https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Марціньш Вірсіс: У Беларусі шыкоўны турыстычны патэнцыял


Пра тое, як развіваюцца адносіны паміж Латвіяй і нашай краінай, распавёў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Латвійскай Рэспублікі ў Беларусі Марціньш ВІРСІС.
— Ці бывалі вы ў нашай краіне да прызначэння кіраўніком дыпмісіі?

— Упершыню пабываў у Беларусі ў 1991 годзе, затым у 2010-ым. Калі параўноўваць нават з 2010 годам, бачны пазітыўныя змены ў развіцці Мінска і ўсёй краіны. Вельмі падцягнуліся абласныя цэнтры. Цяпер там не толькі фірменная беларуская чысціня, але і добрыя гатэлі, цікавыя кафэ. Адрэстаўраваныя гістарычныя цэнтры гарадоў. Засталося, каб туды прыехалі турысты, і не толькі з Латвіі, балазе, «бязвіз» спрашчае жыццё падарожнікам.

— Што можна сказаць пра аб`ёмы ўзаемных інвестыцый Беларусі і Латвіі? У якіх сферах супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі развіваецца найбольш паспяхова, а ў якіх вы бачыце нявыкарыстаны патэнцыял?

— Беларусь з`яўляецца для нас чацвёртым гандлёва-эканамічным партнёрам пасля Расіі, Кітая і ЗША па-за ЕС. Па стане на пачатак лютага ў Латвіі зарэгістраваны прыкладна 1100 прадпрыемстваў з беларускім капіталам, у якіх прадстаўлены практычна ўсе галіны эканомікі. У нас працуюць прадстаўніцтва «МТЗ-сэрвіс», «Белхарчпрам», даччынае прадпрыемства «Белнафтахіма» — ТАА «Ойл Лагістык», «Беліта», «Белвест трэйд» і іншыя. Паводле агульнага рэйтынгу, Беларусь сярод замежных інвестараў займае 28-е месца. Сумарна прамыя інвестыцыі склалі 90 млн еўра.

У Беларусі зарэгістраваны 650 прадпрыемстваў з латвійскім капіталам. Сярод самых паспяховых прыкладаў назаву супрацоўніцтва паміж найбуйнейшым фармацэўтычным прадпрыемствам Латвіі ды і ўсяго Балтыйскага рэгіёну — кампаніяй Olainfarm – і гродзенскай навукова-вытворчай кампаніяй «Біятэсты». Эфектыўна супрацоўнічаюць «Белавія» і AirBaltic, Латышская і Беларуская чыгункі. Транспарт, транзіт і лагістыка — гэта сферы супрацоўніцтва, якія  гістарычна склаліся паміж нашымі краінамі.

У мінулым годзе агульны таваразварот паміж Латвіяй і Беларуссю склаў больш за 540 млн еўра. У параўнанні з 2017 годам прырост склаў каля 30%, і спадзяюся, што мы не будзем зніжаць гэтыя тэмпы.

Што тычыцца патэнцыялу, то я бачу вялікія магчымасці ў такіх галінах, як машынабудаванне, IT-сфера і турызм.

— Калі ўжо загаварылі пра турызм, колькі ў мінулым годзе Пасольства Латвіі выдала віз беларусам? Ці часта былі адмовы?

— У 2018 годзе ў Пасольстве выдалі 33125 віз, у Віцебскім консульстве — 22577. Вядома, мы не можам супернічаць з Літвой і Польшчай. Вяртаючыся з дому ў Мінск праз Вільнюс, я бачу, якая колькасць аўтамабіляў там з беларускімі нумарамі. Усё ж такі Рыга на 300 км далей ад Мінска, чым Вільнюс, і гэта адчувальная адлегласць. Да таго ж у нас адсутнічае такі сегмент, як шоп-туры. Да нас беларусы едуць у туры выхаднога дня, папулярныя марскія круізы з Рыгі, прыхільнікі спорту прыязджаюць на матчы КХЛ і ў Сігулду на санна-бабслейную трасу і, вядома, адпачынак на моры.

Адмовы ў выдачы віз бываюць адзінкавымі і толькі пры наяўнасці сур`ёзнай падставы. Ёсць сувязны афіцэр нашай памежнай службы, які цесна супрацоўнічае з беларускімі калегамі, наладжаны абмен інфармацыяй. У выпадку якіх-небудзь сумненняў падчас праверкі дакументаў, пададзеных для атрымання візы, ёсць магчымасць пераправерыць даныя.

— Наколькі актыўна беларусы купляюць нерухомасць у Латвіі?

— Людзей, якія маюць магчымасць і жаданне купляць нерухомасць, у Латвіі прыцягвае Юрмала.

— Якраз на днях стала вядома, што беларуская бізнэс-ледзі купіла там раскошны дом за 6,35 млн еўра. Але адзін час у нас віселі білборды з прапановай набыць кватэру на рыжскім узбярэжжы па цане дачы.

— Магчыма, бум на куплю нерухомасці быў, калі ў нас упалі на яе цэны. Ведаю, што ў той час прыкладна 40 кватэр у Ліепаі купілі беларусы. У горадзе вызвалілася шмат жылля пасля вываду расійскіх войскаў. Прадавалася яно нядорага, і людзі палічылі, што ім выгадна купіць кватэру побач з морам. Клімат становіцца цяплейшым, адпаведна, пляжны сезон доўжыцца ўжо больш за месяц.

— Спадар пасол, ці задаволеныя вы тым, як развіваецца супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі нашых краін?

— Лічу, што гэта адзін з самых паспяховых напрамкаў. Наша консульства ў Віцебску функцыянавала нават у 20-я-30-я гады мінулага стагоддзя. І цяпер актыўна працуе. У канцы мінулага года мы адкрылі ганаровае консульства ў Магілёве. У Латвіі і Беларусі 36 пар гарадоў-пабрацімаў, якія ўстанавілі трывалыя сяброўскія сувязі. Вялікую карысць прыносіць супрацоўніцтва на ўзроўні мясцовай улады, жыхары малых гарадоў і нават вёсак уцягнутыя ў рознага роду праекты. З 1999 года дзейнічае Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мінгарвыканкамам і Рыжскай думай. Дабрасуседскія стасункі паміж дзяржавамі немагчымыя без добрых чалавечых кантактаў паміж жыхарамі дзвюх краін. Гэтаму спрыяе і дзеючая з 2014 года дамова аб малым памежным руху паміж Латвіяй і Беларуссю, што спрашчае перамяшчэнне жыхароў пэўных рэгіёнаў.

—  Паводле даных апошняга перапісу насельніцтва, у Беларусі пражывае каля трох тысяч латвійцаў. А колькі беларусаў жыве ў Латвіі?

— У нас адна з самых вялікіх беларускіх дыяспар — звыш 66 тысяч чалавек. Гэта людзі, якія лічаць сябе беларусамі, незалежна ад грамадзянства. Зараз у Латвіі афіцыйна пражываюць тры тысячы грамадзян Беларусі: хтосьці з іх прыехаў на працу, хтосьці вучыцца.

— Духі «Дзінтарс», рыжскі бальзам, хакейнае «Дынама», Райманд Паулс і фільмы Рыжскай кінастудыі — з гэтым асацыюецца Латвія нават у тых, хто ніколі не наведваў краіну. А для вас якія нашы брэнды — сінонімы Беларусі?

— Думаю, у кожнага свае брэнды-сінонімы. Людзі майго пакалення памятаюць «Песняроў». Я цікаўлюся гульнёй мінскага хакейнага «Дынама». Белавежская пушча, мяркую, не толькі ў латвійцаў асацыюецца з Беларуссю. У нас ведаюць пра замкі ў Нясвіжы і Міры.

Мне давялося пабываць на многіх беларускіх прадпрыемствах. Вельмі моцнае ўражанне пакінула наведванне БелАЗу, і гэты магутны аўтамабіль — таксама адзін з сімвалаў вашай краіны.

Але і маладыя прадпрыемствы, іх прадукцыя таксама заваёўваюць папулярнасць, напрыклад, «Савушкін прадукт».

— Ці цікава вам падарожнічаць па Беларусі і дзе ўжо паспелі пабываць? Можа, нейкія месцы рэкамендавалі б сваім сябрам?

— У Беларусі найбагацейшая гісторыя, а падзеі і людзі, якія нарадзіліся тут, уплывалі і на ход сусветнай гісторыі, культуры, таму ў краіны шыкоўны турыстычны патэнцыял. Рэкамендаваў бы акрамя Мінска наведаць абласныя цэнтры. У кожнага горада – свой шарм: Віцебск — гэта такі класіцызм царскага часу, зусім іншы Магілёў, і ніколькі не падобны да іх Гродна. Ды і ў малых гарадах ёсць цікавыя помнікі архітэктуры і гісторыі. Тут кожны можа знайсці тое, што яму цікава.

— Якія сувеніры з нашай краіны просяць прывезці сябры?

— Яны не просяць, я сам прывожу. Купляю вельмі сімпатычныя вырабы з саломкі, альбомы па мастацтве. Абавязкова – шакалад «Спартак». Брат часам просіць асаблівы прэзент — што-небудзь з фірмовых беларускіх настоек.

— Як бавіце вольны час?

— Люблю пешыя павольныя прагулкі. Асабліва прыемна бываць у двух выдатных парках — Чалюскінцаў і Горкага. Знаходжу час і для самаадукацыі. Маё захапленне – гэта кніжныя крамы, люблю там бываць і заўсёды раблю пакупкі. Не адмаўляючы інтэрнэт, па-ранейшаму найважнейшай крыніцай ведаў лічу кнігу. Зазіраю ў аддзелы антыкварнай кнігі ў букіністычных крамах, адзін з іх у крокавай даступнасці ад Пасольства. Наведваю канцэрты, бываю ў тэатрах — можна сказаць, вольны час баўлю гэтак жа, як і дома ў Латвіі.

Аўтар: Аксана Яноўская
Звязда, 5 сакавіка 2019
 
Дата публикации:05.03.2019
Тематика:Бизнес, Спорт и Туризм
Просмотров:344
 
Ключевые слова:
Туризм в Беларуси Латвия Недвижимость Визовый режим
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме