https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Гульні прайшлі, а досвед застаўся. Што стала галоўным здабыткам для валанцёраў


ІІ Еўрапейскія гульні, якія сустракаў Мінск у чэрвені, не маглі абысціся апроч спартсменаў без вялікай каманды тых, што таксама на працягу двух гадоў рыхтаваўся да іх. Гаворка ідзе пра валанцёраў.
Валанцёры ўдзельнічалі ва ўсіх этапах спартыўных спаборніцтваў, стваралі асаблівую атмасферу свята, усім дапамагалі і ўсіх падтрымлівалі. Мы пагутарылі з тымі, хто ў перыяд правядзення гульняў быў часткай адной вялікай каманды такіх добраахвотнікаў. Страсці ўлегліся, а што засталося ў памяці?

Маргарыта Гармаза, магістрантка факультэта журналістыкі БДУ, працавала на пазіцыі «Асістэнт НАК», а таксама з`яўлялася лідарам у сваёй камандзе валанцёраў.

— Да ІІ Еўрапейскіх гульняў я ўжо спрабавала свае сілы ў якасці валанцёра на чэмпіянатах Еўропы па фігурным катанні і біятлоне, на міжнародным турніры па сквошы. Гэтым жа разам маім абавязкам было ўзаемадзеянне з камандай спартсменаў з Азербайджана і іншымі валанцёрамі. Баку прымаў першыя Еўрапейскія гульні, таму складанасцяў з разуменнем адзін аднаго, арганізацыйнымі момантамі амаль не было. Калі ў кагосьці ўзнікала пытанне ў гадзіну ночы ці а пятай раніцы, праблему хутка вырашалі.

Маргарыта дзеліцца, што самым крутым набыткам падчас падрыхтоўкі была магчымасць хадзіць на розныя трэнінгі, карысныя сустрэчы і практыкавацца ў англійскай мове. А таксама шалёны рытм падчас саміх гульняў, без якога дзяўчына ўжо не можа ўявіць сваё жыццё.

— Асаблівасць валанцёрства ў тым, што тут няма паняцця «кожны сам па сабе», ёсць цэласнасць, падтрымка. Нават пасля закрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў многія з нас сустракаюцца, дзеляцца сумеснымі фатаграфіямі ў сацсетках, гавораць прыемныя словы, — кажа суразмоўніца.

Студэнтка чацвёртага курса педагагічнага ўніверсітэта Віялета Аляшкевіч працавала на пазіцыі «Кейтэрынг». Гэты кірунак прадугледжвае арганізацыю харчавання для ўдзельнікаў гульняў. Дзяўчына кажа, што падчас работы больш чым на пяць хвілін на адным месцы не затрымлівалася, кожны дзень праходзіла каля 15 кіламетраў! За стараннасць Віялета была ўзнагароджана граматай Міністэрства спорту і турызму «За значны асабісты ўклад у падрыхтоўку і правядзенне ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года ў горадзе Мінску».

— Я была лідарам у камандзе з 20 чалавек. Работа патрабавала адказнасці, і я імкнулася нікога не падвесці. Калі ІІ Еўрапейскія гульні скончыліся, зноў адразу хацелася заняць сябе чымсьці актыўным. І я паехала ў дзіцячы лагер у якасці важатай. Пасля атрыманага вопыту на такім маштабным мерапрыемстве няўпэўненасць у сабе і страх зрабіць штосьці не так «як трэба» зніклі. Дарэчы, з камандай, з якой я працавала, дагэтуль падтрымліваем сувязь. Нават у розныя гарады ездзім адно да аднаго, — падзялілася Віялета.

Матывацыя на работу ў валанцёраў у перыяд ІІ Еўрапейскіх гульнях была розная. Хтосьці пайшоў дзеля яркіх эмоцый, хтосьці — каб заняць сябе актыўнай справай, а некаторыя — з-за вялікай цікавасці да спорту. Багдан Марынін, студэнт трэцяга курса БДАТУ з іх ліку. Хлопец хацеў наведаць амаль усе спаборніцтвы. І ў яго гэта атрымалася! Ён таксама расказаў, што за добрую работу і дапамогу не раз атрымліваў падзякі ад гасцей свята:

— Такі вопыт валанцёрства ў мяне ўпершыню, але страху не адчуваў. Быў выпадак, калі давялося шукаць адну вёску, а затым білеты туды для сям`і з... Кітая. Аказалася, што пасля Другой сусветнай вайны іх дзядуля застаўся ў ёй жыць. Неверагодная гісторыя. Праўда? Чаму б не дапамагчы? Падобных сітуацый было шмат. За нашу стараннасць турысты дарылі шакалад, цукеркі — гэта было прыемна.

Вольга Прыступа, студэнтка чацвёртага курса філалагічнага факультэта БДУ з кірункам работы на ІІ Еўрапейскіх гульнях вызначылася хутка — «Спартыўны валанцёр».

— Уражанні ад работы ў камандзе валанцёраў самыя лепшыя. Я была адным з цім-лідараў — каардынатараў групы сваёй пазіцыі. Мне трэба было ведаць правілы і прынцыпы тых відаў спорту, з якімі мы сутыкаліся. Інтэнсіўнае навучанне да Гульняў пачалося задоўга да іх адкрыцця. Кожны дзень мы атрымлівалі заданні рознага фармату: відэаўрокі, тэсты, трэнінгі і майстар-класы. Больш за ўсё мне спадабалася тэставае мерапрыемства — кантынентальны кубак Еurореаn Judо Ореn. На той момант гэта былі першыя маштабныя спартыўныя спаборніцтвы ў маім жыцці. Акрамя таго, у валанцёрскім цэнтры кожны дзень праходзілі квэсты, віктарыны, конкурсы і квізы. Можна было затрымацца пасля змены і весела правесці свой час. Тым больш што сесію валанцёры «закрывалі» датэрмінова.

