У складзе беларускай каманды ў класе PR3 спаборнічалі Андрэй Галаўкоў, Арцём Салаўёў, Павел Лысенка і Герман Сафонаў. Набраныя імі 17 ачкоў пры праходжанні першага этапу і 11 ачкоў у ходзе другога дазвалялі быць цвёрда ўпэўненымі ў перадавых пазіцыях.
Якое ж было здзіўленне і беларускіх спартсменаў, і членаў каманд — галоўных сапернікаў нашай зборнай, расказвае спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Беларускай федэрацыі водна-маторнага спорту Вера Сяўкоўская, калі суддзі пачалі аб`яўляць занятыя камандамі месцы і ўручаць медалі Міжнароднага водна-маторнага саюза (UIM) камандам, якія зусім не вызначыліся на дыстанцыі. Рэакцыя была настолькі бурнай, што прадстаўнікі каманд пакінулі ўрачыстую частку, што называецца, "па-англійску", а прадстаўнікі расійскай каманды "Дыксіка" публічна заявілі пра закрыццё свайго праекта Endurance Pneumatic.
Пасля гарачых дэбатаў і разбораў судзейскі корпус чэмпіянату прызнаў сваю памылку, а дакладней, памылку праграмы падліку балаў, і прадставіў рэальныя вынікі. Згодна з імі беларусы занялі законнае месца на п`едэстале і атрымалі бронзавыя медалі. Серабро ўзяла "Дыксіка", золата — каманда Harley Davidson Moscow з Расіі.
БелаПАН, 19 жніўня 2014