"Памятайце, што вашы высокія вынікі — гэта пазітыўны імідж Беларусі і паказчык яе паспяховага развіцця. Для беларускіх атлетаў гэтыя гульні стануць самым важным экзаменам чатырохгоддзя. Наша дзяржава зрабіла ўсё неабходнае, каб вы мелі магчымасць спакойна падрыхтавацца і годна выступіць на гэтых спаборніцтвах", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.
Кошт алімпійскай медалі заўсёды быў высокі, адзначыў Лукашэнка, "і сёння тым больш". "Паглядзіце, як да мяжы абвастрылася канкурэнтная барацьба. Часта выкарыстоўваюцца неспартыўныя метады націску на асобных атлетаў і цэлыя краіны. Ужо не выклікаюць здзіўлення скандалы, гучныя выкрыцці, перагляд вынікаў спаборніцтваў, што даўно адышлі ў гісторыю. Вы ўсё гэта бачыце самі, разумееце, упэўнены, перажываеце. У Рыа ўмовы для спаборніцтваў будуць няпростымі, можа быць, цяжкімі. Упэўнены, вы справіцеся з гэтым каласальным напружаннем і пакажаце годны вынік", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што атлетаў будуць падтрымліваць не толькі блізкія людзі, але і ўся краіна: "Вы лепш за іншых адчуваеце, наколькі важныя вашыя перамогі для ўсіх беларусаў".
Гэтым разам, паводле слоў Лукашэнкі, спартсменам не давалі медальных планаў. Разам з тым "краіна мае права чакаць ад кожнага поўнай канцэнтрацыі і самааддачы на мяжы чалавечых магчымасцяў", дадаў ён. "Мы ўсе чакаем вашых перамог. Наша каманда — гэта арганічны сплаў маладосці і досведу. Для адных гэта першая ў жыцці Алімпіяда, але шмат хто ўжо выступалі на галоўных гульнях чатырохгоддзя", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Асобна ён падзякаваў беларускім баскетбалісткам, дзякуючы якім на Алімпійскіх гульнях 2016 года Беларусь зноў будзе прадстаўленая ў гульнявых камандных відах спорту. "Думаю, што мужыкам трэба раўняцца на нашых дзяўчат", — сказаў Лукашэнка.
"Мы спадзяемся на перамогі беларускіх атлетаў. Вы акуняцеся ў мора любові і ўвагі з боку нашых ўдзячных балельшчыкаў. Не менш важна, што і дзяржава па заслугах ацэніць кожны паспяховы ваш выступ. Я буду вельмі рады, калі гэтая Алімпіяда дасць нам падставу гэтак жа ўрачыста, перад усім народам, падвесці яе вынікі і ўручыць заслужаныя ўзнагароды ўсім, хто куе алімпійскую славу краіны", — рэзюмаваў Лукашэнка.
Ён уручыў Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь капітану беларускай спартыўнай дэлегацыі на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра Аляксандру Багдановічу (вясляр на каноэ), а той у сваю чаргу — сцяганосцу беларускай спартыўнай дэлегацыі Сяргею Мартынаву (стральба з вінтоўкі).
Члены нацыянальнай каманды Беларусі па мастацкай гімнастыцы Меліціна Станюта і Кацярына Галкіна ўручылі Аляксандру Лукашэнку памятны сувенір — набор значкоў з піктаграмамі відаў спорту, у якіх беларускія спартсмены заваявалі алімпійскія ліцэнзіі.
У Палацы Незалежнасці кіраўнік дзяржавы ўручыў ордэн Пашаны спартсмену-інструктару нацыянальнай каманды Беларусі па тэнісе Максіму Мірнаму за вялікі асабісты ўнёсак у развіццё спорту, а таксама дасягненне высокіх спартыўных вынікаў на Алімпіядзе ў Лондане ў 2012 годзе.
Летнія Алімпійскія гульні ў Бразіліі пройдуць з 5 па 21 жніўня.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 12 ліпеня 2016
Мінск, 12 ліпеня 2016