Беларускі біятланіст Антон Смольскі перамог у спрынце трэцяга этапу Кубка Садружнасці, які прымаюць беларускія Раўбічы.
Смольскі пераадолеў дыстанцыю за 23 хвіліны і 58,4 секунды, не дапусціўшы ніводнага промаху на агнявых рубяжах.
Другім у спрынце фінішаваў біятланіст з Расіі Аляксандр Корнеў. Ён таксама не прамахнуўся на агнявых рубяжах, аднак "прывёз" пераможцу гонкі 24,1 секунды.
Трэцім у спрынце стаў яшчэ адзін расіянін – Аляксандр Логінаў (51,3 секунды і без промахаў).
Сёння – першы дзень трэцяга этапу Кубка Садружнасці па біятлоне, які праходзіць у спарткомплексе "Раўбічы" пад Мінскам. Акрамя мужчынскай спрынтарскай гонкі сёння пройдзе яшчэ і жаночы спрынт.
У другі дзень спаборніцтваў пройдуць мужчынскі і жаночы пасьюты. Завершыцца трэці этап 7 студзеня мужчынскім і жаночым мас-стартамі.
Кубак Садружнасці праводзіцца ва ўмовах адхілення беларускіх і расійскіх біятланістаў ад сусветных стартаў. Першы этап кубкавага першынства адбыўся ў верасні ў Сочы, другі прайшоў у снежні ва Уфе, трэці запланаваны ў беларускіх Раўбічах у пачатку студзеня, чацвёрты – у красавіку ў Мурманску.