Дзяўчына дзеліцца, што рабочы дзень доўжыўся пяць-сем гадзін, бывала і больш, але час ішоў хутка. Пачуцця стомленасці не было, наадварот, выконвала пастаўленыя задачы суразмоўніца з задавальненнем:

— Усяго за два тыдні мы з іншымі валанцёрамі паспелі стаць сябрамі. Ва ўсіх былі энтузіязм у вачах і жаданне аддавацца рабоце на сто працэнтаў. Дарэчы, з некаторымі сустракаемся дагэтуль, прыемна чуць, з якой цеплынёй яны ўспамінаюць час, праведзены разам. Госці з замежжа таксама дзякавалі за нашу работу, нават па-беларуску!

Вольга па выніках работы таксама была ўзнагароджана граматай Міністэрства спорту і турызму.

Цікава, якую работу давяралі валанцёрам кірунку «Медыцынскае абслугоўванне»? Дарына Бондар, студэнтка чацвёртага курса БДМУ, расказала, што абавязкаў было нямала, але пазітыўных эмоцый — яшчэ больш:

— Адразу ведала, з чым магчыма прыйдзецца сутыкнуцца, бо работа звязана з будучай прафесіяй. Я была лідарам у камандзе з 45 чалавек, страх прысутнічаў толькі спачатку, далей не мела часу нават думаць пра гэта. Мы былі адказныя за прэпараты, інструменты, сачылі за тым, у якім фізічным стане знаходзяцца госці свята. Аказваць медыцынскую дапамогу без дазволу ўрача забаранялася, бо ў нас яшчэ няма патрэбнай кваліфікацыі. Лічу, што, прайшоўшы праз усё гэта, я стала зусім іншым чалавекам!

Для студэнта другога курса Аляксандра Багаткі, які вучыцца на факультэце радыёфізікі і камп`ютарных тэхналогій БДУ, вопыт валанцёрства — даўно знаёмая і любімая справа. Ёй пачаў займацца яшчэ ў школе, а зараз хлопец з`яўляецца каардынатарам добраахвотнікаў ва ўніверсітэце. Яшчэ да пачатку свята Аляксандр наведаў шмат тэставых мерапрыемстваў: самба, бокс, гімнастыка, еўрапейскі чэмпіянат па фігурным катанні ІSU-2019, а таксама дыпламатычныя брыфінгі. Дзякуючы адданасці, энтузіязму і шчырай цікавасці да работы хлопец стаў першым валанцёрам у гісторыі, які на закрыцці ІІ Еўрапейскіх гульняў уручаў медалі ад Міжнароднага алімпійскага камітэта. Звычайна гэта робяць прэзідэнты нацыянальных алімпійскіх камітэтаў і генеральныя сакратары:

— Я быў заўсёды гатовы дапамагчы, застаючыся прыязным і тактоўным да ўсіх гасцей, персанала і іншых валанцёраў. Шчыра кажучы, трохі нерваваўся, таму што гэта — першы раз у гісторыі Гульняў. Яны сталі выдатным вопытам, бо ўсё было добра арганізавана ў месцах правядзення матчаў, і ўсе замежнікі, з якімі я размаўляў, былі таксама вельмі шчаслівыя. Пратакол — мой кірунак на ІІ Еўрапейскіх гульнях. Я быў адказны за міжкультурныя і міжнацыянальныя стасункі. Ужо падчас работы на стадыёне «Дынама» зразумеў, што рашэнні давядзецца прымаць хутка — гэта матывавала станавіцца лепшым! На гульнях я сустрэў людзей розных прафесій: юрыст, фатограф, мастак, журналіст, і гэта было крута, бо ў паўсядзённасці бывае цяжка завесці размову з незнаёмымі, але цікавымі асобамі.

Дар`я Дрэвіла — студэнтка трэцяга курса машынабудаўнічага факультэта БНТУ. Кірунак для работы ў якасці валанцёра на ІІ Еўрапейскіх гульнях выбірала нядоўга. «Допінг-кантроль» — так гучыць пазіцыя, што прадугледжвае суправаджэнне спартсменаў на гэтую працэдуру, а таксама падтрыманне парадку на аб`ектах. У Дар`і іх было тры: Палац спорту, Вяслярны канал і Палова-арэна.

— За перыяд правядзеняя ІІ Еўрапейскіх гульняў мне пашчасціла наведаць шмат спаборніцтваў. З некаторымі спартсменамі, якіх я суправаджала на допінг-кантроль, былі цікавыя размовы. Галоўнай матывацыяй на такі вопыт для мяне стала англійская мова. Мне падабаецца яе вывучаць, але практыкі звычайна мала. Таксама я люблю спорт, кожны год імкнуся ўдзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах у якасці валанцёра — так папаўняю веды па асобным відзе спорту і атрымліваю безліч станоўчых эмоцый. Я — актыўны чалавек, таму і далей буду працягваць займацца валанцёрствам. Часам чую, што калі пачнеш — цяжка спыніцца. І гэта праўда!

Аўтар: Дар`я Шлапакова
Звязда, 5 верасня 2019
 
Дата публикации:05.09.2019
Тематика:Культура, Спорт и Туризм
Просмотров:277
 
Ключевые слова:
Волонтёры ІІ Европейские Игры Образование в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме