З 22 па 29 сакавіка турыстычны цэнтр БЧ прапануе некалькі аднадзённых і трохдзённых экскурсійных праграм для дзяцей. "Атрымаць новыя яркія ўражанні можна цэлым класам. Школьнікаў запрашаюць прыняць удзел у традыцыйных забавах "Гукання вясны", акунуцца ў атмасферу рыцарскага турніру часоў сярэдневяковай Беларусі, навучыцца каўбойскім танцам у коннай сядзібе, на свае вочы ўбачыць рэканструкцыю партызанскага лагера і ваенна-гістарычны комплекс пагранзаставы Мінскага ўмацаванага раёна", - адзначылі спецыялісты, гаворачы аб аднадзённых экскурсіях.
Для аматараў больш працяглых паездак распрацаваны трохдзённыя праграмы "Дзіўная Беларусь" з агляднай экскурсіяй па Мінску, наведваннем мемарыяльнага комплексу Хатынь і новага музея Вялікай Айчыннай вайны, Мірскага замка і палацава-паркавага комплексу ў Нясвіжы, а таксама мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" і нацыянальнага парку "Белавежская пушча".
4 сакавіка 2015, Мінск
БЕЛТА