцінічны комплекс "Пекін". Але пасля таго, як пачалася высечка дрэў на месцы будучага будаўніцтва, "на барыкады" выйшлі мясцовыя жыхары, якія выступілі за перанос будаўніцтва гасцініцы ў іншае месца і за захаванне зялёных насаджэнняў у парку. Па словах чыноўнікаў, гарадскія ўлады прыслухаліся да думкі гараджан — гасцініца ўсё-такі будзе, але дрэвы будуць высякацца па мінімуму, а сама тэрыторыя парку потым будзе пашырана:

— Прынята рашэнне скараціць да мінімуму высечку дрэў — толькі пад перыметр забудовы самога будынка, — заявіў на прэс-канферэнцыі Аляксандр Пятроў, старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама. — Улічваючы гэты канфлікт, мэрам горада прынята рашэнне па добраўпарадкаванні ўсёй тэрыторыі парку і павелічэнні яго тэрыторыі: у паркавую зону будзе ўключана частка ракі Свіслач і востраў на ёй.

Па звестках старшыні Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Баравікова, усяго на тэрыторыі, якая знаходзіцца на ўліку, зараз расце 1289 дрэў, а па праекце будзе высечана 170 плюс 70 дрэў пад дарогі. Пры гэтым ён выказаў думку, што пасля завяршэння будаўніцтва, з улікам новых пасадак і пашырэння тэрыторыі парку, колькасць дрэў зноў будзе на узроўні 1,3 тысячы.

— Месца для гасцініцы было выбрана не выпадкова, бо гэта гасцініца паркавага тыпу. Яна павінна растварацца ў зеляніне. І ніякай агароджы вакол, уся зеляніна будзе агульнадаступнай і пры эксплуатацыі гасцініцы, — патлумачыў Аляксандр Пятроў і дадаў, што месца пад размяшчэнне гасцініцы выбіраў кітайскі бок.

Таксама старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама патлумачыў, як так атрымалася, што ў парку пачалі нешта будаваць. Аказваецца, парк 40-годдзя Кастрычніка па дакументах паркам і не лічыцца:

— Справа ў тым, што сёння парку юрыдычна там у прынцыпе не існуе. Мы паднялі ўсе дакументы, і я, як галоўны архітэктар, пачаў разбірацца, чаму ў генеральным плане не фігуруе гэты парк. У зямельным кадастры нічога няма — гэтая тэрыторыя ў прынцыпе як парк не абазначана. Напэўна, некалі прадэкларавалі стварэнне парку, але юрыдычна дакументы не аформілі. Таму сёння стаіць задача ўсё юрыдычна аформіць, вызначыць межы і такім чынам стварыць парк, — сказаў Аляксандр Пятроў.

Па яго словах, у розных крыніцах тэрыторыя так званага парку 40-годдзя Кастрычніка вагаецца ад 6 да 13 гектараў. А па дакументах "Зелянбуда" тэрыторыя, якая знаходзіцца ў іх на балансе і на ўтрыманні, складае амаль 9 гектараў. Пры гэтым пад будаўніцтва гасцініцы "Пекін" спатрэбіцца 2,4-3 гектары. Дарэчы, Аляксандр Пятроў прызнаўся, што яго дзяцінства прайшло якраз у гэтым раёне:

— Там пустка калісьці была, я яе вельмі добра памятаю, бо маё дзяцінства прайшло там — на гэтай пустцы я ў футбол гуляў. Потым гэтае месца напаўстыхійна пераўтварылася ў парк, які ў 70-я гады азелянілі. Дарэчы, мы там таксама мяркуем усталяваць памятны знак у гонар параду партызан. Ён, праўда, праходзіў не ў парку, бо яго тады яшчэ не было... Мы нават дакументаў па стварэнні парку не знайшлі. Ёсць згадка ў адным нарматыўным дакуменце 1985 года — там прадпісваецца "добраўпарадкаваць тэрыторыю парку 40-годдзя БССР, размешчаную паміж вуліцай Чырвонаармейскай і ракой Свіслач". А калі ён атрымаў назву 40-годдзя Кастрычніка — мы не знайшлі дакументаў.

Пры гэтым Аляксандр Пятроў прызнаўся, што асабіста ён перакананы: будаўніцтва гасцініцы "Пекін" дапаможа добраўпарадкаваць тую мясцовасць.

— Мне здаецца, што будаўніцтва гэтай гасцініцы прывядзе ў парадак гэтую тэрыторыю. Бо яна запушчаная, а гэта цэнтр горада — там сапраўды нават удзень часам страшна хадзіць, а па вечарах наогул толькі з сабакамі можна гуляць. І тэрыторыя практычна не выкарыстоўваецца — яна належыць толькі жыхарам прылеглых дамоў. Бо нават з суседніх кварталаў людзі туды не ходзяць, яны нават не ведаюць пра гэты парк.

Таксама варта адзначыць, што варыянт будаўніцтва гасцініцы не ў парку, а на тэрыторыі суседняга завода імя Кірава нават не разглядаецца:

— Справа ў тым, што ў завода імя Кірава існуе гаспадар. Завод намечаны для вынасу за межы горада і будзе выносіцца. Але гэта працэс дастаткова доўгі — тут трэба ўрэгуляваць шэраг маёмасных адносін, фінансаванне вынасу і г.д., — сказаў Аляксандр Пятроў і дадаў, што ў перспектыве тэрыторыя завода будзе выкарыстоўвацца ў тым ліку і для азелянення.

На прэс-канферэнцыі таксама прысутнічаў Аляксандр Андрэеў, начальнік упраўлення дзяржаўнай экалагічнай экспертызы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Па яго словах, Мінпрыроды пры ўзгадненні праекта паспрабуе ўлічыць інтарэсы ўсіх бакоў:

— У адпаведнасці з рэгламентамі, на гэтай тэрыторыі магчыма будаўніцтва, у тым ліку і гасцінічнага комплексу. Але ніякіх праектаў ці схем забудовы Мінпрыроды не бачыла. І таму, калі грамадскасць узняла пытанне, мы звярнуліся да старшыні Мінгарвыканкама з тым, што неабходна разабрацца, каб максімальна захаваць тэрыторыю парку пры будаўніцтве гасцінічнага комплексу. Мы чакаем, што ў бліжэйшы час Мінгарвыканкам прадставіць нам на ўзгадненне праект забудовы або схему забудовы, і мы пастараемся разам з распрацоўшчыкамі задаволіць і грамадскасць, і зрабіць, каб у выніку была пабудавана гасцініца. Бо яна патрэбна краіне да Чэмпіянату свету па хакеі: забяспечыць турыстаў гасцінічнымі месцамі — прэстыж рэспублікі. Але мы разумеем таксама, што нам трэба максімальна захаваць сваю зялёную тэрыторыю.

Павел Бераснеў
Звязда, 18 студзеня 2012
 
Дата публикации:18.01.2012
Тематика:Бизнес, Спорт и Туризм
Просмотров:2970
 
Ключевые слова:
Гостиница Пекин Беларусь-Китай Чемпионат мира Хоккей
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме