Міжурадавае пагадненне аб адмене віз паміж Беларуссю і Ізраілем было падпісана 19 верасня 2014 года. Беларускі бок поўнасцю выканаў усе прадугледжаныя ўнутрыдзяржаўныя працэдуры. Затрымка ратыфікацыі звязана з правядзеннем у Ізраілі датэрміновых парламенцкіх выбараў 17 сакавіка.
У межах пагаднення грамадзянін адной краіны зможа заехаць на тэрыторыю іншай краіны па нацыянальным пашпарце без неабходнасці ў візе. Знаходжанне на тэрыторыі іншай дзяржавы без візы не павінна перавышаць 90 дзён на працягу паўгода з даты ўезду.
Пагадненне падпісана тэрмінам на адзін год і будзе прадаўжацца аўтаматычна да таго часу, пакуль адзін з бакоў не паведаміць іншаму пра жаданне выйсці з пагаднення.
Адмена віз набудзе моц праз 90 дзён пасля абмену дыпламатычнымі граматамі аб завяршэнні працэдур ратыфікацыі пагаднення ў абедзвюх краінах.
Дэпутат Кнесета ад партыі "Наш дом Ізраіль" Софа Ландвер, якая з`яўляецца сустаршынёй міжпарламенцкай асацыяцыі дружбы "Ізраіль-Беларусь", вітала зацвярджэнне ўрадам бязвізавага рэжыму паміж дзвюма краінамі, паведамляе newsru.co.il.
Софа Ландвер, у якасці міністра аліі і абсорбцыі, якая падпісала ў верасні мінулага года ад імя Ізраіля пагадненне аб адмене віз падчас сустрэчы з кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Беларусі Уладзімірам Макеем, адзначыла, што гэта радасная навіна для ўсіх рэпатрыянтаў, якія змогуць без лішніх бюракратычных перашкод і выдаткаў наведаць родныя мясціны, з`ездзіць у Беларусь для адпачынку ці па справах бізнесу.
"Нягледзячы на тое, што НДІ знаходзіцца ў апазіцыі, мы эфектыўна працуем, адстойваючы інтарэсы Ізраіля і выконваючы абавязацельствы перад нашымі выбаршчыкамі", — заявіла Ландвер. "Адмена віз будзе спрыяць развіццю двухбаковых адносін паміж Ізраілем і Беларуссю, што мае вялікае значэнне не толькі для супрацоўніцтва ў эканамічнай галіне, але і для збліжэння паміж народамі дзвюх краін", — дадала яна.
Дэпутат ад НДІ раскрытыкавала рашэнне прэм`ер-міністра закрыць пасольства ў Мінску. "Гэта "эканомія на запалках", у час пахаладання адносін Ізраіля з сусветнай супольнасцю, нанясе несумненны ўрон нашай краіне", — падкрэсліла Софа Ландвер.
4 жніўня на пасяджэнні ўрада Ізраіля была падтрымана прапанова прэм`ер-міністра Біньяміна Нетаньяху аб ліквідацыі васьмі дыпламатычных прадстаўніцтваў у сувязі са скарачэннем выдаткаў, у тым ліку пасольства ў Беларусі.
Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 16 жніўня 2015
Мінск, 16 жніўня 2015