Днём 19 мая на штогадовым кангрэсе IIHF у Кёльне было вырашана, што сусветнае першынство пройдзе ў дзвюх краінах — Беларусі і Латвіі. Канкурэнтам беларуска-латвійскай заяўкі была заяўка Фінляндыі.
Паводле слоў Фазеля, выбар на карысць Мінска і Рыгі кажа пра тое, "якую сур`ёзную працу правялі федэрацыі хакея Беларусі і Латвіі, як добра яны папрацавалі".
"Тое, што адбылося сёння, — вялікае прызнанне беларускага хакея і беларускай федэрацыі як вельмі моцнага гульца на міжнароднай арэне", — адзначыў намеснік старшыні Федэрацыі хакея Беларусі, член Савета IIHF Сяргей Ганчароў.
Ён падкрэсліў: "Гэта вялікая перамога, якая не была б магчымай без нашай каманды, і ў першую чаргу без старшыні Федэрацыі хакея Беларусі Ігара Рачкоўскага". "Менавіта Рачкоўскі прасоўваў гэтую ідэю, менавіта ён ў 2014 годзе вярнуў мяне ў Беларусь, і мы пачалі працу па падрыхтоўцы заяўкі на правядзенне чэмпіянату свету. За кулісамі гэтай велізарнай працы стаіць вялікая колькасць людзей, якія таксама заслугоўваюць асобных слоў падзякі", — сказаў Ганчароў .
Сам кіраўнік федэрацыі хакея Беларусі лічыць, што "вынікі галасавання атрымаліся па-сапраўднаму фантастычнымі". "Фіны нават не сумняваліся, што яны выйграюць. Але цяпер я ўжо магу адкрыта сказаць, што мы свядома гулялі другім нумарам, паколькі разумелі, што так у нас больш шанцаў выйсці ў контратаку, кажучы хакейнай мовай. Вельмі прыемна, што ў Кёльн нас прыехалі падтрымаць сябры з усяго свету, у прыватнасці Сяргей Бубка, гэта таксама ў некаторай ступені паўплывала на сённяшні вынік. Гэта сведчыць аб пазітыўным стаўленні дэлегатаў і сусветнай спартыўнай супольнасці да нашай краіны", — падсумаваў Ігар Рачкоўскі.
Аляксандр Ванковіч, БелаПАН
Мінск, 19 мая 2017
Мінск, 19 мая 2017