https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Каманда "МАЗ-СПОРТаўта" адправілася на ралі-рэйд "Дакар-2018"


Пра гэта паведамілі ў ААТ "МАЗ".
Каманда "МАЗ-СПОРТаўта" 30 снежня адправілася на 40-вы па ліку ралі-рэйд "Дакар", які пройдзе з 6 па 20 студзеня 2018 года ў Паўднёвай Амерыцы. Беларусы на гонцы выступяць на трох спартыўных грузавіках.

Беларускія гоншчыкі вылецелі з Мінска ў Амстэрдам, пасля чаго іх чакае доўгі трансатлантычны пералёт. У Паўднёвай Амерыцы ў каманды будзе прыблізна тыдзень на акліматызацыю, падрыхтоўку да ралі і праверку тэхнікі. Спартыўныя грузавікі ўжо чакаюць беларусаў у порце. Стартуе гонка 6 студзеня ў Ліме.

На "Дакар" адправілася прыкладна 30 супрацоўнікаў Мінскага аўтазавода, у тым ліку пілоты, штурманы і механікі. Склад гоншчыкаў застаўся ранейшым. Лідар каманды Сяргей Вязовіч паедзе разам са штурманам Паўлам Гараніным і механікам Андрэем Жыгуліным. Другі грузавік павядуць пілот Аляксандр Васілеўскі, штурман Дзмітрый Віхрэнка і механік Антон Запарошчанка. У трэцім экіпажы будуць Аляксей Вішнеўскі, штурман Максім Новікаў і механік Андрэй Невяровіч.

Грузавыя спорткары, на якіх выступяць беларусы, практычна не змяніліся за год, спецыялісты толькі дадаткова папрацавалі над рухавіком і трансмісіяй.

Паколькі частка маршруту пройдзе на вышыні звыш 5 тыс. м над узроўнем мора, гоншчыкі яшчэ ў Мінску рыхтаваліся ў баракамеры да ўмоў высакагор`я.

Каманда плануе заняць на "Дакары" прызавыя месцы. "Усе тры экіпажы здольныя змагацца за месца ў топ-10. На "Дакары" мы настроеныя ўвязацца ў барацьбу за подыум. Для гэтага ў нас усё ёсць — гоншчыкі і тэхніка гатовыя да выпрабаванняў", — падкрэсліў кіраўнік каманды Сяргей Вязовіч.

"Дакар-2018" будзе адным з самых складаных ралі-рэйдаў за апошнія гады. Працягласць хуткасных участкаў складзе рэкордныя 4 тыс. км. Ралі-рэйд пройдзе па тэрыторыі трох краін — Перу, Балівіі і Аргенціны. Завершыцца гонка 20 студзеня ў аргенцінскай Кардобе.

Беларусы будуць спаборнічаць з усімі вядомымі камандамі. У прыватнасці КАМАЗ выставіць на гонку чатыры экіпажы. У ралі-рэйдзе возьме ўдзел каманда Petronas Iveco, хоць Жэрар дэ Рой аддаў перавагу ралі Africa Eco Race, якое таксама пройдзе ў студзені. Сярод сапернікаў будуць MAN, Tatra і Renault.

Уладальнікам каманды "МАЗ-СПОРТаўта" выступае Мінскі аўтазавод, тэхнічным партнёрам — тэлекам-аператар velcom. У марафоне "Дакар" беларусы выступаюць ужо сёмы раз. Апошняя гонка стала самай паспяховай у гісторыі каманды. Тады экіпаж Аляксандра Васілеўскага заняў 6-е месца, усім тром экіпажам удалося паспяхова дабрацца да фінішу.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 30 снежня 2017
 
Дата публикации:30.12.2017
Тематика:Товары из Беларуси, Спорт и Туризм
Просмотров:650
 
Ключевые слова:
МАЗ-СПОРТавто Ралли Дакар-2018
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме