У мінулым годзе Міністэрствам спорту і турызму была падпісана пастанова аб развіцці найбольш прыярытэтных відаў турызму. З 13 відаў, якія ўвайшлі ў адзіную класіфікацыю, адным з тых, якім надаецца асаблівая ўвага, з’яўляецца адукацыйны. З мэтай яго папулярызацыі і далейшага развіцця бягучы год пачаўся менавіта з месяца адукацыйнага турызму. Сярод мерапрыемстваў, якія запланаваны на гэты час — арганізацыя экскурсій, пазакласных мерапрыемстваў, наведванні школьнікамі і студэнтамі музеяў, устаноў культуры і знакавых мясцін, якія звязаныя з гісторыка-культурнай спадчынай і падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, правядзенне конкурсаў фатаграфій, відыяролікаў і блогаў, прысвечаных турыстычным аб’ектам рэгіёнаў.
Як заўважыла кансультант аддзела планавання і арганізацыі турысцкай дзейнасці Дэпартамента па турызму Міністэрства спорта і турызму Рэспублікі Беларусь Марына Масташова за апошнія гады значна вырасла колькасць юных падарожнікаў. Школьнікі і студэнты едуць у мясціны, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны і не толькі. Усё часцей іх можна сустрэць на маршрутах, якія ўключаюць наведванне аб’ектаў, якія ўваходзяць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў.
Натуральна, любое падарожжа звязана з пашырэннем ведаў, засваеннем новай інфармацыі, якая датычыцца гісторыі і культуры нашай краіны, і як тут вызначыць, якія экскурсіі можна аднесці менавіта да адукацыйнага турызму?
Як падказаў дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызму Дзмітрый Марозаў, галоўнае, каб такія маршруты дапаўнялі вучэбную праграму. Таму і візіт на прадпрыемства, напрыклад, навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў, падчас якога яны могуць больш даведацца пра будучую прафесію, на ўласныя вочы ўбачыць вытворчы працэс, таксама можна аднесці да адукацыйнага турызму.
Дарэчы, на базе Нацыянальнага агенцтва па тырызму праводзяцца маркетынгавыя даследванні, якія звязаны з вывучэннем турыстычнага патэнцыялу краіны, уключэнню ў маршруты новых аб’ектаў і мясцін памяці. Падчас такіх даследванняў робіцца акцэнт на тым, як пэўныя мясціны, помнікі, гістарычныя і культурныя аб’екты, інфармацыю, з імі звязаную, можна выкарыстоўваць у навучальных мэтах, інтэграваць ў школьныя праграмы.
Турызм — бязмежная крыніца адкрыццяў для юных падарожнікаў. Пастаянна з’яўляецца новы матэрыял — распрацоўваюцца маршруты, праходзіць рэстаўрацыя помнікаў, адкрываюцца музейныя экспазіцыі.
Толькі за мінулы год праведзена больш за 30 рэспубліканскіх праектаў, скіраваных на развіццё адукацыйнага турызму, у якіх узялі ўдзел больш за 500 тысяч чалавек. Адукацыйны турызм — адзін з важных рэсурсаў у фарміраванні патрыятызму ў дзяцей і моладзі. Нацыянальны інстытут развіццця адукацыі стварыў і перыядычна абнаўляе пералік экскурсійных аб’ектаў і турысцкіх маршрутаў, рэкамендаваных для наведвання навучэнцамі ў час правядзення вучэбных і факультатыўных заняткаў, выхаваўчых мерапыемстваў з улікам зместу вучэбных праграм па пэўных прадметах. Інфармацыю пра маршруты можна знайсці і на сайце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Новыя інфармацыйныя рэсурсы, зборнікі адукацыйных экскурсійных маршрутаў ствараюцца ў рэгіёнах.
Шэраг рэспубліканскіх праектаў накіраваны на тое, каб прывіць любоў да падарожжаў і адкрыццяў у хлопчыкаў і дзяўчынак. Так, з 2021 года праходзіць усебеларуская моладзевая экспедыцыя «Маршрутамі памяці — маршрутамі адзінства», да якой з кожным годам падключаецца усё больш экскурсійных груп. Дзеці не толькі падароджнічаюць па гатовых маршрутах, але і распрацоўваюць свае экскурсіі, вядуць дзённікі падарожнікаў, здымаюць ролікі.
Сёння ва ўстановах адукацыі маецца каля паўтары тысячы музеяў, створана больш за тры тысячы музейных экспазіцый. Пазнаёміцца з імі будзе цікава, як навучэнцам пэўнай установы, так і юным падарожнікам, якія прыехалі з іншых рэгіёнаў. Як паведаміла дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Ануфровіч, сёння вядзецца работа па стварэнні інтэрактыўнай карты, на якую будзе нанесена інфармацыя пра школьныя музеі.
Запатрабаваны адукацыйны турызм і замежнымі хлопцамі і дзяўчатамі. Ствараюцца трансгранічныя маршруты. Напрыклад, адзін з іх, прысвечаны выкарыстанню ў гады вайны артылерыйскай устаноўкі «Кацюша». Ён пачынаецца ў Беларусі каля Оршы і далей працягваецца ўжо па Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Асобна была распрацавана экскурсія для гасцей з Азербайджана. Ураджэнцы гэтай рэспублікі ваявалі на беларускай зямлі. Сярод іх быў і першы ваенны лётчык Азербайджана Фарух Гаібаў. Ён загінуў у паветраным баі пад вёскай Баруны Гродзенскай вобласці. На гэтым месцы ўсталяваны помнік.
У дапаўненне да вучэбных праграм для замежных студэнтаў, якія атрымліваюць адукацыю у Беларусі, распрацаваны маршруты, якія дазваляюць ім пазнаёміцца з культурай нашай краіны і атрымаць дадатковую інфармацыю па дысцыплінах, якія яны вывучаюць.
Цэнтрам міжнародных сувязяў распрацаваны ўнікальны праект «Адукацыйная карта Беларусі», пра што паведаміў дырэктар гэтай установы Аляксандр Самуйліч. У рамках праекта правозяцца азнаямленчыя туры для замежных абітурыентаў, іх бацькоў, прадстаўнікоў адукацыйных устаноў і турыстычных фірм. Гэта выдатная магчымасць атрымаць уяўленні пра якасць беларускай адукацыі, арганізацыю вучэбнага працэсу, умовы пражывання, культуру і гістарычную спадчыну нашай краіны, наведаць ВНУ. Такія туры карыстаюцца папулярнасцю ў кітайскай моладзі, шмат прыязджае абітурыентаў з блізкага і сярэдняга ўсходу, постсавецкіх краін.
Цэнтр міжнародных сувязяў шмат робіць для распаўсюджвання інфармацыі пра адукацыйны і патрыятычны патэнцыял нашай краіны. Ён прадстаўляў нашу краіну на міжнародных адукацыйных выстаўках у Арменні, Расіі, Казахстане, Егіпце, Узбекістане, Індыі, Кітаі, Туркменістане.
Аўтар: Алена Дзядзюля
Звязда, 4 лютага 2024
Звязда, 4 лютага 2024